Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Экс-старшыня Службы зьнешняй выведкі Ўкраіны: Трэба аб’яднаць намаганьні з беларускімі патрыётамі

09.02.2020 политика
Экс-старшыня Службы зьнешняй выведкі Ўкраіны: Трэба аб’яднаць намаганьні з беларускімі патрыётамі

У Кіеўскай радзе адбылася дыскусія пра гібрыдную вайну Расеі супраць Беларусі.

Лідэр усеўкраінскага аб’яднаньня «Свабода» Алег Цягнібок заклікае палітычных і грамадзкіх актывістаў Беларусі і Ўкраіны ініцыяваць пытаньне аб вяртаньні Беларускай праваслаўнай царквы ў Кіеўскую мітраполію, перадае «Радыё Свабода».

З такой прапановай Алег Цягнібок выступіў у Кіеве на міжнароднай экспэртнай дыскусіі «Гібрыдная вайна Расейскай Фэдэрацыі супраць Беларусі», арганізаванай украінскім недзяржаўным аналітычным цэнтрам «Украінскія студыі стратэгічных дасьледаваньняў» і Рухам салідарнасьці «Разам».

«Расея выкарыстоўвае ўвесь арсэнал сродкаў — ад эканамічнай вайны і гуманітарнага ўплыву, асабліва ў мэдыя-прасторы, да спэцыяльных апэрацый. На прыкладзе Беларусі мы можам яшчэ раз вывучыць альгарытмы расейскай агрэсіі і спыніць Маскву на паўночным флянгу. Мусім дзейнічаць на апярэджваньне. Так, на рэлігійным адрэзку мы павінны ўзьняць пытаньне аб вяртаньні аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царкве, якая гістарычна ўваходзіла ў склад Кіеўскай мітраполіі», — заявіў Алег Цягнібок.

У прэсавай службе Праваслаўнай царквы Ўкраіны не змаглі адказаць на пытаньне Свабоды аб магчымым дыялёгу з Беларускай праваслаўнай царквой. «Царква ня можа камэнтаваць выказваньні палітыкаў. Гэта думка, выказаная спадаром Цягнібокам».

Алег Цягнібок таксама лічыць, што ключавым момантам агульнай бясьпекі для Ўкраіны і Беларусі ёсьць стварэньне эфэктыўнага Балта-Чарнаморскага саюзу паводле прынцыпу «поўнач-поўдзень».

«Менавіта таму Масква рукамі кантраляваных беларускіх элітаў намагаецца не дапусьціць збліжэньня нашых народаў. Безь Беларусі ня будзе міру ні для Ўкраіны, ні для дзяржаў Балтыі. Толькі вярнуўшы Менск у наш лягер, мы зможам пабудаваць Балта-Чарнаморскі саюз, які стане сапраўднай процівагай імпэрскім амбіцыям Масквы», — перакананы Алег Цягнібок.

У сваю чаргу былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны зьвярнуў увагу на тое, што сёлета ў рамках эканамічнага форуму ў Давосе адбылася дыскусія «ад мора да мора», на якую нават не запрасілі прадстаўнікоў Украіны, краін Балтыі і Беларусі.

«Канфэрэнцыя у Давосе аб краінах Міжмор’я, ініцыяваная польскімі палітыкамі, была закрытай. Гэта сьведчыць пра тое, што Эўропа сваім хітаньнем недзе на 3-5 гадоў спазьняецца ў рэакцыі на агрэсіўную палітыку Расеі. На жаль, і сёньняшняе палітычнае кіраўніцтва Ўкраіны не ўсьведамляе гэтую праблему. А гэта азначае, што ўвесь цяжар у супрацьстаяньні расейскай агрэсіі, якая будзе нарастаць, ускладаецца на грамадзтва», — адзначыў Раман Бясьсьмертны.

Дыплямат лічыць недарэчным выкарыстоўваць тэрмін «гібрыдная вайна» у дачыненьні да палітыкі Расеі на постсавецкай і эўрапейскай прасторы:

«Гэта бязглузьдзіца. Ідзе вайна, абвешчаная расейскім прэзыдэнтам Пуціным і расейскаю ваеншчынаю супраць цывілізаванага сьвету. Вайна з выкарыстаньнем усіх сучасных інструмэнтаў, уключаючы інфармацыйныя тэхналёгіі. Галоўная мэта — адраджэньне імпэрыі. Ёсьць ідэя зьнішчэньня Беларусі і Ўкраіны як дзяржаў, і на гэта скіраваныя абсалютна ўсе рэсурсы».

Раман Бясьсьмертны прапанаваў стварыць супольны польска-літоўска-беларуска-ўкраінскі інфармацыйны партал: «Калі цяпер паглядзець, што пішуць СМІ Ўкраіны ці Беларусі, такое ўражаньне, што паміж Менскам і Кіевам ня 600 кілямэтраў, а 10 тысяч. Не хапае нават апэратыўнай інфармацыі аб сытуацыях у краінах».

На думку Віктара Гвазьдзя, які у 2014-2016 гадах ачольваў Службу зьнешняй выведкі Ўкраіны, а цяпер узначальвае незалежны аналітычны цэнтар «Борисфен Інтел», Беларусь і Ўкраіна мусяць аб’яднаць намаганьні ў барацьбе з расейскай экспансіяй:

«Асноўнымі напрамкамі такой працы могуць быць і абмен інфармацыяй аб формах і мэтадах гібрыднай вайны Расеі і каардынацыя захадаў супрацьдзеяньня ёй. Можа быць створаная супольная працоўная група высокага ўзроўню, але пакуль мы бачым, што наша ўлада ставіцца да гэтага недастаткова ініцыятыўна, то такую працу патрэбна пачаць на ўзроўні грамадзкіх арганізацый, палітыкаў і асобных палітычных сілаў».

Віктар Гвозьдзь таксама перакананы, што Ўкраіна мусіць падтрымліваць Беларусь у яе дачыненьнях з заходнімі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі, выкарыстоўваючы свае двухбаковыя кантакты з ЗША і Эўразьвязам. Асобна экспэрт спыніўся на неабходнасьці «дапамогі Беларусі з боку Ўкраіны для зьмяншэньня эканамічнай і энэргетычнай залежнасьці ад Расеі, у тым ліку праз арганізацыю паставак нафты на беларускія НПЗ праз украінскія парты».

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]