Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

«Гэтая зараза страшнейшая за радыяцыю»

26.04.2020 общество
«Гэтая зараза страшнейшая за радыяцыю»

Як у Чарнобыльскай зоне рэагуюць на эпідэмію каранавірусу.

Брагінскі і Хойніцкі раёны найбольш пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сёньня сюды даходзяць трывожныя чуткі пра новую заразу — каранавірус. Як да пандэміі ставяцца жыхары зоны адчужэньня, спраўдзілі карэспандэнты «Радыё Свабода». Афіцыйна пра выпадкі заражэньня каранавірусам у Брагіне ці Хвойніках не паведамляецца.

Ладная частка раёнаў — зона адчужэньня. Пакінутыя жыхарамі вёскі ўвайшлі ў склад Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку. Знаходзіцца тут забаронена. Толькі на Радаўніцу шлягбаумы зоны адчыняюцца, каб прапусьціць людзей на магілы блізкіх.

Звычайна наведваць могілкі пачынаюць з суботы і працягваюць па аўторак.

Фото: «Радыё Свабода»

«Сёньня вы трэція за дзень. Раней значна больш было аўтамабіляў. Ня толькі каранавірус прычына. Межы ж закрытыя! Людзі ў мінулыя гады ехалі сюды з Расеі і Ўкраіны», — тлумачаць на КПП «Бабчын» і папярэджваюць, што Зону мы мусім пакінуць да 17.00. Вогнішчы не паліць, ад маршруту не адхіляцца. «І яшчэ цяпер у зоне шмат гадзюк, зважайце», — раяць супрацоўнікі запаведніку.

Едзем праз выселеныя вёскі. Дронькі. Арэвічы. Пагоннае. Уласы. Ніводнага чалавека ні ў былых вёсках, ні на могілках.

Фото: «Радыё Свабода»

«Баяцца трэба пакараньня за зло, а каранавірусу — асьцерагацца»

Толькі ў Радзіне — адзінокая постаць на могілках. Анатоль прыехаў з Бабруйску прыбраць магілы блізкіх людзей. І ня толькі сваіх.

«Мяне дэлегавалі тут прыбраць і прыглядзець. Людзі не паехалі — далі заданьне пакласьці кветкі на розныя магілы, сфатаграфаваць іх. Мінулыя гады я абавязкова прыводзіў маці і сваякоў на радзіму. Сёлета вырашылі паберагчы сталых людзей.

У нас была традыцыя. Наведвалі могілкі — потым накрывалі стол ля нашай хаты. І пасьля тата казаў: „Нікуды я адсюль не паеду“, мы пачыналі яго ўгаворваць. Так — штогод. Цяпер я ня ведаю, колькі людзей прыедзе на Радаўніцу. Некаторыя зьбіраліся ў панядзелак. Але наўрад ці будзе шмат людзей», — распавядае Анатоль.

Фото: «Радыё Свабода»

Ён ня хоча фатаграфавацца, жартуе, што добра вядомы ў розных колах.

Наконт каранавірусу ён разважае так: «Баяцца трэба толькі пакараньня за зло, якое ты робіш. А ўсяго астатняга трэба асьцерагацца. Вось і каранавірус — яго трэба асьцерагацца, а не баяцца».

Фото: «Радыё Свабода»

Праехаўшы зону адчужэньня, так і не сустрэлі больш жывой душы, калі не лічыць ласёў, зайцоў і курапатак.

«Ад радыяцыі столькі людзей ня гінула, як ад гэтай заразы»

У выселенай пасьля аварыі на ЧАЭС вёсцы Савічы і цяпер жывуць людзі.

80-гадовая Кацярына Чачко пасьля выбуху на станцыі выяжджала жыць у Акцябрскі раён. «Не прыжылася там», — кажа пэнсіянэрка. Вярнулася дахаты. Цяпер у Савічах засталося пяць жылых хат. Кацярына Маркаўна жыве адна.

Фото: «Радыё Свабода»

«Ня страшна мне, каго баяцца? Вялікдзень нядаўна сьвяткавалі. Прыйшлі да мяне такія, як я, старыя, ды ў карты гулялі. Звычайна сьвяцілі велікодныя булкі і яйкі. Сёлета — не», — кажа жыхарка Савічаў.

Звычайна ў гэты красавіцкі час яе штогод наведваюць італьянцы з дабрачынных арганізацый.

Фото: «Радыё Свабода»

«Летась ну столькі ўжо ўсяго навезьлі! Мяхі ўсяго чыста! І ўнукаў маіх з Хракавічаў забіралі ў Італію на аздараўленьне. Сёлета — не прыедуць. Страх што робіцца ў той Італіі. Ды і ў нас. І я баюся на той каранавірус захварэць. Ён жа нападае на такіх старых, як я. Добра, што ў нас тут ніхто ня ходзіць, чужых няма. І я нікуды не хаджу — аўталаўка пад хату прыяжджае.

Гэтая зараза страшнейшая за Чарнобыль. Колькі ўжо людзей памерла ад яе! Мне здаецца, калі радыяцыя была, дык так шмат людзі ня гінула. Гляджу тэлевізар — і беларускія, і ўкраінскія каналы, толькі пра той каранавірус і гавораць, аж у вушах зьвініць», — разважае Кацярына Маркаўна.

Фото: «Радыё Свабода»

«Каранавірус страшнейшы за радыяцыю»

Ля вясковай крамы ў вёсцы Двор-Савічы размаўляем зь мясцовымі пра новы «выклік часу».

«Каранавірус страшнейшы за радыяцыю. Ад яго няма лекаў. Мы-то ведаем, што такое радыяцыя і чым можна захварэць. У мяне маці і тата памерлі ад раку. Ад гэтай хваробы невядома чаго чакаць», — кажа прадавачка.

У краме ёсьць і маскі, і антысэптыкі. «Толькі іх ніхто не бярэ, ня носіць. У Брагіне была сёньня — толькі двух чалавек сустрэла ў масках», — дадае прадавачка.

Яе аднавяскоўцы пераймаюцца, што памруць не ад каранавірусу, а ад голаду.

«Тут жа працы няма ніякай! Мы ўсе, хто на сваіх нагах яшчэ ходзіць, на Маскву езьдзілі, на заробкі. Цяпер во ў лютым вярнуліся і сядзім. Межы зачыненыя. Заробак тут на фэрме якой, дзе можна ўладкавацца, — 400 рублёў. Хіба гэта грошы? Ратуемся тым, што ходзім во ды жалезьзе зьбіраем, так і жывём. Хоць бы межы з Расеяй адчынілі», — спадзяюцца вяскоўцы.

На дарозе паміж Грушным і Двор-Савічамі сустракаем дваіх прыяцеляў — Аляксандра і Мікалая. Яны цягнуць у краму жалезьзе, якое накапалі «у прамым сэнсе — на сьметніках», каб здаць на мэталялом.

Фото: «Радыё Свабода»

«Працы — нуль, ніякай! Мая дачка жыве ў Брагіне, 250 рублёў атрымлівае. Камунальныя — 150 рублёў былі за 3-пакаёвую кватэру. Мы ўсе ў Расеі працавалі, цяпер во межы зачынілі. Я дык каранавірусу не баюся, трэба трохі выпіваць — і ўсё нармальна будзе!», — сьмяецца Аляксандар.

Ён кажа, што тут, апроч як жалеза зьбіраць ды здаваць яго за 20 капеек кіляграм, рабіць няма чаго.

«Кажуць — зона, зона, Чарнобыль. А вы бачыце, што ўсе палеткі, усе літаральна засеяныя? Вось табе і зона! Хай бы адчынілі ўжо яе ды і ўсё», — дадае вясковец.

Фото: «Радыё Свабода»

Яго прыяцель мае інваліднасьць. «Мне куды дзецца? Толькі што жалезьзе зьбіраць, на бохан хлеба і пачак цыгарэт назьбіраў», — кажа Мікалай.

Ён жартуе, што ад каранавірусу можна ўратавацца віном.

Фото: «Радыё Свабода»

Найбольшы боль Аляксандра — гэта тое, што перакапалі рэчку Брагінку. «Ну як гэта так? Як? Во які ўзровень вады тут быў! Рыбу лавілі, дзеці купаліся, цяпер што — у студнях і вады ня будзе!», — дэманструе ён безгаспадарчасьць.

Да нас падцягваюцца аднавяскоўцы Аляксандра з Грушнага. Яны абурацца перакапанай Брагінкай. «Тут жа летам будзе проста смурод», — скардзіцца адна з жыхарак вёскі.

Фото: «Радыё Свабода»

«А які працэнт беларусаў можа сабе дазволіць столькі масак у суткі?»

Юры, жыхар Грушнага, добра ведае і пра каранавірус, і пра меры бясьпекі ад яго.

«У інтэрнэце пішуць так: «Насіце маску дзьве гадзіны, а потым — новую». А які працэнт беларусаў можа сабе дазволіць столькі масак у суткі? Дайце іх нам — дык мы будзем насіць. Мы тут думаем, дзе кавалкам хлеба разжыцца, а ня маскі набываць. Працы — ніякай, нідзе! Мы тут хутчэй памрэм з голаду, чым ад каранавірусу. Мне знаёмы кажа:

«Як я куплю той антысэптык, вялікая бутэлька якога каштуе 30 рублёў? Дык можа бэнзінам рукі мыць? Дык і ён дарагі. Школы працуюць, а нам кажуць, каб пісалі заявы, каб дзеці не хадзілі ў школы. Як гэта ўсё разумець? Чаму карантын ня ўводзяць?», — зьдзіўляецца Юры.

Алена — маладая маці, сама жыве ў Гомлі, прыехала на час «пакуль пік гэты каранавірусу ня скончыцца» да бацькоў у Грушнае.

«Нам ці ў кватэры сядзець, харчы на дом замаўляць, ці ў вёску зьехаць? Тут жа лепш. Вёска нашая глухая, многія адсюль зьехалі, верагоднасьць захварэць тут нашмат ніжэй, чым у Гомлі. Тут добра — ціха, спакойна, сьвежае паветра. Толькі што рэчку перакапалі...» — нагадвае яна галоўную цяпер праблему Грушнага.

Фото: «Радыё Свабода»

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]