Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ад каранавірусу памёр 39-гадовы валанцёр ПЭН-цэнтра

09.06.2020 общество
Ад каранавірусу памёр 39-гадовы валанцёр ПЭН-цэнтра

Сям'і з двума дзецьмі збіраюць дапамогу.

39-гадовы мінчук Сяргей Кулак памёр 6 чэрвеня ў бальніцы. Сям’я і сябры мужчыны мяркуюць, што «карону» ён падхапіў у медыцынскай установе, піша “Наша ніва”.

«Ён змагаўся з рассеяным склерозам, упарта дамагаўся ўдзелу ў эксперыментальных праграмах лячэння, разумеў, што здаровым ужо не стане, але вельмі хацеў хаця б дамагчыся рэмісіі і яшчэ крыху пажыць. Пажыць — азначала для яго магчымасць працаваць, каб забяспечыць дзвюх маленькіх дачок жытлом: выплаціць крэдыт за аднапакаёвую кватэру, якую набылі ў крэдыт некалькі месяцаў таму і ў якой жылі ўчатырох. Наймалодшай Лізе — 1,5, Насці — 5, жонка ў дэкрэце», — распавяла Таццяна Нядбай, першая намесніца старшыні беларускага ПЭН-цэнтра і блізкая знаёмая Сяргея.

Нядбай кажа, што Сяргей Кулак нярэдка дапамагаў ПЭНу, калі ўзнікалі праблемы з камп’ютарамі.

«У пачатку мая яму стала кепска. Сяргей дыстанцыйна кансультаваўся з дактарамі, паехаць у бальніцу не мог — дактары самі казалі, што ён, найхутчэй, стане кантактам першага ўзроўню, а ў сітуацыі Сяргея гэта было небяспечна, — тлумачыць Таццяна Нядбай. — Але калі яму стала зусім блага, выклікалі хуткую. Аказалася, што ў Сяргея зашкальвае цукар, то-бок ён меў дыябет, пра які і сам не ведаў».

10 мая Сяргея паклалі ў рэанімацыю. Зрабілі тэст на «карону» — ён быў пазітыўным.

Цяпер блізкія мужчыны мяркуюць, што ён заразіўся ці то ад дактароў хуткай, ці то ў бальніцы. Бо дома ўсе вельмі засцерагаліся, ведаючы праблемы са здароўем Сяргея. Да таго ж, жонцы і дзецям таксама зрабілі тэсты на «карону» — ва ўсіх адмоўныя.

«Калі ў Сяргея выявілі вірус, то перавялі ў «каранавірусную» рэанімацыю. Затым двухбаковая пнеўманія, ШВЛ, кароткае паляпшэнне і — усё… «Што ж вы хочаце, у яго столькі спадарожнага», — разводзяць рукамі лекары, якія, зрэшты, зрабілі ўсё магчымае», — кажа Нядбай.

Пахаваюць Сяргея Кулака 9 чэрвеня.

Таццяна Нядбай арганізавала збор сродкаў сям’і Сяргея. Дапамагчы можна пералічыўшы грошы на платформе Моламола.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]