Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Кіеве беларусы і ўкраінцы выйшлі на ланцуг салідарнасьці

18.07.2020 политика
У Кіеве беларусы і ўкраінцы выйшлі на ланцуг салідарнасьці

За вольную і незалежную Беларусь!

Беларускія і ўкраінскія актывісты сёньня выйшлі ў цэнтар Кіеву на акцыю салідарнасьці зь беларусамі, якія сутыкаюцца з палітычнымі рэпрэсіямі ў розных гарадах Беларусі ў часе вулічных акцый, паведамляе «Радыё Свабода».

На Майдан Незалежнасьці прыйшлі каля паўсотні чалавек. Да грамадзян Беларусі, якія жывуць ва Ўкраіне, далучыліся і прадстаўнікі палітычных арганізацый — Народнага Руху Ўкраіны, усеўкраінскага аб’яднаньня «Свабода», добраахвотніцкага руху «АЎН», руху салідарнасьці «Разам». Ужо традыцыйна на акцыю выйшлі пад бел-чырвона-белымі і дзяржаўнымі ўкраінскімі сьцягамі.

Фото: svaboda.org

Акцыя пачалася з хады да помніка Міхасю Жызьнеўскаму, які загінуў у часе акцый пратэсту ў 2014 годзе. Калёну цягам усяго руху суправаджалі паліцэйскія, пэрыядычна спыняючы аўтамабільны рух, каб удзельнікі маглі бесьперашкодна перайсьці вуліцу.

Фото: svaboda.org

«Мы можам тут выказваць сваю пазыцыю вольна і адкрыта. Можам ісьці на акцыі побач з паліцыяй і зь імі размаўляць аб тым, што адбываецца на маёй радзіме. Мы ня можам маўчаць, і на акцыі будзем выходзіць столькі разоў, колькі будзе патрэбна, каб выказаць сваю салідарнасьць. Мы хаця і далёка, але спрабуем быць побач з тымі, хто цяпер у Беларусі выходзіць на вуліцы», — сказала Свабодзе беларуска Юлія Камінская. Раней яна сама ініцыявала акцыю каля беларускай амбасады ў Кіеве.

Журналіст Леанід Канфер адмыслова для ўдзелу ў акцыі прыехаў у Кіеў зь Дняпра, дзе здымае свой чарговы фільм:

Фото: svaboda.org

«Магчыма, нас ня так шмат, як хацелася б, але ня ў колькасьці справа. Я прыйшоў выказаць сваю пазыцыю. Я чакаю перамен, якія, я лічу, ужо перасьпелі. Цяпер той момант, калі ўлада павінна зьмяніцца. А абвінавачаньне ў праплачанасьці (тых, хто прыходзіць на акцыі за межамі Беларусі — РС) — гэта стандартнае абвінавачаньне, якое я чую ўжо 26 гадоў. За гэты час яны не прыдумалі нічога новага і не прыдумаюць. Абвінавачваць — гэта значыць адмаўляць у прынцыпе хаця б якую грамадзянскую пазыцыю».

Фото: svaboda.org

Упершыню на беларускую акцыю прыйшоў кіраўнік парлямэнцкага міжфракцыйнага абʼяднаньня «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка. Ён пераконвае, што гэтая дэпутацкая група будзе рабіць усё, каб дапамагчы Беларусі, у тым ліку і на міжнародных пляцоўках, у прыватнасьці, у межах Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.

Удзельнікі акцыі хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць Міхася Жызьнеўскага і Міколы Ільіна, які загінуў 13 ліпеня на перадавой на Данбасе.

Фото: svaboda.org

«У першыя дні Рэвалюцыі годнасьці за нас паклаў сваё жыцьцё Міхась Жызьнеўскі, некалькі дзён таму Мікола Ільін. Гэта беларусы, якія гінуць і змагаюцца за нас. Для нас гэта вялікі гонар і вялікая адказнасьць. Мы павінны быць удзячныя народу Беларусі. Цяпер у Беларусі працягваюцца „хапуны“, ёсьць палітвязьні, і мы іх павінны падтрымаць. Няхай яны пабачаць, што ва Ўкраіне, у Кіеве — і нас тут нямала — мы пратэстуем супраць такога стаўленьня да палітычных апанэнтаў. Мы мусім заступіцца за палітвязьняў і мусім пра іх памятаць», — заклікаў украінскі пісьменьнік Аляксандар Ірванец.

Ён пагадзіўся на грамадзкіх пасатках ачоліць Беларускі інфармацыйны цэнтар, які адсочвае ўсе перадвыбарчыя падзеі ў Беларусі і інфармуе пра іх украінскія СМІ і грамадзтва.

Фото: svaboda.org

Супрацоўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Паўло Падабед перакананы, што ўкраінская супольнасьць мусіць падтрымаць беларускі народ:

«Варта памятаць, што толькі беларускі народ унутры сваёй дзяржавы можа разьвязаць сытуацыю. Што можам зрабіць мы? Не крытыкаваць, не даваць парады, якія яны ў глыбіні сваіх сэрцаў разумеюць і бяз нас. Яны, беларусы, патрабуюць нашай маральнай падтрымкі, таксама, як і іншыя народы, паняволеныя Масквой. Гэта найбольшы акт салідарнасьці».

Фото: svaboda.org

Пасьля невялікага веча ўсе ўдзельнікі выйшлі на Крашчацік, дзе ўтварылі ланцуг салідарнасьці. Да яго далучылася і Тацяна Мартынава — стваральніца FB-суполкі «Хватит бояться!». Яна вымушана зьехала зь Беларусі пад пагрозай арышту.

«Вельмі важна, каб такія акцыі праходзілі па ўсім сьвеце. Беларусі ніколі не было на палітычнай мапе сьвету, нас ніхто ня ведаў, і нікому не было цікава, што ў нас адбываецца. Цяпер, калі пра Беларусь пачалі гаварыць, на нас проста ўжо ня змогуць заплюшчыць вочы. Ужо ніхто не дазволіць ператварыць краіну ў цэнтры Эўропы ў Паўночную Карэю. Гэта важна», — перакананая Тацяна Мартынава.

Фото: svaboda.org

За апошнія некалькі тыдняў у Кіеве адбылося некалькі акцый салідарнасьці зь Беларусьсю. 3 ліпеня, калі ў Беларусі адзначаўся Дзень незалежнасьці, у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны каля 20 дэпутатаў стварылі міжфракцыйнае абʼяднаньне «За дэмакратычную Беларусь», пазьней грамадзкія актывісты абвясьцілі аб стварэньні Беларускага інфармацыйнага цэнтру.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]