Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Будзе лунаць, пакуль жыве Беларусь»

26.07.2020 общество
«Будзе лунаць, пакуль жыве Беларусь»

Як жыхар райцэнтру Бялынічы больш за год жыве пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Жыхар райцэнтру Бялынічы на Магілёўшчыне Ігар Зубрыновіч больш як год жыве пад бел-чырвона-белым сьцягам. Вывесіў яго на ўласнай сядзібе напярэдадні гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, перадае «Радыё Свабода».

«Непакоіўся, каб уначы не сарвалі»

Бел-чырвона-белы сьцяг на двары прыватнай сядзібы відаць здалёк. Гаспадар кажа, што вывесіў яго 20 сакавіка 2019 году, каб адзначыць гадавіну сувэрэнітэту БНР. З таго часу ён і лунае над дваром.

Фото: «Радыё Свабода»

Сваім учынкам ён дэманструе, што «беларусы шануюць бел-чырвона-белы сьцяг, нягледзячы на нэгатыўнае стаўленьне да яго ўлады». Патрабаваньняў прыбраць «нацыяналістычны штандар» дагэтуль не было.

«Некаторыя даймаюць мяне, калі ўжо схаваю сьцяг, — кажа суразмоўца. — Я ж адказваю, што будзе лунаць, пакуль жыве Беларусь».

Паказваючы падворак, гаспадар адзначае, што раней мачта была на мэтар вышэйшая, але навальніцай яе зламала. Цяпер хоча вырабіць шасток такой вышыні, каб сьцяг быў відаць з райвыканкаму — за кілямэтар, па-над прыватнай забудовай.

Фото: «Радыё Свабода»

«Першыя дні брамку абвязваў ланцугом, бо непакоіўся, што ноччу ўварвецца міліцыя, каб сарваць сьцяг, а потым сорамна будзе за выхадку землякоў», — кажа ён.

«Хачу жыць па-людзку!»

Ігар Зубрыновіч прызнаецца: бел-чырвона-белы сьцяг прыняў за свой, калі ва ўладзе ўжо замацаваўся Лукашэнка. У 1994-м здавалася, што ён «зь вёскі, ведае, чым жыве народ, і навядзе парадак. А ў выніку нічога не зьмянілася: толькі год ад году станавілася ўсё горш».

Фото: «Радыё Свабода»

Суразмоўца абураецца, што Лукашэнка пад бел-чырвона-белым сьцягам прысягаў на вернасьць Беларусі, а потым адрынуў яго як «непатрэбную і шкодную рэч». На ягоную думку, вяртаньне нацыянальнаму сьцягу статусу асноўнага дзяржаўнага сымбаля будзе сьведчыць, што «беларусы ўзьняліся з каленяў, на якія іх паставіў рэжым Лукашэнкі».

Зубрыновіч кажа, што сваіх поглядаў на жыцьцё не хаваў і раней, але як вывесіў сьцяг, то адразу стаў «апазыцыяй». Зь землякамі на палітычныя тэмы пазьбягае гаварыць, бо «толку ад такіх размоваў ня бачыць».

«Калі разабрацца, дык якая я апазыцыя? Я хачу нармальнага людзкага жыцьця, — разважае ён. — Спачатку даводзіў, што я не з БНФ, а за БНР, але нашы людзі непісьменныя, таму махнуў на іх рукой».

Фото: «Радыё Свабода»

Як зьмяніць кіраўніка дзяржавы? На думку Ігара Зубрыновіча трэба, каб на праспэкце Незалежнасьці ў Менску сабраліся дзясяткі тысяч людзей.

«Лукашэнка сыдзе, бо вырасла новае пакаленьне беларусаў, для якіх Рыгоравіч чужы і незразумелы», — перакананы жыхар райцэнтра.

«Працаваў у Расеі, пакуль вытрымлівалі нэрвы»

Ігар Зубрыновіч кажа, што за прыхарошаным фасадам Бялынічаў, якія аўральна рыхтуюцца да Дня пісьменства, жыцьцё жабрацкае. Заробкі — па 300 рублёў. Пра абяцаныя 500 даляраў і гаворкі няма. Жыхары раёну выпраўляюцца ў Расею ды Польшчу, каб выжыць.

Сам Зубрыновіч 11 гадоў адрабіў у Маскве — аздабляў катэджы тамтэйшым «багацеям». Па ягоных словах, ён марыў працаваць на радзіме і каб расейцы прыяжджалі ў Беларусь.

Фото: «Радыё Свабода»

«Там я заставаўся, толькі каб зарабіць і пакуль вытрымлівалі нэрвы», — кажа Ігар Зубрыновіч.

«Справу аб забойстве брата адновяць, як ня будзе Лукашэнкі»

Суразмоўца — кваліфікаваны мэбляр. Ягоны дом нагадвае музэй драўлянага мастацтва. Гаспадар кажа, што ягоныя вырабы набывалі калекцыянэры з шасьці краінаў. Сабе на жыцьцё ён зарабляе з прыватных заказаў. Спадзяецца распачаць бізнэс, але сумняваецца, што такую задуму можа ажыцьцявіць у невялікім горадзе. З 10-тысячных Бялынічаў зьяжджаць не зьбіраецца, бо «тут ягоныя карані».

Па словах Ігара Зубрыновіча, цікавасьць да дрэваапрацоўкі яму прышчапіў стрыечны брат Яўген Мікалуцкі, зь якім сябраваў, нягледзячы на сямігадовую розьніцу ва ўзросьце. Дапамагаў брату абстаўляць новую кватэру ў Магілёве, калі Лукашэнка прызначыў яго кіраўніком абласнога ўпраўленьня Дзяржкантролю.

Фото: «Радыё Свабода»

6 кастрычніка 1997 году Яўген Мікалуцкі загінуў ад выбуховага прыстасаваньня ў пад’езьдзе свайго дому. Адзін з падазраваных у тэракце, адстаўны супрацоўнік КДБ, павесіўся ў сьледчым ізалятары, а трох ягоных падзельнікаў асудзілі на 5, 4 і 11 гадоў — але за бандытызм. Выканаўцамі ж забойства іх не прызналі. Такім чынам, ні хто выконваў, ні хто арганізоўваў забойства Мікалуцкага, дагэтуль невядома.

Ігар Зубрыновіч дагэтуль не зьмірыўся з гвалтоўнай сьмерцю брата, бо шмат, на ягоны погляд, у справе незразумелага. Апавядаючы пра родзіча, мужчына не стрымаў сьлёз. Ён лічыць, што расьсьледаваньне братавай справы адновіцца, калі ва ўладзе ня будзе Лукашэнкі.

Фото: «Радыё Свабода»
Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]