Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Рэжым у тупіку

10.04.2009 политика
Рэжым у тупіку

У кожнай краіы свае стыхійныя бедствы. У Іспаніі – лясныя пажары. У Японіі – цунамі. А ў Беларусі – кіраўнічыя палёты над дзяржавай.

Гэтым разам хваля чынавенскага пярэпалаху пракацілася па Гомельшчыне. Дзесьці мітусліва зносілі слупы электраперадач. Ніхто не разумеў дзеля чаго. Магчыма, каб не псавалі краявід.У Светлагорску міліцыянтам загадалі здаць табельную зброю. Страшна. І таму, хто завісае над зямлёй. І тым, хто знізу ўсхвалявана сочыць за падлётам.

Ды што там гаварыць, ёсць і ў беларусаў свае стыхійныя бедствы. І дыяпазон іх даволі шырокі. Ад селектарных нарадаў з неадкладнай экзекуцыяй якога-небудзь нядбайнага чыноўніка да вось гэткіх лёсавызначальных палётаў над дзяржавай. Традыцыя даўняя. Закладзеная яшчэ савецкім кіраўніцтвам. А ўдумацца, дык інакш і нельга. Калі б не асабістая пільнасць таго, хто наверсе, тут бы няйначай даўно ўжо ўсё развалілася.

Высокае кіраўніцтва заўсёды асабістым прыкладам паказвала народу, як трэба жыць і працаваць. Калісьці Машэраў спякотным летам браў касу і рашуча ішоў у балота касіць асаку. Драбнейшае начальства палахліва бегла следам. Назапашаныя ў выніку працоўнага подзьвігу кармы не хацела есці нават галодная калгасная жывёла. Але каго тое цікавіла? Кіраўнічая ідэя жыла і шмат каго натхняла.

Прайшлі дзесяцігоддзі. Савецкія звычкі даўно засталіся ў мінулым. І толькі ў Беларусі – усё тое ж. Асабіста прыляцець у глыбінку. Зазірнуць ва ўсе шчыліны і дзіркі. Кожнаму даць указанне. Дзе араць. Калі сеяць. Як прадаваць каўбасу і масла. Без дырэктывы надта высокага і бязмежна мудрага кіраўніцтва гэтага ж не ведаў бы ніхто. А таму зноў над краінай завісае ўсенародны верталёт. Якія ж найноўшыя дасягненні чынавенскай думкі былі гэтым разам данесены ў паўднёвыя раёны краіны?

Галоўны сайт дзяржавы старанна вылушчыў самае каштоўнае з тых шматслоўных маналогаў. Асобныя афарызмы проста ўражваюць глыбінёй і нечаканасцю. Вось толькі некаторыя з кіраўнічых шчыраванняў. “Деньги в экономику нужны”. Сапраўды, хтоб наважыўся абвергнуць гэткі тэзіс. Або яшчэ адзін: “Самое главное – железная дисциплина”. Проста і дакладна. Як і гэтая нечаканая і надзіва арыгінальная думка: “Надо бросить усилия на основную технику”.

А калі на месцы знесеных слупоў і ў іншых пунктах прызямлення зусім выпадкова з’яўлялася кагорта чэсных журналістаў, тут ужо закраналася неабсяжнае кола хвалюючых пытанняў. І найперш – самых надзённых. Пра безнадзейную любоў чынавенства да няўдзячнай і каварнай Расіі. Было ў тых размовах адзначана наступнае: “Что касается России, то здесь наблюдается не совсем порядочное отношение. И я не боюсь об этом публично объяснять. Мы договорились, что будем по 150 долларов платить за газ. А потом приезжают другие и говорят, мол, нет – маловато. То-есть то, о чем договариваемся, не проходит”. Да таго ж непрадказальныя суседзі яшчэ і беларускія тавары на свае рынкі пускаюць неахвотна. Або папрасілі ў іх чарговы крэдыт у 100 мільярдаў рублёў – адмовілі. І гэта – саюзнікі?.. Спіс крыўдаў доўжыўся бясконца: “Российская сторона нам также говорит: отдайте то и это”.

Кіраўнічая думка выспявае цяжка і марудна. Спатрэбілася ажно пятнаццаць год, каб уцяміць тое, пра што даўно ўжо гаварыла апазіцыя: імперыя не можа быць надзейным партнерам тых, хто ўваходзіў у яе склад, а потым здабыў незалежнасць. І трэба не кідацца ў расійскія абдымкі, а шукаць альтэрнатыўныя варыянты паставак нафты і газу. Адкрыць дарогу замежным інвестыцыям. Укараняць найноўшыя тэхналогіі. Падвышаць канкурэнтаздольнасць тавараў беларускай вытворчасці. Заваёўваць новыя рынкі. Ценевы ўрад, у які ўваходзілі выдатныя эканамісты і вядомыя палітычныя дзеячы, распрацаваў тады адпаведную праграму. Прыслухацца не пажадалі. І раптам са здзіўленнем выявілі, што ў выніку буйнай інтэграцыйнай дзейнасці апынуліся ў безвыходным тупіку. Якая прыкрая нечаканасць!

І зноў запозненае адкрыццё: “Нужно прекратить нашим чиновникам ползать по российским кабинетам и на коленях перед ними стоять. Не хотят нас пускать на свои рынки, мы будем искать другие векторы экспорта”. Гэта ж колькі доўгіх гадоў стваралі нейкую недарэчную “саюзную дзяржаву”, і раптам такое прасвятленне. Апазіцыянер, ды й годзе!

Толькі на каго ён скардзіцца? Хіба не сам прывучаў пакорлівае чынавенства, як і ў савецкія часы, поўзаць па маскоўскіх кабінетах і стаяць там на каленях? І чаго ўвогуле ён скіраваўся ў гэтую “рабочую камандзіроўку”? Светлагорскія хімікі напэўна ж і без яго ведалі, што трэба для сваёй прадукцыі шукаць новыя рынкі. І калгаснікі няйначай здагадваліся, што вясной трэба араць і сеяць. Паскардзіцца хацеў на каварную Расію? Але ж рабочыя Светлагорска ды іншы тамтэйшы люд якое дачыненне маюць да правалу ягонай бязглуздай палітыкі?

Узляцеў і знік у небе верталёт высокага палёту. А напалоханая раённа-абласная вертыкаль засталася на зямлі. Наўрад ці яна ўспомніць потым хоць нешта са шматслоўнай кіраўнічай лабуды. Хіба што вось гэта – надзённае і неадольнае: “Деньги в экономику нужны”.

Але дзе іх узяць? Дзе ўзяць?..

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]