Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Зоя Белахвосцік: Купала радуецца за нас і ганарыцца намі

08.10.2020 политика
Зоя Белахвосцік: Купала радуецца за нас і ганарыцца намі

Зорка Купалаўскага тэатра распавяла пра народную падтрымку артыстаў.

У жніўні 2020 разам з большасцю артыстаў трупы Зоя Белахвосцік сышла з Купалаўскага тэатру на пратэст супраць звальнення дырэктара Паўла Латушкі, а 4 верасня актрыса даведалася, што кантракт з ёй не будзе працягнуты і ў Акадэміі мастацтваў, дзе яна больш за 20 год выкладала курс акторскага майстэрства. Пра тое, як усё адбывалася, куды ўсё ідзе і свае пачуцці — у гутарцы з сайтам tuzinfm.by.

Зоя Белахвосцік – народная артыстка Беларусі, акторка Купалаўскага тэатра ў трэцім пакаленні. У тэатр прыйшла ва ўзросце 22 гадоў. Першай роляй стала Паўлінка ў аднайменным спектаклі. На сцэне – сорак гадоў.

— Звальненне з Акадэміі стала для Вас нечаканасцю, альбо Вы прадугледжвалі такі расклад?

— Я падазравала, што так будзе. Калі ў нас такая ўлада, якая спачатку кажа: “Хай купалаўцы ідуць і арэндуюць памяшканні”, а потым ўсе шляхі закрывае - тады як мы хочам проста працаваць, зарабляць грошы, ладзіць добрыя канцэрты – то можна было прадбачыць і такое.

— Як Вы даведаліся, што больш не будзеце выкладаць?

— Пачалося з таго, што я патэлефанавала Вячаславу Паўлавічу Паўлюцю – ён загадчык кафедры Майстэрства актора і мой калега купалавец, і ён мне сказаў, што здолеў паручыцца за мяне (хоць што тут ручацца? У мяне дыпломны курс!..), і што ўсё павінна быць нармальна. Гэта было ў пачатку верасня. Я падумала: ну дзякуй богу, мае студэнты не будуць кінутымі.

Але, напэўна, пайшоў далейшы ціск, большы. І калі я пайшла адносіць дакументы да загадчыка аддзела кадраў, якога ведаю не першы год – той, не падымаючы на мяне вачэй, сказаў: “Ну, толькі пасля таго, як падпіша Баразна”. І я адразу зразумела – усё.

— То-бок, раней такога не было? Раней дамову аўтаматычна падпісвалі, узгадняючы яе неяк “па змоўчванні”?

— Безумоўна! Раней я пра нешта такое і не ведала. Проста прыносіла заяву - бо там такая сістэма, што мы звальняемся напрыканцы навучальнага году і ўладкоўваемся ў верасні наноў.

І вось мінае дзень, другі. Ну што далей чакаць? Усё было зразумела. А на трэці дзень зноў патэлефанаваў Вячаслаў Паўлавіч (Паўлюць) і загробным такім тонам сказаў: “Усё, што я змог зрабіць – гэта тваім вучням не трапіўся нейкі зусім жахлівы мастацкі кіраўнік”. І зараз мастацкі кіраўнік у маіх студэнтаў - мой муж Аляксандр Гарцуеў. Дзякуй богу, яны яго любяць і паважаюць, а я такім чынам змагу праводзіць з імі сваю сістэму, сваю мастацкую палітыку.

— Але ўжо па-за сценамі вучэльні?

— Нагі маёй там не будзе. Я не магу дараваць такое зневажальнае стаўленне – як разбягаліся людзі вакол мяне на калідоры, як ад праказы. Я заходзіла і ішла як пракажаная.

— Насамрэч? Здавалася, там працуюць творчыя людзі.

— Я таксама так думала.

— А калі б раптам – ну раптам! – рэктар Акадэміі Міхаіл Баразна Вам патэлефанаваў і запрасіў, Вы б вярнуліся?

(Доўгае маўчанне.)— Я б вярнулася. Але такога не будзе.

— Ці добра я разумею, што на сённяшні (а дакладней, учорашні) дзень у Акадэміі выкладала толькі двое купалаўцаў – Вы і Вячаслаў Паўлюць?

— Так, прычым, ён меў у тэатры толькі паўстаўкі, а асноўнае месца яго працы – менавіта Акадэмія. Раней быў яшчэ Пінігін, вёў рэжысёрскі курс, але ўжо не вядзе і не будзе весці ніколі, бо гэта вельмі складана. Тое, што ў Акадэміі творыцца – цяжка трываць...

— Што менавіта?

Там штогод змяняецца навучальны план: усё менш гадзінаў прызначаецца на прафесійныя заняткі. Калі набіраюць на курс рэжысуры, той, хто прыйшоў, той і паступіў, прыхозіць некалькі дзяўчынак – і яны і застаюцца вучыцца.

— Конкурсу няма зусім?

— Конкурсу няма. Каб конкурс быў, нельга набіраць на курс рэжысуры кожны год, дастаткова раз на пяць год, раз на чатыры. Тады назбіраецца колькасць нармальных людзей, і можна абраць 4-5 чалавек, і не болей. Там павінныя быць людзі адукаваныя, дасведчаныя, а бяруць проста са школы. У Пінігіна былі з гэтым вельмі вялікія праблемы. Чалавека даводзіцца цягнуць да чацвёртага і пятага курсу, бо выгнаць яго немагчыма. Я кажу пра яго прафнепрыдатнасць - а ў адказ чую, што “ну, харошая ж дзевачка, няхай вучыцца”.

— Хто гэта гаворыць? Гэтая палітыка сыходзіць ад рэктара, ці гэта ідэалогія, якая неяк прасочваецца іншымі сцежкамі ў вучэльню?

— Гэта палітыка дзяржаўная: маўляў, хай усе вучацца, адукоўваюцца, нічога-нічога, нармальна...

— А фактычна - адбываецца дэградацыя прафесіі.

— Абсалютна. Мы там працуем – я, і Саша, і Слава – бо гэта нашая альма-матэр, і мы разумеем, што калі мы сыйдзем, то наогул будзе так...

— Колькі год Вы выкладалі ў Акадэміі мастацтваў?

— Не памятаю дакладна, думаю, гадоў дваццаць.

— А памятаеце, хто Вас туды запрасіў?

Канешне. Мая настаўніца Лідзія Аляксееўна Манакова мяне туды запрасіла. І мне было вельмі цяжка, я набывала гэтую педагагічную прафесію праз пот, кроў і слёзы – бо гэта зусім іншая прафесія, складаная, але я нейк вынайшла сваю метадалогію і вельмі радая, што магу чым-нечым дапамагчы маладым людзям. Магла.

— І колькі курсаў Вы выпусцілі?

— Не памятаю таксама. Тры завочных... Два вочных... Я ж яшчэ працавала побач з Лідзіяй Аляксееўнай спачатку... Першы мой курс – гэта той, дзе была Святлана Анікей, Алесь Малчанаў... Мае выпускнікі працуюць зараз таксама ў РТБД, у нас у Купалаўскім. Але я стараюся пра гэта не казаць, бо калі мы ўжо сустракаемся ў тэатры – то яны ўжо мае калегі. Я ніколі не лезу, ды гэта й немагчыма, навошта... Адно што - хочацца нейкай еднасці духоўнай, але я ж не мама і не тата, і немагчыма, каб яны за чатыры гады ўсе тыя кніжкі прачыталі, што я ім рэкамендую...

— Вы звязваеце прафесію артыста з эрудыцыяй і начытанасцю?

— Так, думаю, так. І зараз мне пачало здавацца, што людзі зноў пачалі больш чытаць, спадзяюся, я не памыляюся. Мае цяперашнія студэнты ўжо крыху іншыя. Дарэчы, яны – а іх там усяго 13 чалавек - зрабілі такую кранальную акцыю ў маю падтрымку... Яны казалі мне, што збіраюцца пайсьці да рэктара, але я адгаворвала іх, бо мяне ўжо не вернеш, а сябе можна падставіць пад агонь. Я казала: мае залатыя, усё будзе добра, я нешта прыдумаю, я знайду магчымасць, каб з вамі быць.

— А ці добра я разумею, што Вы на сёння не працуеце зусім нідзе? Помню, калі мы сустракаліся ў мінулы раз, было вельмі няпроста падладзіцца пад Ваш запоўнены графік.

— Так, цяпер я зусім нідзе не працую.

— І як выглядае Ваш дзень? Вольны палёт?

— І так, і не. Ведаеце, паколькі мы сыходзілі з Купалаўскага ўсе разам, то стараемся і трымацца разам. Мы знаходзім магчымасці сустракацца і нешта рабіць самім: ладзім канцэрты для людзей, якія хочуць нас бачыць – для айцішнікаў, журналістаў.

Але галоўнае, што нас трымае разам цяпер – гэта выпуск “Тутэйшых”. Вось учора вечарам нарэшце адбылася адкрытая рэпетыцыя, мы вельмі і вельмі хваляваліся, ці ўсё атрымаецца.

— Атрымалася?

— Безумоўна так.

— Гэтую пастаноўку вельмі чакалі. “Тутэйшыя” Купалы ў пастаноўцы Пінігіна апошні раз гледачы Купалаўскага бачылі ў 2010 годзе, а з'явіўся спектакль у 1990-м, і бел-чырвона-белы сцяг на сцэне напрыканцы пастаноўкі быў тады сенсацыяй – вельмі запатрабаванай сенсацыяй... Летась з'явілася рашэнне спектакль аднавіць. І вось ён вярнуўся – але напаўафіцыйна, і гэта не прэм’ера нават, а адкрытая рэпетыцыя – без рэклямы, без помпы. Як на Вашае адчуванне, ці рэзануе спектакль, як раней, ці стаў, можа, адгукацца мацней, ці наадварот – гучыць менш актуальна?

— Скажу так: у новай версіі я не граю ўжо Аленку, яе грае мая дачка (Валянціна Гарцуева). У спектаклі ўсе цудоўныя, але мне там граць няма каго, я проста выходжу на адну хвіліну ў эпізадычнай ролі. А большую частку спектаклю я сяджу за кулісамі, бо там няма куды дзецца, там ні выхадаў, ні захадаў. І ведаеце, я сяджу, гляджу, слухаю – і плачу. Вось настолькі яно рэзануе.

Можа, гэта стан нашага тэатру так адбіваецца, а можа - агульная сітуацыя ў краіне, якая і праўда страшэнная, але ў мяне ўсё як па жывым там – я і смяюся, і плачу. Ну, і ўсе працуюць абсалютна цудоўна. Нашая моладзь там проста супер!

— Атрымалася ў Пінігіна задзейнічаць усіх, хто сыйшоў з тэатру?

— Так, так. Мы і сышлі, і граем усе разам.

— А як моцна змянілася сама пастаноўка? Я выдатна памятаю версію з 90-х. Напэўна, няма ўжо тых шыкоўных дэкарацыяў, батлейкі – без уласнай сцэны няпроста ажыццявіць амбітныя ідэі. Што атрымалася?

— Гэта, канешне, іншы спектакль. Іншы хаця б таму, што граюць іншыя людзі, з іншай абсалютна псіхафізікай. Ёсць змены ў характарах, у вобразах, вельмі сімпатычныя змены, ну і ёсць галоўнае – разуменне, што мы змаглі гэта зрабіць.

— Але ўсё ж падрабязней пра форму?

— Яна крыху іншая. Пінігін увёў там такі як быццам расповед кінарэжысёра, быццам бы здымаецца фільм пра “Тутэйшых”.

— Ой.

— Ну так. Мне гэта не вельмі падабаецца, але гэта толькі падыход, форма, гэта не перашкаджае.

— Ну, а Зносак – вялікі Зносак у выкананьні Манаева, такі арганічны, такі знаёмы да болю, такі неадназначны... Калісьці менавіта геній Манаева не дазваляў шукаць яму замену, прынамсі рэжысёр гэта так тлумачыў. Ці ўдалося ўтрымаць планку?

— Зносака грае цяпер Паша Харланчук, і грае бліскуча. Проста Харланчук – не Зносак у жыцці, а Віктар Сяргеевіч Манаеў – ён і ў жыцці Зносак, таму, відаць, у яго гэта было так геніяльна. Але Паша – цудоўны абсалютна. Цудоўны таксама Янка Здольнік – Міша Зуй, ён разумны, іранічны. Раскошная Зношчыха Лена Сідарава – смешная, мілая, абаяльная, ну ўсе цудоўныя.

— А што ж з дэкарацыямі?

— Няма іх, мы ж у такім катуху граем. Але іх, можа, і не трэба... Усё гэтак сціпла, апрача, канешне, касцюмаў, якія рыхтавала нашая Каця Шымановіч, яна прыдумала, прадумала ўсе дэталі, такія слушныя, прыгожыя, і мы – як бедны тэатр, так і працуем. Але адчуваем сябе шыкоўна.

— У фінале “Тутэйшых” людзі плакалі: бо на сцэне з'явілася выява будынка тэатра, перакрэсленая чырвонымі лініямі, а акторы сталі ў “шчэпку” і паказалі знак вікторыі. Скажыце, а калі вы звальняліся – ці было страшна? Было адчуванне незваротнасці, няпэўнасці?

— Быў страх, але ён быў недзе ззаду, шлейфам такім. Мы былі ўпэўненыя ў сваёй рацыі, без шкадавання пасля, без рэфлексій, без слёз. Наадварот: апошнія гады немагчыма цяжка было жыць, таму што вісела гэтае маўчанне, гэтае цярпенне, калі ты як путамі скаваны. Як путамі!

— Гэта адчувалася наўпрост? Вы на сабе гэтыя путы адчувалі? У чым, напрыклад?

— Гэта атмасфера, якая ціснула, вісела над намі. Гэтае вечнае “Сюды на канцэрт дзесяць чалавек, сюды тры. – А я не пайду. – Як гэта Вы ня пойдзеце, чаму?..”

Калі тэлефануе міністэрства і кажа, што калі будзе пэўны чалавек на ўчастку галасаваць, то і я павінна чамусьці там быць. Я кажу – не, я не буду там. “Вы добра падумайце. Падумайце. Добра. А мы Вам яшчэ раз перазвонім. Падумайце. Не памыляйцеся ж так.”

Я кажу – я і думаць не буду ні адной хвіліны, мяне там не будзе, я не магу. Я кажу, што мяне няма ў Мінску, і гэта праўда, я не хлушу – але ты ўсё адно як быццам выкручваешся, як несвабодны чалавек! Увесь час гэтае выкручванне – гэта немагчыма ўжо было... Нас бы звольнілі ўсё роўна.

— Думаеце?

— Ведаю. Мы тады не ўсё ведалі, мы адчувалі, што чорныя хмары над намі, але Пал Палыч (Латушка) нам не казаў, а гэта яшчэ да выбараў пачалося – артысты ж не могуць маўчаць - калі спачатку Павал Харланчук запісаў зварот супраць гвалту, потым – зварот за вызваленне Бабарыкі падпісаў Пінігін, і Пал Палыч атрымаў тады ўказанне ўсіх звольніць. А пасля першага супольнага звароту яны сказалі, што трэба звольніць усіх, каго бачна на відэа.

— Што Вы адчуваеце да тых 15 артыстаў, якія засталіся ў тэатры?

— У мяне няма да іх жалю. Я жорсткі чалавек, максімаліст. Я не магу сёння ставіцца з разуменнем да нейкіх чалавечых слабасцяў, патрэбаў. Калі я не паважаю – то ўжо ніколі не запаважаю.

Але я адчувала увесь час салідарнасць з калегамі – былі прапановы розныя, тэлефанаванні, лісты, парады – як страйкаваць, як баставаць, і вектар быў адзіны: працаваць мы не будзем, не можам. На сённяшні дзень у нас распраўленыя крылы, мы – сумленныя людзі.

Народ падтрымлівае – нас пазнаюць, падтрымліваюць усюль, куды б мы не пайшлі: у метро, у краме, у ліфце, людзі проста кідаюцца да нас і ўсе кажуць – брава, купалаўцы!

— У мяне такое ўражанне, што вы ўсе вярнуліся ў маладосць. Калі няма ні званняў, ні будынка, ні іерархіі, а ёсць бясстрашнасць, максімалізм і любоў. Але калі ўявіць, што гэта – надоўга? Што давядзецца туляцца яшчэ нейкі час, і граць прэм’еры ў гасцях і з пастаяннай рызыкай зрыву (як працуюць дзесяцігоддзямі нашыя музыкі) – то які ў Вас асабіста, і, калі можна, то – які ў тэатра варыянт “Б”?

— Мы паглядзім, што з нашай перамогай, як будуць рухацца падзеі, і калі нам будзе зусім ніяк – скажам, калі будуць рэпрэсіі ў наш бок – то... Ну, пойдзем у партызаны (смяецца). Каб працаваць усім разам.

— Скажыце, без чаго няма Купалаўскага тэатра? Чым ёсць тэатр? Яшчэ нядаўна дастаткова было ўвайсці ў Аляксандраўскі сквер – і аўра ўжо адчувалася, будынак як быццам распускаў нейкі водар, быў нябачным, але вельмі моцным магнітам, які паварочваў стрэлкі компаса. Цяпер ля яго пуста. Пуста ў грымёрках, на сцэне, у залі. Але тэатр – ёсць. Значыць, можна захаваць тэатр без гістарычных сценаў?

— Я не хачу казаць, што Купалаўскі – адна дружная сям’я. Я не вельмі люблю гэтак казаць. Тут іншае, і крыху нават большае – калі людзей яднае любоў да прафесіі, і ты ўсіх падтрымліваеш, любіш, бачыш, як да цябе ставяцца людзі, як ты можаш падтрымаць моладзь, ганарыцца імі, радавацца іхным талентам. Гэта адносіны ў трупе. У той трупе, якая сышла, мы думаем аднолькава. Мы адчуваем аднолькава. Нам аднолькава баліць.

— А ёсць адчуванне місійнасці, адказнасці за тую традыцыю, якую вы падхапілі і трымаеце?

— Ёсць. Я думаю, Купала радуецца за нас і ганарыцца намі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]