Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Бацька Міколы Статкевіча вярнуўся ў Беларусь

18.04.2011 политика
Бацька Міколы Статкевіча вярнуўся ў Беларусь

Віктар Статкевіч па-ранейшаму жыве ў самоце ў сваёй баранавіцкай кватэры і штодня чакае новых лістоў ад сына.

Напрыканцы сакавіка Віктар Паўлавіч з’язджаў ва Украіну да старэйшага сына Аляксандра. Але з’ехаў не канчаткова, як паведамлялі некаторыя беларускія СМІ, а дзеля таго, каб… ажаніць унука Андрэя, паведамляе "Народная воля".

“Пра тое, што я нібыта пераехаў жыць да сына Аляксандра ва Украіну, я ўпершыню даведаўся ад самаго Сашы, а ён прачытаў гэта дзесьці ў Інтэрнеце, – распавеў Віктар Паўлавіч мясцовай газеце Intex-press. – Для нас абодвух гэта было здзіўленнем, бо я даўно вырашыў, што застануся ў Беларусі. Як я магу з’ехаць адтуль, дзе мой другі сын у бядзе, дзе я выліў ужо столькі слёз, што ўсе крыў-дзіцелі ўжо патапіліся б у іх, каб толькі маглі...”

Унукава вяселле, па словах Віктара Паўлавіча, было шыкоўнае. Андрэй узяў сабе за жонку прыгажуню-ўкраінку – Галю. Але галоўная радасць ад паездкі для Віктара Паўлавіча – тое, што ён нарэшце пабачыўся з самымі блізкімі сваякамі: са старэйшым сынам Аляксандрам, унучкамі Кацяй ды Аняй – дочкамі Міколы, якія разам з сем’ямі прыехалі на вяселле з Германіі.

Каця – доктар навук, разам з мужам яна працуе у кампаніі “Аўдзі”. Аня – хатняя гаспадыня, яна выхоўвае маленькага сына Лёню, а яе муж займаецца бізнесам.

Па словах Віктара Паўлавіча, абедзве дачкі Міколы Статкевіча сёння жывуць у дастатку, але ўсё адно сумуюць па радзіме. Хаця і не разумеюць яе апошніх палітычных падзей…

“Мае родныя як ва Украіне, так і ў Германіі не могуць зразумець тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, – кажа Віктар Статкевіч. – Яны не вераць ні адзінаму слову, што кажуць на БТ, і здзіўляюцца ўсім гэтым, па-дурному сатканым справам, звязаным з Плошчаю…” “Я рады, што пабачыў усіх маіх блізкіх, а яны былі рады, што сустрэліся са мною, – прызнаецца Віктар Паўлавіч. – Але і ўвесь гэты час мяне не пакідалі думкі пра Міколу. Я вельмі рады за старэйшага сына і ўнукаў, у якіх сёння ўсё добра, але маё бацькоўскае сэрца моцна баліць за майго малодшага...”

Калі Віктар Паўлавіч колькі дзён таму вярнуўся з Украіны, у паштовай скрыні яго чакаў чарговы турэмны ліст ад сына Міколы, а таксама ліст салідарнасці ад міністра замежных справаў Славаччыны Мікулаша Дзурынды.

Ліст ад Міколы Статкевіча датаваны 28 сакавіка. У лісце да бацькі Мікола просіць пераказваць віншаванні пляменніку і яго нявесце. Мікола паведамляе таксама, што атрымаў некалькі лістоў ад дачок, і кажа пра важнасць для яго ў такую хвіліну падтрымкі ад дзяцей.

“І як мне можна кудысьці з’ехаць адсюль, калі сюды прыходзяць лісты ад майго сына?.. Калі неўзабаве тут яго будуць судзіць? – рытарычна пытаецца Віктар Паўлавіч. – Я баюся, што ўжо не дачакаюся свайго Міколы на волі. Дык хачу сустрэцца з ім хаця б на судзе”.

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]