Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Польшча – гэта не Беларусь!

30.10.2020 политика
Польшча – гэта не Беларусь!

Ці можна параўноўваць прастэсты ў Польшчы і Беларусі.

У выданні Rzeczpospolita артыкул карэспандэнта газеты Руслана Шошына пра параўнанне сітуацыі ў Беларусі ды Польшчы, паведамляе «Польскае радыё».

«Польшча – гэта не Беларусь!» – пад такім загалоўкам аўтар піша, што нельга параўноўваць гэтыя дзве краіны, а некаторыя журналісты ахвотна падхопліваюць такія параўнанні – маўляў, у Польшчы заканчваецца дэмакратыя, пачынаецца дыктатура.

Шошын нагадвае, што з вясны гэтага году ў Беларусі былі затрыманыя і арыштаваныя каля дваццаці тысяч праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Праваабаронцы не паспяваюць лічыць палітычных вязняў, на дадзены момант іх каля сотні, і гэтая лічба амаль штодзённа расце. Напрыклад, Павел Севярынец не бачыў свайго двухгадовага сына з 7 чэрвеня, з таго часу Павел сядзіць у турме. Можна ўявіць сабе, што адчувае яго жонка Вольга, якая не ведае, ці муж выйдзе з турмы.

Ёсць таксама смяротныя ахвяры – людзі, якія загінулі падчас пратэстаў або раптам вырашылі «павесіцца ў лесе». І яшчэ тысячы пабітых, раненых, пакалечаных. Многія з іх уцяклі ў Польшчу, яны могуць расказаць пра зверствы амапаўцаў, пра судовыя справы, якія працягваюцца ад пяці да дзесяці хвілін, столькі дастаткова суддзі, каб перакрэсліць жыццё чалавека. І нельга забываць, што ў Беларусі ўсё яшчэ ёсць смяротнае пакаранне, а жыццё падсудных знаходзіцца ў руках аднаго чалавека – Аляксандра Лукашэнкі.

Аднак былі і горшыя часы – калі невядомыя выкралі важнейшых апанентаў рэжыму, лёс шасці чалавек дагэтуль невядомы. Быў сярод іх апошні незалежны кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, які прапаў без вестак. З таго часу новая кіраўнічка Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына кожны раз гарантуе Лукашэнку 80-працэнтную падтрымку на выбарах.

Адзінае незалежнае тэлебачанне вяшчае ў Беларусь з Польшчы, якую апошнім часам усё часцей параўноўваюць з Беларуссю. Такое параўнанне лёгка «прадаць» у сацсетках ці апазіцыйных польскіх СМІ. Але давайце не забываць пра людзей, якія ў 200 кіламетрах ад Варшавы сядзяць у турмах, а беларусы, прыязджаючы ў Польшчу, могуць пачаць дыхаць цалкам свабодна. Яны вераць у польскую салідарнасць, бо ніводная краіна на свеце не падтрымлівала дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі так, як Польшча. І гэта, бадай, адзіная справа, наконт якой ёсць поўная згода сярод дэпутатаў польскага парламенту, незалежна ад партыйнай прыналежнасці. «Звяртаючыся да калегаў па прафесіі, я хачу нагадаць, што ў Беларусі з пачатку году былі затрыманыя, аштрафаваныя або арыштаваныя больш за 440 журналістаў. Варта задумацца над гэтай лічбай перад тым, як параўнаеце Польшчу з дыктатурай у Беларусі. Дай Божа, каб так ніколі ў Польшчы не было», – падсумоўвае свае разважанні Руслан Шошын.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]