Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

«Сцягі на вятру дакраналіся і гладзілі нашыя натхнёныя твары»

24.01.2021 политика
«Сцягі на вятру дакраналіся і гладзілі нашыя натхнёныя твары»

Вольга Бабкова ўспамінае Міхала Анемпадыстава.

Белы-белы балкон у доме Міхала і Алены. Настолькі дасканалы ў сваёй белі, што падаваўся нечапаным аркушам паперы, на якім можна тушшу тонка выводзіць беларускія руны (ёсць такія!). Балкон нагадваў белы параход, калі ты пераступаў праз ягоны парог, пакідаючы ззаду цёплую тэракотавую прастору утульнага пакоя, і адначасова здаваўся паветраным, як гусінае пёрка. Міхал сам фарбаваў ягоныя драўляныя рэйкі, паказваў пэндзлі, распавядаў пра фарбу. Праводзіў рукой па гладкай паверхні. Заўважаў нейкія ледзь бачныя шчылінкі. Але мы іх не бачылі. Мы былі ў палоне свежасці і навізны.

На сцяне Міхалавай кухні, асветленай кропачным святлом, вісеў прыкноплены чорна-белы малюнак. Аркуш быў раскрэслены на квадраты. У кожным квадраце жыў накіданы абрыс малюнка. Амаль пад кожным ― па два-тры вершаваныя радкі. Як аказалася, гэта быў эскіз задумы будучага «Народнага альбома». З кожнага квадраціка-гісторыі для Міхала ўжо гучала песня. Я, дарэчы, трапіла напачатку ў сеці Міхалавага міфу пра рэальна адшуканыя і запісаныя на абшарах Заходняй Беларусі словы песень «Народнага альбома». І невядомае гарышча, на якім нібыта быў знойдзены сшытак з лацінскім тэкстам песні «Матка Боска Вострабрамска», дасюль жывое ў маім уяўленні. Бо гэта ж Міхал распавядаў так пераканаўча!

Была зіма. Рыпеў снег. Міхал забег па нейкай пільнай справе ў драўляны дом на Грушаўцы, дзе мы ў тыя часы мелі жытло. У руках Міхала быў загорнуты ў газету велізарны букет аранжэрэйных ружаў з кароткімі сцяблінамі і неверагодна пяшчотнымі марэлевымі бутонамі. Штук пяцьдзесят, не меней. Разгарнуў газету, дастаў пяць руж, падараваў. «Такой прыгажосці не пасуе абгортка з газеты», ― пачала была казаць я, але Міхал запярэчыў, маўляў, любая абгортка падыдзе для кветак, каб уратаваць ад сцюжы ды ветру. Гэткі прыгожы дабрадзей, стылёвы апякун ружаў.

На Нямізе ёсьць дамок, які яшчэ колькі гадоў таму меў балкон, у якога не было дзвераў да яго. Вось проста так віселі на тынкаванай глухой сцяне чыгунныя краткі, і калі гаўбец прыпарошваў снег, на ім ніколі не было слядоў. Хіба птушыныя. Тым гэты дом, што стаіць бокам да дарогі, і запомніўся. Напэўна, адзін такі быў на ўвесь горад. А пасля яго пазбавілі адметнасці. Выразалі дзверы на балкон. Ведаў пра гэта і Міхал. Аднойчы паказаў на той жоўты, амаль памаранчавы дом, самы стары ў раёне вуліцы Мяснікова, і ўзрадаваўся, што мы памятаем пра яго адно і тое. Незвычайнае… Значна пазней у асветленым акне гэтага дома я заўважыла маладую кабету, якая прычапляла ля люстра завушніцы.

Міхал фатаграфаваў Менск. Розны. У любое надвор’е. Старое тралейбуснае дэпо на Чырвонай, будынкі вагонарамонтнага завода на Чыгуначнай (распавядаў пра старую кузню на ягонай тэрыторыі, абмяркоўвалі разам крыху крываваты цагляны комін, бачны з вуліцы за плотам). Ля будынка габрэйскага культурнага цэнтру на Веры Харужай Міхала скруцілі ахоўнікі і хацелі засвяціць стужку (яшчэ стужку!). Міхал патлумачыў свае здымкі любоўю да горада. Міхал распавядаў, як прачнуўшыся аднаго разу на золку, пабачыў за акном нязвыклае асвятленне. Дамы нібы адарваліся ад зямлі, дрэвы люстраваліся на аблоках. Пяшчота і неруш панавалі на Паўднёвым Захадзе. Схапіўшы фотаапарат, паехаў на Ляхаўку. Там, ля ракі, яго чакалі запрыкмечаныя яшчэ раней гарадскія краявіды.

Даўно-даўно сустрэліся з Міхалам ля аднаго доміка ў лесе, паглядзеў, вітаючыся, уважліва на мае белыя штанцы ды сінюю майку і сказаў: «Маё самае ўлюбёнае спалучэнне колераў гэтага лета». Трэба хіба дадаць, што белы быў не зусім белым, а крыху шараватым, як лён, а сіні — як мора на глыбіні. Не яркі.

Ля таго ж доміка ў лесе цвілі адным летам неяк асабліва буйна самасейкі незабудак разам з макамі. Нязвыклае спалучэнне блакіту і чырвані. На гэта звярнулі ўвагу Міхал і мастачка Зоя Луцэвіч. Тады ж упершыню пачула верш Міхала «Ultima Thule». Ані на кроплю не схіблю, калі скажу, што словы і рытм верша ў аздабленні Міхалавага строгага спакойнага голасу ў цішыні (верхаліны хвояў толькі варушыў вецер), ― застануцца са мной як праява найсапраўднага мастацтва. У той дзень гэты верш вельмі ўважліва слухала мая душа. І яна запомніла.

Памятаю Міхала практычна на ўсіх мітынгах і шэсцях 1990-х. Памятаю яго на развітанні з Васілём Быкавым. У ягоных руках былі дзве дзіўнай красы хрызантэмы.

На адным з вясновых шэсцяў, калі прыгажэнныя сцягі на вятру дакраналіся і гладзілі нашыя натхнёныя твары, Міхал апынуўся на імгненне побач і заўважыў, што я была ўжо крыху іншая. «Так. Чакаю дзіця!». Як жа ўхвальна паглядзеў тады Міхал! А неўзабаве на небе з’явілася вясёлка. У ёй тады, памятаю, пераважалі цёплыя колеры.

Падчас апошняй сустрэчы мы стаялі на ганку будынка, дзе месціцца галерэя Саюз дызайнераў. Міхал распавядаў пра вытокі Нямігі, пра унікальную забудову блізкіх адтуль квартальчыкаў, пра дахі, пра заўсёды ружовае вечаровае неба над вільготным горадам. Так. Цяпер гэтае неба для мяне будзе Міхалавым. Як і станцыя мінскага метро. Як і сам горад М.

Вольга Бабкова, nn.by

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]