Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Слоўнік беларускай рэвалюцыі

30.01.2021 общество
Слоўнік беларускай рэвалюцыі

Мова новых сьцягоў.

Мясцовыя грамады адраджаюцца пад сваімі новымі сьцягамі. Іх мова пераважна беларуская. І несавецкая. Пра Volnaje Kalcova, «Квадрат (Кузьмы) Чорнага», вуліцу MUSKоўскую ды іншы моўны крэатыў на сьцягах, паведамляе «Радыё Свабода».

У выглядзе дваровых і раённых супольнасьцяў адраджаюцца мясцовыя грамады — правобраз будучых самаўрадаў. Яны ствараюць свае сьцягі — на аснове нацыянальнага бел-чырвона-белага палотнішча, але з дадатковымі выявамі, часта з назваю раёну.

Сьцягі прайшлі баявы хрост, выконваючы спрадвечную задачу: зьбіраць сваіх, даць знаць, што Кальварыя і Дуброўка, Бíлева і Валатавá, Фарты і Казіміраўка трымаюцца. Унікальны фэномэн у наш час, але папраўдзе адноўленая старажытная традыцыя: яшчэ ў Грунвальдзкай бітве былі мясцовыя харугвы (вайсковыя адзінкі ды іхныя знакі), былі яны і ў пазьнейшых паўстанцаў.

(І тады за аснову бралі агульнадзяржаўную сымболіку — харугву з Пагоняй.) Паводле сярэднявечнай традыцыі Сяржук Сокалаў-Воюш пачаў пісаць на новыя сьцягі хваласьпевы-«епіґрамы».

Так разам з дэмакратычнаю сьвядомасьцю адраджаецца нацыянальна-гістарычная, мясцовы патрыятызм — частка агульнабеларускага. Спадзяюся, знакі на сьцягах ужо аналізуюць мастацтвазнаўцы, геральдысты і антраполягі (у заходнім значэньні тэрміну).

Якое месца ў новай сымболіцы свабоды заняла беларуская мова?

Мова як знак: мы свае і мы тут

Значная частка мясцовых сьцягоў сабраная (тут https://flags.dze.chat), у тым ліку варыянты. (Скажам, у менскім Зялёным Лузе было галасаваньне, нават у два туры, але нешта пайшло ня так, вынікаў не падвялі, хто які сьцяг зрабіў — той і носіць.)

Вось жа ў Менску 312 сьцягоў (лічым разам з Новай Баравой і Копішчам — гэта важная частка вольнага менскага духу). Зь іх 224 з надпісамі. Тэксты па-беларуску маюць 150 сьцягоў, па-расейску — 51, два двумоўныя (па-беларуску і па-расейску), 21 чытаюцца на абедзьвюх мовах (напр. Каменная Горка — але з рознымі націскамі ў першым слове). То бо ў сталіцы 2/3 сьцягоў з надпісамі — па-беларуску. А калі лічыць двумоўныя і «амбівалентныя» — то 77%.

У Берасьці 25 сьцягоў, восем па-беларуску, дзесяць па-расейску, чатыры з «амбівалентнымі» надпісамі. Гэта адзіны вялікі горад, на чыіх сьцягах беларуская мова пакуль не пераважае. Затое ў Баранавічах адпаведна сем па-беларуску на адзін па-расейску.

У Магілёве з 20 сьцягоў 9 маюць беларускія надпісы, 8 — расейскія; у Віцебску падобная «раўнавага»: з 18 сьцягоў 8 беларускамоўных, 7 па-расейску, 2 двумоўныя. А ў Гомлі (хоць таксама ўсход) з 18 сьцягоў па-беларуску аформілі 9, па-расейску 2, яшчэ два чытаюцца на абедзьвюх мовах.

У Бабруйску 27 сьцягоў, падпісаныя: 20 па-беларуску, 5 па-расейску. Урэшце, у Горадні з 16 сьцягоў адзінаццаць маюць надпісы, усе — па-беларуску. І на сьцягах меншых гарадоў, мястэчак і вёсак, незалежна ад рэгіёну, яўна пануе і сымбалізуе імкненьне да свабоды беларуская мова.

Галоўнае слова — воля

Дэвізы былі на харугвах паўстанцаў, на сьцягу 1-га Слуцкага палку БНР («Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына»).

І на новых сьцягах бачым споклічы. Прадказальна самы папулярны — Жыве Беларусь! Ён на сьцягах берасьцейскай вуліцы Янкі Купалы, менскіх Малінаўкі і плошчы Перамогі — выкладзены літарамі на вядомым месцы, на дахах за абэліскам.

Шпалерная — Тэрыторыя годнасьці; менская Масюкоўшчына выбрала І правасудзьдзе для ўсіх; мікрараён Чкалаўскі — Цягнік у сьветлую будучыню. Чыгуначны раён Віцебску: Верым. Можам. Пераможам. У Берасьці «Цэнтар з Народам!» А Мудрасьць на варце Айчыны — спокліч «маршу Мудрасьці», калі выходзяць пэнсіянэры.

Людзі ганарацца каранямі:

Лепель — для партызанаў, Лепель — край легендаў і герояў (ілюструе спокліч Лепельскі Цмок).

Стоўпцы: Я/мы з Новай Зямлі.

Выбітныя землякі ня толькі ў гісторыі: Прыгажуня з Забароўя — Міс Беларусь назаўжды, — напісалі пра Вольгу Хіжынкову жыхары вёскі Лепельскага раёну.

Калі да назвы паселішча дадаюць эпітэты — то зьвязаныя з свабодай. У Менску гэта

Вольная Тучынка

Вольная Лошыца

Вольны Захад

Rīga — вольны раён

Сокал — Вольны мікрараён

КамВольная Грамада (на сьцягу, які апяяў Сяржук Сокалаў-Воюш, — выява зьнішчанай мазаікі ў ПК)

Урэшце Квартал Вольных Коцікаў — Я гуляю (вуліца Кузьмы Чорнага) і нават Вольная Біржа (ваколіца рэштак клюбу сылікатнага камбінату; клюб некалі звалі «біржаю», бо там у савецкі час ішоў нелегальны гандаль).

А таксама Вольная Гародня; Сьмілавічы — прастора свабоды... Але калі гэта і не напісана на сьцягу, вольнымі пачуваюцца ўсе.

Бел-чырвона-белы Зялёны Луг

Здаецца, толькі ў Зялёным Лузе нехта з народных вэксылёлягаў прачытаў тапонім літаральна: маўляў, зялёны колер мусіць быць на сьцягу. Ці то на бел-зялёна-белым, ці то з палоскай або іншаю дэтальлю. Але народныя масы ідэю адхілілі: надта ж спэцыфічная роля зялёнага ў гісторыі Беларусі апошніх месяцаў.

І варыянты сьцяга ваколіц вуліцы Кузьмы Чорнага ў Менску — з словамі «Белы. Чорны. Белы» і «Квадрат Чорнага» — таксама чырвонага колеру.

Беларускіх колеравых прыметнікаў людзі хочуць, нават калі назва мясьціны не ад колеру. На сьцягу менскага Краснага Бору (як і вуліца ў цэнтры, ён названы не ад колеру, а бо прыгожы) надпіс «Чырвоны Бор». На палотнішчы «БЧБельского» беларуская абрэвіятура колераў спалучаецца з расейскаю назваю вуліцы.

Цмок наш

Зьяўляюцца новыя імёны гарадзкіх аб’ектаў. Раней мала каму вядомы трохгаловы цмок — жанравая скульптура недалёка ад Парку камянёў у менскім Уруччы — зваўся «Змей Горыныч», а кампанію яму прадказальна складала «Царевна-Лягушка».

Але ён быццам наноў нарадзіўся, калі мясцовыя людзі па-мастацку памалявалі яго ў белае і чырвонае. Вакол Цмока віруе свабоднае жыцьцё, заслужана трапіў ён і на ўруцкі сьцяг. Нехта назваў яго Змагáрыч. Але выявілася, што ў век пісьмовай камунікацыі можна памыліцца з націскам.

І вось прыяжджаюць на Цмокаву гару, скажам, майстры агнявога шоў і вітаюць Цмока: Змагары́ч! (мо праз сугучча з расейскім «магарыч»?) То лепей ужо проста — Уруцкі Цмок. Ён трапіў і ў хваласьпеў С. Сокалава-Воюша:

Заўсёды годна і бліскуча

Сябе паказвае Уручча.

Шануем мудрых, дурняў вучым

Мы з нашым Цмокам неўміручым!

Мой двор — мой пляц

Назвы савецкага рэпэртуару, утвораныя ад агульных назоўнікаў, пераасэнсоўваюць. Жыхары праспэкту імя Ленінавай газэты дасталі слова з двукосьсяў і вярнулі яму зьмест, назваўшы свае двары й ваколіцы Плошча Праўды, Квартал Праўды.

Насельнікі праспэкту Пераможцаў, калісьці нэўтральнай Паркавай магістралі, стварылі новы тапанімічны аб’ект — Плошчу Пераможцаў (мікрараён Ржавец/Лебядзіны). А як альтэрнатыва «плошчы Дзяржаўнага сьцяга» каля вядомай рэзыдэнцыі зьявілася Плошча Сьцяга ў квартале «Каскад» на Кальварыйскай, і сьцяг там зусім іншы.

Сярод новых пляцаў самую трагічную гісторыю мае Плошча Пераменаў на Сморгаўскім тракце. Несумненна, новы тапонім навечна застанецца на мапе сталіцы, як і імя Рамана Бандарэнкі.

Ах, ня любіш Савецкі раён? (То палюбіш Савецкае РУУС!)

У Беларусі 24 гарадзкія раёны, але новых сьцягоў гэтых фармальных утварэньняў мала. Выняткі — Кастрычніцкі і Чыгуначны раёны ў Віцебску, Заводзкі ў Менску (два апошнія прынамсі з прымальнымі назвамі), а на сьцягу менскага Першамайскага — першы нумар на майцы.

Маэстра Цэсьлер прапаноўваў крэатыўныя варыянты сьцягоў менскіх адміністрацыйных раёнаў, але ў народ яны не пайшлі — няма ў нас раённага патрыятызму.

Ілан Маск, ратуй беларускую тапанімію

У цэнтры кожнага савецкага гораду быў (і ў большасьці беларускіх гарадоў застаўся) кананічны сьпіс вуліц: Камуністычная, Леніна і г.д. Таксама і Маскоўская — у гонар «столицы нашей Родины», прычым незалежна ад тапаграфіі. Абодва менскія ўрбанонімы, зьвязаныя з Масквой, — вуліца і станцыя мэтро — не выконваюць арыентацыйнай функцыі. Вуліца, праўда, названая яшчэ за царамі — ад колішняга вакзалу Маскоўска-Берасьцейскай чыгункі (прыблізна на месцы ст. Інстытут Культуры). Сам вакзал зваўся Берасьцейскім, але вуліца ўсё адно Маскоўская (да савецкага быў расейскі імпэрскі тапанімічны канон). Кірунак на Маскву яна дакладна не паказвае.

Вось жа сярод пераасэнсаваных на сьцягах гарадзкіх тапонімаў МАСКоўская кранае найбольш. Замест першых чатырох літараў на сьцягу нас натхняе позіркам Ілан Маск. Чыя вуліца? Ды яго, Ілана. Адпавядае беларускай прыметнікавай мадэлі прозьвішчаў і назваў: Паўлюк — Паўлюкоўская, замак — Замкоўская. Крэатыўнасьць жыхароў ды ўменьне вырвацца з-пад стэрэатыпаў — на вышыні. Але ўсё ж хацелася б, каб вярнулася прыгажэнная спрадвечная назва ваколіц гэтай вуліцы ды яе самой — Добрыя Мысьлі.

Дадам, што менскія сьцягоўнікі запрасілі таксама Гая Фокса на ролю патрона вуліцы Гая і Пірса Броснана (Джэймса Бонда) для пірсу ў Ратамцы.

Гульня ў шарады — дэсаветызацыя па-нашаму

Самая жыцьцярадасная дэідэалягізацыя тапаніміі— калі чытаюць імя ў назьве літаральна, дзеляць на часткі. На сьцягу вуліцы імя бальшавіка-беларусафоба Мясьнікова (паводле гісторыка менскай тапаніміі Івана Сацукевіча, гістарычны Каралеўскі Шлях) — кумпяк на костцы. У менскай вуліцы імя камуністычнага дзеяча  Кісялёва, гістарычнай Старажоўскай, на сьцягу коцік, якога лепш не злаваць, а то «Кіся» будзе «Лёва».

Калярытны сьцяг менскага раёну «Розачка» — вуліцы Розы Люксэмбург. На ім зброя пралетарыяту (невядома, ці змагарка за 8 Сакавіка брала такую ў рукі), зробленая з бутэлькі з адбітым рыльцам. Ружачка. Слова ў беларускай форме прыйшло і ў сучасную беларускую літаратуру (знойдзем у Юр’я Станкевіча, Паўла Севярынца). Але некалі вернецца гістарычная назва ваколіцы — Пляшчанка.

А на сьцягу вуліцы Панамарэнкі, таго самага, што прасіў Сталіна разабрацца з прафашысцкімі пісьменьнікамі Купалам і Коласам, — мірная панама.

Зрэшты, гульліва пераасэнсоўваюць ці раскладаюць на часткі і традыцыйныя беларускія назвы. Смалявіцкія Ліпкі выбралі знакам ліпкі скотч. На сьцягу вёскі Старына чыйсьці профіль і дуля яму ў нос: «Стары — На!». Пераасэнсаваньне на мяжы фолу — Задворцы ў Берасьці.

Вольнае Калькова

Адыменных мэмарыяльных назваў вуліц (Куйбышава, Мініна) у нас не было, пакуль у гарадзкую тапанімію не ўмяшаліся чужыя ўлады пасьля паўстаньня Каліноўскага. Дый назвы такія ў родным склоне (як скланяць-дапасоўваць? «Жыву на Някрасава» — гэта ж ня месны склон, гэта абы-што), іх надта шмат, прычым у гонар асобаў, якія дачыненьня да Беларусі ня маюць.

І вось гэты велізарны масіў савецка-расейскай тапаніміі пачалі стыхійна абеларушваць. У тым ліку граматычна.

У менскім Зялёным Лузе —  Volnaje Kalcova. Яно, паселішча, ніякага роду! Жыву ў Вольным Кальцове. Хоць ясна, што за саветамі назвалі вуліцу імем расейскага паэта Аляксея Кальцова, у пакеце зь недалёкімі вуліцамі Някрасава, Чарнышэўскага, Бялінскага і заадно Ламаносава.

Яшчэ адно такое «сяло» — Шугаева (вуліца ў менскім Уруччы, на ёй збудавалі дамы для амону насуперак нормам шчыльнасьці і пратэстам жыхароў). Назву адпаведна пераасэнсавалі: шугаць — узьлятаць, размахваць крыламі, лётаць з шумам, трапятаць; а Шуга! — вокліч адганяць птушак.

У мясцовых чатах па-расейску пішуць «Руссияново» і «Некрасово», «Лопатино» і «Алибегово». Дый «Окрестино» бытуе даўно, у будучыні трэба будзе адлучыць імя годнага чалавека ад гэтага змрочнага месца.

Пра аднаўленьне на сьцягах спрадвечных назваў і беларускай лацінкі — у наступным артыкуле.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]