Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як 30 гадоў таму ў Воршы рабочыя выйшлі на масавыя пратэсты і заблакавалі чыгунку

02.04.2021 общество
Як 30 гадоў таму ў Воршы рабочыя выйшлі на масавыя пратэсты і заблакавалі чыгунку

Масавыя пратэсты ў Воршы адбыліся пасля выступаў працоўных у Менску.

Сёлета 30 гадоў масавым пратэстам у Воршы ў красавіку 1991 года і блакадзе чыгункі, піша Паліна Сцепаненка для «Радыё Рацыя».

Масавыя пратэсты рабочых ў Воршы адбыліся пасля масавых пратэстных выступаў працоўных у Менску. Першапачаткова працоўныя вылучалі патрабаванні эканамічнага парадку, якія потым перараслі ў патрабаванні палітычнага парадку, сярод якіх былі – дэпартызацыю і перадача гаркама партыі пад дзіцячую Школу мастацтваў.

У 2016 годзе былі запісаны ўспаміны Аляксандра Длугаша, які ў 1991 годзе ўзначаьваў аршанскую міліцыю

Аляксандр Длугаш распавёў: «Першым выступіў Інструментальны завод, які спыніў працу і выйшаў на вуліцу. Затым спынілі працу і выйшлі рабочыя завода Лёгмаш, завода «Чырвоны барацьбіт». На наступны дзень далучыліся працоўныя лакаматыўнага дэпо. А таксама спынілі працу рабочыя завода «Чырвоны Кастрычнік” у Барані. І ў сувязі з тым, што праца была спыненая, пачалі гучаць заклікі сабрацца разам. Народ пачаў збірацца на Цэнтральнай плошчы. Пачаўся мітынг, дзе выступалі ўдзельнікі ініцыятыўнай групы рабочыя з пэўнымі патрабаваннямі. Патрабаванні былі перш за ўсё эканамічнага характару.

На працягу 24-га красавіка праходзіў мітынг на плошчы, дзе сабралася прыкладна ад 3 да 5 тысяч чалавек. З майго боку, як з боку кіраўніка міліцыі горада, стаяла адно пытанне – забеспячэнне грамадскага парадку, таму што мы ўпершыню сутыкнуліся з такой з’явай, як масавыя выступленні рабочых. І я разумеў, што любое няправільнае дзеянне з боку супрацоўнікаў міліцыі або наяўнасць якіх-небудзь правакатараў ў асяроддзі людзей, якія шчыра выйшлі, каб прад’явіць свае патрабаванні, можа скончыцца масавымі беспарадкамі.

24-га чысла мітынг скончыўся заклікам сабрацца заўтра разам, ісці блакаваць чыгунку, каб кіраўніцтва «наверсе» ва ўрадзе пачула патрабаванне рабочых. Я разумеў, што блакаваньне чыгункі – гэта дзеянні, якія ў утрымліваюць склад крымінальнага злачынства, таму я таксама некалькі разоў выступаў на мітынгу, тлумачыў свой пункт гледжання. Але людзі са складу ініцыятыўнай групы, якія заклікалі рухацца, напэўна, былі ў найбольшай меры пачутыя працоўнымі. З боку камуністычнай партыі, гаркама партыі ніхто не выйшаў да народа.

Ніхто не патлумачыў сваю пазіцыю. Так трохі з кута назіралі.І асобныя кіраўнікі гаркама ад мяне патрабавалі выкарыстаць сілу, патрабавалі разгону рабочых. Я тлумачыў, што мы разглядаем гэтую сітуацыю з іншага пункту гледжання, што падстаў для выкарыстання сілы няма. На наступны дзень, дакладней, ноччу, я паведаміў пра тое, што рыхтуецца – і ў Менск, і ў абласное ўпраўленне міліцыі.

Прыехалі штабісты, сталі планаваць план дзеянняў па папярэджанні блакавання чыгункі, прапаноўвалі розныя варыянты, аж да перакрыцця дарог на мастах праз Аршыцу, каб людзі не перайшлі. Гэта было 25-га красавіка. У раён вакзала, дзе была праведзена расстаноўка сіл і сродкаў. Кіраўнікі МУС і КДБ рэспублікі, як я потым пачытаў, дэкларавалі, што ў Воршу накіравана паўтары тысячы АМАПА. Ні аб якім АМАПе там, вядома, гаворкі не ішло.

Адзінае з Менска прыбыла невялікая група спецназу, якую я змясціў у дыспетчарскую на чыгуначным вакзале Цэнтральнай станцыі Ворша для таго, каб прадухіліць доступ у дыспетчарскую, што магло б пацягнуць цяжкія наступствы. А так былі работнікі міліцыі – участковыя і міліцыянеры сабраныя – не падрыхтаваныя да вырашэння задач такіх, як папярэджанне групавых парушэнняў грамадскага парадку.

25-га красавіка на працягу, фактычна 8-мі гадзінаў чыгунка была блакаваная, спыніўся рух цягнікоў з Маскоўскага напрамку і з Віцебскага напрамку. Паралельна праходзіў мітынг, на якім выступалі Мікалай Разумаў ды іншыя ўдзельнікі ініцыятыўнай групы. І мне давялося выступаць. Я ўгаворваў, каб людзі спынілі блакаванне. З пасажырскіх цягнікоў сталі выходзіць жанчыны, дзеці плакалі, прасілі разблакаваць дарогу, даць рух цягнікоў. Пасля абеду прыехаў дэпутат Вярхоўнага Савета Глушкевіч Яўген Міхайлавіч, прыехаў Чаргінец Мікалай Іванавіч – начальнік лінейнага ўпраўлення міліцыі на транспарце. У сітуацыі, якая склалася на вакзале, выкарыстоўваць сілу было катэгарычна нельга. Гэта магло прывесці, па-першае, да траўмавання людзей. Маглі быць траўмы, маглі быць ахвяры. Па-другое, разгон дэманстрантаў ды іх затрыманне маглі ў далейшым пацягнуць за сабой акцыі грамадзянскага непадпарадкавання, якія маглі разгарнуцца невядома на які час у горадзе.

У канчатковым выніку пасля 16 гадзін 25 красавіка агульнымі намаганнямі ўдалося спыніць блакаваньне чыгункі, людзі пагадзіліся сысці. На наступны дзень быў абвешчаны збор на Цэнтральнай плошчы ў сувязі з пяцігадовымі ўгодкамі Чарнобыльскай аварыі, каб сабрацца там і здзейсніць масавае шэсце.

Неабходна было правесці мітынг. Да прызначанага часу першымі прыйшлі сябры ініцыятыўнай групы, якія адкрылі мітынг. Потым з выканкаму прыбыў Калуга Аляксандр Іванавіч, які быў не самы моцны аратар але, тым не менш выступаў там. Пасля мітынгу сфармавалася велізарная калона больш за 5-7 тысяч.

Выкарыстоўвалі магчымасці дзяржаўнага кіравання аўтаінспекцыі. Праводзілі гэтую калону праз увесь горад, праз Дняпроўскі мост да Куцеінскаму манастыру, да царквы, дзе была праведзена адпаведная служба. І на гэтым гэтыя падзеі скончыліся. У далейшым, у сувязі з тым, што блакаванне дарогі падпадала пад дзеянне Крымінальнага Кодэксу, з’яўлялася злачынствам, была ўзбуджаная крымінальная справа, праведзенае расследаванне. І ў Магілёўскім судзе слухалася справа.

У канчатковым выніку Магілёўскі суд не стаў браць на сябе адказнасць за тое каб прыцягнуць да крымінальнай адказнасці арганізатараў і перадаў справу ў Вярхоўны суд. Але так практычна яно на тармазах і сышло, таму што на той час улады баяліся, што калі прыняць жорсткія меры, то будуць і новыя дзеянні ў абарону арганізатараў гэтага руху ў Воршы».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]