Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Біскуп Казімір Велікаселец павіншаваў католікаў з Вялікаднем

04.04.2021 общество
Біскуп Казімір Велікаселец павіншаваў католікаў з Вялікаднем

Ён пажадаў беларусам радасці і надзеі, якую нясе Уваскрослы Хрыстус.

Біскуп Казімір Велікаселец звярнуўся да беларусаў з вiншаваннямi на Вялікдзень:

— Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Чарговы раз мы адзначаем галоўнае хрысціянскае свята — Вялікдзень… Уваскрасенне Езуса пераконвае нас, што ў змаганні са злом і смерцю апошняе слова заўсёды застаецца за Богам.

Азіраючыся на гісторыю збаўлення чалавецтва, мы можам зразумець, што ўсё Святое Пісанне канцэнтруецца вакол асобы Езуса Хрыста, які памёр і ўваскрос, бо ў пасхальным здарэнні спаўняюцца ўсе абяцанні Бога. Мы верым, што Хрыстус сваёй крывёю вызваліў увесь свет ад ярма граху і смерці і, уваскросшы, даў нам надзею на ўдзел у вечным жыцці ў супольнасці святых…

Уваскрасенне Езуса адкрывае нам, што цялесная смерць — гэта яшчэ не канец. Таму адзінае, што нас павінна хваляваць, гэта каб мы не апынуліся ў стане духоўнай смерці.

Смерць у такім сэнсе азначае жыццё, аддалёнае ад Бога. Духоўная смерць пачынаецца з цяжкога граху — свядомага, дабравольнага і прамога парушэння Божых запаведзяў. Цялесная смерць — гэта толькі брама, за якой ідзе працяг таго, што мы абралі на зямлі.

Радасная навіна аб уваскрасенні Езуса заключаецца ў тым, што мы ўжо тут, на зямлі, удзельнічаем у вечным жыцці. Дзякуючы ўваскрасенню Хрыста ў кожным верніку ёсць зерне ўваскрасення…

Ужо больш як год людзі свету перажываюць роспач і няўпэўненасць у сваёй будучыні. Пандэмія каранавірусу яшчэ раз паказала, якое крохкае існаванне чалавека нават у эпоху сучасных тэхналогій…

Гэты вірус прынёс бяду ў нашыя дамы і на нашыя вуліцы. Нам можа здавацца, што Бог маўчыць, пакуль церпяць невінаватыя. Хрыстус вучыць нас з годнасцю пераносіць цярпенне, і Ён неабыякавы да нашых жыццёвых клопатаў.

Пустая магіла, у якую паклалі цела Езуса, сімвалізуе мост, які пабудаваў Хрыстус, — мост паміж смерцю і жыццём, паміж роспаччу і надзеяй. Ідучы шляхам Месіі, мы таксама можам будаваць масты еднасці нават там, дзе гэта здаецца немагчымым. Мы спадзяемся, што пасля смерці нас не чакае небыццё. Уваскрасенне — гэта мост, які вядзе за межы смерці. Ад нас залежыць, ці захочам мы, каб кожны жыццёвы выбар набліжаў нас да жыцця з Богам, бо цялесная смерць можа адкрыць нам Божае Валадарства ў поўнай меры.

Там, дзе ёсць падзелы, мы можам быць творцамі гармоніі, прабачэння і паяднання. Праз гэта мы будзем сведчыць пра надзею ўваскрасення і любоў Хрыста да кожнага чалавека не толькі на словах, але і праз учынкі. Сіла ўваскрасення, атрыманая падчас хросту, дзейнічае ў нас, калі ў нас ёсць гатоўнасць любіць, ісці за нашым Панам, калі мы маем настойлівасць у ахвярнасці дзеля іншых, вернасць парывам сэрца, якія дапамагаюць нам пераадольваць эгаізм.

Чалавек носіць у сабе вобраз нябачнага Бога, а таму праяўленне любові да бліжняга паказвае, наколькі мы любім нашага адзінага Айца ў Небе.

Памятайма, што праз сваё ўваскрасенне Хрыстус запрашае нас стаць больш чалавечнымі. Езус перасцерагае нас ад такой формы веры, калі чалавек толькі кліча «Пане, Пане», але насамрэч не выконвае волю Бога, бо ігнаруе патрэбы сваіх братоў і сясцёр…

13 красавіка 1991 года святы Ян Павел II аднавіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Гэта было магчыма дзякуючы адвазе тых вернікаў і пастыраў нашай зямлі, якія ў часы пераследу не гублялі надзеі ў Богу, якія захавалі і перадалі веру ў Бога наступным пакаленням; якія не толькі з пакорай чакалі ўваскрасення Касцёла, давяраючы словам Хрыста, што брамы пякельныя не перамогуць Яго, але і дзейнічалі: вучылі дзяцей маліцца, патаемна рыхтаваліся да сакрамэнтаў споведзі і Камуніі, да сужэнства, да святарства, клапаціліся аб вяртанні касцёлаў…

Дарагія браты і сёстры, жадаю вам радасці і надзеі, якую нясе Уваскрослы Хрыстус…

Віншую католікаў і тых хрысціянаў, якія сёння адзначаюць гэтае свята!

Віншую нашых праваслаўных братоў, якія цяпер, падчас Вялікага посту, рыхтуюцца да святкавання пасхальнай таямніцы. Дарагія праваслаўныя і ўсе людзі добрай волі, аб’яднаўшы нашы намаганні, мы можам быць знакам еднасці і надзеі для свету.

На радаснае і плённае перажыванне Вялікадня ад усяго сэрца вас благаслаўляю.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]