Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Важна памятаць пра тое, кім мы ёсць»

17.04.2021 культура
«Важна памятаць пра тое, кім мы ёсць»

Як стваральнік музея ў Студзіводах вяртае жыхароў Падляшша да беларускіх традыцый і культуры.

Госць «Радыё Рацыя» – стваральнік Музея Малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах Дарафей Фіёнік – ужо шмат гадоў вяртае жыхароў Падляшша да сваіх традыцый і культуры. Хоць пандэмія каронавіруса ўплывае на ўсе аспекты нашага жыцця, але не замінае нам памятаць пра тое, кім мы ёсць.

- Цікава дазнацца, якія ёсць навіны, тым больш у такі перыяд. Вы заўсёды ў гэты час рыхтаваліся да сваіх фестываляў: “Там по маёвуй росі” , “Олень по бору ходзіць”. Ужо другі год пачынаем жыць у пандэміі, які лёс фестываляў, што плануеце ў гэтым годзе?

- Для мяне гэты час благаслаўлёны. Я адпачываю, але не ў сэнсе, што нічога не раблю. Пасля 20-ці гадоў “катаргі” арганізацыйнай, будаўнічых спраў і іншых, атрымалася зрабіць пэўныя справы, на якія дасюль не было часу. Напрыклад, выданне кніг. Некаторыя рукапісы ляжалі пару гадоў, а тут стала больш часу, і выйшла кніжка “Мяшчанская вёска Відава” Пятра Белаказовіча, кніжка Зоі Сачко для дзяцей “А колісь як было?”, выйшлі два нумары “Бельскага гостінца” і нумар “ Мельніцкага гостінца”, цяпер рыхтуем кнігу Віктара Стахвюка “Подых цемры”.

Аднавілі мы і працу Школы падляшска-беларускіх культурных і гістарычных традыцый. Ужо мелі пару сустрэч. Ідзе цікавая мастацкая работа, ствараецца “Тэлятыцкая панарама”. Пару гадоў супольна з зацікаўленымі асобамі з Польшчы, Беларусі і Расеі рэалізуем важную працу па адраджэнні культурных і гістарычных традыцый тэрыторыі праваслаўнага прыхода Тэлятычы.

Зараз паўстае “Тэлятыцкая панарама” Міраслава Здрайкоўскага. Фактычна не захавалася на тэрыторыі Падляшша гістарычных гравюр, такіх, якія маюць, напрыклад, Гародня ці Берасце. На Падляшшы ніякі горад такіх гравюр не мае. Таму мусім ствараць цяпер. Калі ідзе размова пра час вясны, які надышоў, то ў нас так скалалася ўжо некалькі гадоў, што арганізуючы “Там по маёвуй росі”, мы сышлі са сцэны на вуліцы, на палі, лугі, на людскія панадворкі.

Пачынаем з 1-га траўня, бо гэта Вялікая субота. У гэты дзень мы адкрываем пленарную выставу ў Студзіводах – здымкі за 15 год Вячаслава Панасюка, які дакументуе штогод, як збіраюцца людзі асвячаць пасху ля крыжа.

А збіраецца да ста чалавек, усе Студзіводы! А 6-га траўня, на Юр’е, абходзім жыта на полі ў Старых Порубах з караваем, з качаннем каравая, спяваннем “агулек”, з карагодамі. 9-га траўня плануем падобныя карагоды ў вёсцы Тапілец. 8-га траўня плануем быць у Махнатым, абходзіць жыта на полі. Думаю, што такое веснавое ажыўленне менавіта песнямі, абрадамі, як паказвае гэтая сітуацыя, універсальнае. І працягваецца пастаянная праца нашых калектываў – гэта “Жэмэрва”, “Жэўжыкі” і “Осочнікі”. І гэта ўсё студыі фальклору.

І мы можам выступаць, а можам і не выступаць. Бо мы даследуем фальклор, расшыфроўваем запісы, апрацоўваем іх, самі сабе ствараем нагоды, каб паспяваць, выйсці на прыроду, на поле на Юр’е, не чакаем, калі нас хтосьці запросіць на сцэну. Для нас важна, што мы выхоўваем дзяцей, моладзь, што маем патэнцыял запісаных традыцый: песень, абрадаў, танцаў, музыкі інструментальнай, што можам камусьці гэта перадаць і навучыць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]