Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Другi лiст Паўла Севярынца да мітрапаліта Веніяміна

03.05.2021 политика
Другi лiст Паўла Севярынца да мітрапаліта Веніяміна

Хрыстос Уваскрос — і Беларусь уваскрэсне!

Адзiн з лiдараў беларускай апазiцыi, палiтзняволены Павел Севярынец напісаў другі ліст-зварот да мітрапаліта Веніяміна. У адказ на першы ліст Паўла Севярынца, які прасіў заступіцца за бел-чырвона-белы сцяг, мітрапаліт сказаў, што каб бчб-сцяг не прызналі экстрэмісцкім, дастаткова не выкарыстоўваць яго ў палітычных мэтах. Другi лiст апублiкавала яго жонка Вольга.

«Мір Вам, Ваша Высокапраасвяшчэнства!

Найперш, дзякуй Вам за тое, што Вы знайшлі час і магчымасць адказаць на мой ліст. Многія казалі: «Адказу не будзе». Ваш допіс сведчыць пра тое, што і Вы разважаеце над лёсам Беларусі. Тым больш цяпер, у час Вялікага посту, калі нам належыць выпрабоўваць свае сэрцы, адкрыць іх ачышчальнаму дзеянню Святога Духа, выпростваць свае шляхі і імкнуцца да праўды ды Святасці Божай.

Вось жа, у святле Божай праўды не магу прыняць некаторыя выказаныя Вамі думкі.

Вы пішаце: «Сапраўды, праваслаўныя архірэі маюць на сваёй мантыі бел-чырвона-белыя палоскі — «струмяні», якія служаць напамінам пра Прачыстую кроў Збаўцы на белай Плашчаніцы. Але дадзенае спалучэнне колераў тканіны стала выкарыстоўвацца, акрамя названага вышэй выпадку, не з рэлігійнай, а з палітычнай мэтай».

Такім чынам, Вы ўсё-такі прызнаеце, што спалучэнне белага, чырвонага і белага — гэта сімвал Прачыстай Крыві Збаўцы Ісуса на белай Плашчаніцы. Добра. Навукоўцы (напрыклад, гісторыкі, супрацоўнікі Акадэміі Навук Беларусі Андрэй Унучак і Юрый Бачышча) пацвярджаюць, што менавіта гэты сімвал за 1000 гадоў гісторыі Беларусі стаў нашым нацыянальным сцягам (а ў 1918-м і 1991—1995-м быў прызнаны дзяржаўным) — і што ён выяўляе менавіта Уваскрэсенне Хрыста. 103 гады таму Свяцейшы Патрыярх Ціхан падтрымаў і блаславіў Беларускую Народную Рэспубліку пад бел-чырвона-белым сцягам, а ў 1995 годзе светлай памяці Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт вызнаў дзяржаўны сцяг сімвалам Крыві Хрыста на белай Плашчаніцы.

Дык у чым жа рэч, Ваша Высокапраасвяшчэнства? У тым, што хтосьці выкарыстоўвае бел-чырвона-белы сцяг у палітычных мэтах? А калі сёння хтосьці выкарыстоўвае ў палітычных мэтах, скажам, мантыю архірэя? Мы што, і яе забаронім? Ці наогул забаронім Самога Хрыста, як спрабавалі зрабіць камуністы ў Савецкім Саюзе?

Пасля таго, як абураны беззаконнем і злачынствамі беларускі народ, узяў сцяг Хрыста як сімвал праўды, свабоды, справядлівасці — узняў як крык да неба, як надзею, як малітву, урэшце! — забаронім?.. Ды камяні ж загалосяць, Ваша Высокапраасвяшчэнства!

Вы пішаце пра палітыку. Наш Госпад і Збаўца Ісус Хрыстос быў укрыжаваны ў выніку сфабрыкаванага палітычнага абвінавачвання (маўляў, называў Сябе Царом Юдэйскім — а значыць, праціўнік кесара — Евангелле паводле Іаана, 19:12,15).

За апошнія сто гадоў у Беларусі камуністы засудзілі ды расстралялі сотні праваслаўных святароў, у тым ліку архірэяў. За што? За «палітычную дзейнасць» — «антысавецкую агітацыю» і «контррэвалюцыю». Не за «рэлігію» — за «палітыку». Дзясяткі з іх ужо кананізаваныя Беларускай Праваслаўнай Царквой, як Вы ведаеце. Іх знішчалі, каб яны не займаліся «палітыкай» — не выкрывалі зло следам за Хрыстом. А хто сёння творыць беззаконне ў Беларусі? Ставіць помнікі Сталіну, выкарчоўвае крыжы ў Курапатах і ломіць жыцці тысяч беларусаў? Тыя, хто ўхваляе савецкую эпоху бязбожжа. Няўжо Вы — з імі?

Гаворка тут не толькі пра сімвалы, як Вы разумееце, Ваша Высокапраасвяшчэнства. Гаворка пра вялізную адказнасць Царквы — і Вас асабіста як прадстаяцеля — за тое, што адбываецца ў Беларусі. На небе Госпад не з каго іншага, а з нас, хрысціянаў, спытае за гэтую зямлю. З кім вы былі тады, спытае Госпад кожнага з нас. З Хрыстом? З яго народам? Ці з тымі, хто тварыў беззаконне? З князем веку гэтага?

Бойцеся Бога — і больш нікога!

Зычу, каб у астатнія дні Вялікага посту, дні пакут Збаўчы Вы адкрылі сэрца не страху, але Богу.

Укрыжаваны Збаўца свету ўваскрос — і пакінуў людзям белую Плашчаніцу са следам Сваёй Прачыстай Крыві, як знак перамогі над злом, страхам і смерцю.

Дай Бог, каб Ён уваскрос у Вашым сэрцы — а таксама ў сэрцах тых, хто палюбіў не святло, а цемру.

Хрыстос Уваскрос — і Беларусь уваскрэсне!»

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]