Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Ксёндз Барок: Улада выглядае, як тая, што вось-вось сканае

03.05.2021 политика
Ксёндз Барок: Улада выглядае, як тая, што вось-вось сканае

Немагчыма нічога зрабіць з марай беларусаў змяніць да лепшага сваё жыццё.

«Не здзіўлюся, калі беларускае правасуддзе ў хуткім часам завядзе крымінальную справу «супраць хрысціянаў», бо інкрымінуюць нам, што мы іх хацелі задушыць сваёй любоўю. А Севярынцу загадаюць кампенсаваць матэрыяльныя страты МУС за знішчэнне берцаў сваім сэрцам». Ксёндз з Расонаў Вячаслаў Барок у сваім ютуб-блогу разважае пра розніцу паміж мёртвым і жывым. Яго разважанні прыводзіць тэлеграм-канал «Хрысціянская візія»:

- Вельмі сімвалічна стала, што сістэма беларускага правасуддзя таксама дзейсных прадстаўнікоў улады не адрознівае ад тых, хто ўжо адказвае перад правасуддзем Божым, бо памёр. Сістэма настолькі згубіла вітальныя сілы, што ў ёй усё пераблыталася.

Аб чым гэта я? — спытаецеся вы. Ведаеце, такія думкі ўзнікалі ў маёй галаве тады, калі пачуў, як пад некралогам памерлага міліцыянера з Магілёва, трое грамадзянаў напісалі свае каментары, а следчыя адпаведных органаў "далі прававую ацэнку дзеянням каментатараў і прызналі іх падазраванымі па крымінальнай справе за публічную абразу прадстаўніка ўлады".

Я,безумоўна, не за тое, каб кагосьці абражаць. Ні жывых, ні мёртвых хрысціянін не павінен абражаць. Але ж тым больш, я супраць таго, каб прадстаўнікі ўлады жылі так, каб пасля сваёй смерці апрача абразлівых слоў нічога іншага не маглі пачуць.

Я не хачу даваць ацэнкі каментарам, за якія завялі крымінальную справу. Я хачу выказаць сваё здзіўленне з прычыны таго, што крымінальная справа заведзена за публічную абразу прадстаўніка ўлады, які памёр.

Ці хтосьці можа адказаць мне на пытанне: якім чынам памерлы чалавек можа быць прадстаўніком дзейснай улады? Як нябожчык можа прадстаўляць жывых? Калі ўсё ж беларускае правасуддзе лічыць, што можа, то гэта значыць толькі адно, што беларускае правасуддзе прызнае, што ўлада наша выглядае, як тая, якая калі не ўжо памерла, то вось-вось сканае і яе пахаваюць у магілу.

Напэўна, такі каламбур становіцца рэальнасцю нашага жыцця таму, што ў Беларусі ад пэўнага часу “не да законаў". А вось гэта і ёсць тая дарога, якая вядзе ў магілу.

Бо вядома, усякае беззаконне раней ці пазней будзе пахаванае, хлусня — раскрытая, а кожнае зло — асуджанае і пакаранае.

А вось дабро і праўда, закон і справядлівасць, колькі іх не спрабуй забіць, або закапаць у магілу, з гэтага нічога не атрымаецца, бо яны вечныя. Бо Хрыстос на трэці дзень уваскрос. А значыць і праўда возьме верх.

Нам, хрысціянам, у такім апакаліптычным тэатры абсурду, у якім ролю прадстаўнікоў зямной улады адыграюць нябожчыкі, галоўнае — трымацца Хрыста, прычапіцца да Яго, як галінкам да вінаграднай лазы. (пар. Ян 15, 1-8). І вось тады, нават у нялюдскіх умовах, мы здольныя будзем даваць “багаты плён”. (Ян 15,5) І станавіцца ўсё бліжэй перамогі дабра.

А таму і хрысціяне, якія сёння сядзяць за кратамі, з якіх здзекваюцца і якіх катуюць, з турмаў пішуць: “яны нас берцамі, а мы іх сэрцамі". Гэта словы праваслаўнага верніка Паўла Севярынца.

А вось словы каталічкі Вольгі Залатар: “Я буду шчаслівая, калі людзі на волі дзеля мяне будуць шукаць магчымасць рабіць дабро. Зняволенне мяне засмучае тым, што ў мяне абмежаваныя магчымасці рабіць добрыя справы, радаваць людзей. У маім сэрцы гарыць любоў.” Думаю, сам Апостал Павел не адмовіўся б падпісацца пад такімі словамі і ўставіць у адно са сваіх паданняў, што напісала беларуская вязень, змагарка за справядлівасць.

Ну немагчыма пахаваць у магіле тых, каго нават з царквы выганеш, а яны і так збіраюцца каля той самай царквы і ў холад, і пад дажджом, ды моляцца. Як заявіў без усялякай нянавісці пратэстанцкі пастар Вячаслаў Ганчарэнка: “мы молімся за Лукашэнка".

Не здзіўлюся, калі беларускае правасуддзе ў хуткім часам завядзе крымінальную справу “супраць хрысціянаў”, бо інкрымінуюць нам, што мы іх хацелі задушыць сваёй любоўю. А Севярынцу загадаюць кампенсаваць матэрыяльныя страты МУС за знішчэнне берцаў сваім сэрцам.

Я веру ў тое, як Хрыстос сам вышаў пасля смерці з няволі магілы, так хутка з-за кратаў Ён выведзе на свабоду ўсіх зняволеных.

Як і ў тое веру, што немагчыма пахаваць мару беларусаў змяніць да лепшага сваё жыццё. Гэтая мара мае свой пачатак і завяршэнне ў веры ў перамогу дабра над злом.

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]