Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як расіянін, які жыве ў Бабруйску, цалкам перайшоў на беларускую мову

03.05.2021 общество
Як расіянін, які жыве ў Бабруйску, цалкам перайшоў на беларускую мову

Гісторія Рыната Выстаробскага.

Бабруйчанін Рынат Выстаробскі нарадзіўся ў сталіцы Бураціі – Улан-Удэ (Расія). У Беларусь ён трапіў, калі яго бацькі разышліся, і маці пераехала да сваіх далёкіх родзічаў у Бабруйск. Рынат па-ранейшаму застаўся грамадзянінам Расіі, і карыстаецца пашпартам с двухгаловым арлом. Але яго адметнасць не ў гэтым, а ў тым, што хлопец у паўсядзённым жыцці карыстаецца толькі беларускай мовай. Вabruysk.by спытаў Рыната Выстаробскага, чым адрозніваецца Расія ад Беларусі, як ён стаў размаўляць па-беларуску, і як да гэтага факта ставяцца тыя, хто яго чуе.

– Бабруйск, як і іншыя беларускія гарады, адрозніваецца ад расійскіх перш-наперш чысцынёй вуліц і ландшафтнай прыгажосцю. Калі параўноўваць агульна, узровень жыцця ў Беларусі вышэйшы, чым у Расіі. Аднак трэба разумець, што ў розных рэгіёнах РФ ён можа значна адрознівацца. Але, насамрэч, сітуацыя ў краінах падобная: чым далей ад буйных гарадоў, тым горш умовы жыцця. У Беларусі, за кошт яе невялікіх памераў, яны трохі лепш.

Напрыклад жахлівыя трамваі Варонежа вельмі адрозніваюцца ад якасных мінскіх. Ад трамваяў у Расіі цяпер увогуле пазбаўляюцца. Хаця гэты від транспарта – танны і экалагічны. А яшчэ ў Расіі цяжка перайсці вуліцу, нават, па пешаходных пераходах. Транспарт проста не спыняеца перад мінакамі.

Людзі ў Бабруйску, ды і па ўсёй Беларусі, больш дабразычлівыя і жыццярадасныя, чым у Расіі. Тут адчуваецца грамадская супольнасць, згуртаванасць, таварыскасць. Калі ацэньваць беларусаў па пірамідзе Маслоу, ім патрэбна не толькі ежа і адзенне, але важна і інтэлектуальная сфера. Беларусы больш імкнуцца развівацца – у адукацыі, у культуры. Таму ў Беларусі я адчуваю сябе як у Еўропе.

– Чаму і як вы перайшлі на беларускую мову?

– Мне яна вельмі спадабалася сваёй мілагучнасцю і прыгажосцю. І я вырашыў паспрабаваць. Спачатку ў мяне атрымлівалася вельмі кепска. Перашкаджала асяроддзе – субяседнікі размаўлялі са мной на рускай мове. Але ўрэшце рэшт я з маімі сябрамі разам вырашылі цалкам перайсці на беларускую мову. Спачатку было цяжка. Каб даведацца, як перакласці тое ці іншае слова, прыходзілася бясконца адкрываць у тэлефоне слоўнік на skarnik.by, і шукаць падказкі там. З цягам часу рабілася лягчэй. Бо паступова словы запаміналіся.

Потым я стаў шукаць фільмы з беларускамоўнай агучкай. Пастаянна слухаў песні на беларускай мове… Любімыя выканаўцы – «NaviBand», «Nizkiz», «Tor Band» і Уладзімір Мулявін, з якога я бяру прыклад. Бо ён таксама, як і я, родам з Расіі. Прыехаў сюды і палюбіў беларускую мову, стаў спяваць на ёй песні. Для мяне ён своеасаблівы ліхтар у цемры…

фота: babruysk.by

Літаратура мяне цікавіць толькі на беларускай мове. Зараз чытаю кнігу Говарда Лаўкрафта «Кліч Ктулху». Нядаўна скончыў чытаць творы Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому» і «У тумане». Вельмі падабаецца раман «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага. А мае любімые літаратары – Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін і Максім Багдановіч.

Стаўленне да маёй беларускамоўнасці толькі добрае. Ніколі не сутыкаўся з негатывам. Часцяком мне цёпла ўсміхаюцца. Больш за тое, апошнім часам я ўсё часцей чую адказы на беларускай мове. Неяк у адной кавярні за прывітанне па-беларуску бармэн прынёс мне каву. А грошы не ўзяў. Сказаў: «За мову». Быў выпадак, калі я размаўляў з кімсьці на вуліцы, і мяне пачула вельмі старэнькая бабуля. Узрушаная, яна пачаставала мяне цукеркамі.

– А што вы думаеце пра незайдросны стан беларускай мовы і адносіны да яе дзяржавы?

– Наша грамадства павінна зразумець, што беларуская мова не калгасная. Што на ёй быў напісаны важны гістарычны дакумент – Статут Вялікага Княства Літоўскага. Гэта не нейкі дыялект. Беларуская мова – адна з найвялікшых і ўнікальных моў у свеце: на ёй пісалі і на лацініцы, і на кірыліцы! Калі я пачаў на ёй размаўляць, я зразумеў, што ў ёй шмат мудрасці.

фота: babruysk.by

Для беларусаў не цяжка перайсці на родную мову. Не трэба баяцца рабіць памылкі. З цягам часу іх будзе ўсё меней. У цяжкіх сітуацыях не трэба саромецца заглядаць у слоўнік.

Нажаль зараз з боку дзяржавы, мне так здаецца, робіцца ўсё, каб насельніцтва не цікавілася сваёй мовай і гісторыяй. А ўсе ініціятывы па папулярызацыі беларускай мовы сыходзяць ад грамадскай супольнасці, а не ад дзяржаўных устаноў. І гэта велізарная праблема…

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]