Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Як дачка менскага князя змагла стаць дацкай каралевай

16.05.2021 общество
Як дачка менскага князя змагла стаць дацкай каралевай

Незвычайная гісторыя можа прэтэндаваць нават на ўласны фільм.

Алег Дзярновіч — гісторык-медыявіст, кандыдат гістарычных навук. Даследчык гісторыі і культуры ВКЛ, гісторы Лівоніі. Як археолаг даследуе Крэва і Крэўскі замак.

Сёння мы будзем весці гаворку пра даўнія часы, а дакладней, пра сярэдзіну XII ст. Здаецца, гэтая гісторыя можа прэтэндаваць нават на ўласны фільм.

Разам з гісторыкам Алегам Дзярновічам onliner.by распавядае пра княжну Полацкую і Мінскую Сафію, якая змагла стаць жонкай дацкага караля і атрымаць сапраўдны статус дацкай каралевы.

«Царкоўная» перадгісторыя

У 1949 годзе ва ўсходняй частцы Мінскага замчышча, паміж сённяшнім выхадам з метро «Няміга» і Свіслаччу, быў адшуканы каменны падмурак старажытнай царквы. Гэты храм пачалі будаваць у найстаражытнейшы перыяд існавання Мінскага замчышча. Найверагодней — у ХІІ ст.

Храм не меў аналагаў сярод культавых пабудоў Старажытнай Русі. Ён быў узведзены з бутавага каменю, дэфіцытнага для нашага геалагічнага рэгіёна (асноўным матэрыялам для будаўніцтва храмаў на Русі тады была плінфа, тонкая абпаленая цэгла). Усярэдзіне сцены храма былі аздобленыя вапняковымі пліткамі. Вапняк — яшчэ больш дэфіцытны матэрыял у нашым рэгіёне, для дойлідства Старажытнай Русі не характэрна было абкладаць ім сцены храмаў.

Нетыповымі былі і чатыры калоны, якія падтрымлівалі столь храма, і сама квадратная ў плане яго будова.

Гісторык Эдуард Загарульскі, які даследаваў падмурак храма, ставіў пытанне: чаму ж Мінск, палітычна звязаны з Полацкім княствам, не выкарыстоўваў досведу полацкага манументальнага дойлідства пры пабудове сваёй замкавай царквы? Царква мае больш агульнага не з полацкай Сафіяй, а, як адзначала брытанская аўтарка рэцэнзіі на кнігу Загарульскага Вера Рыч, з кафедральным саборам на Берсэі, адным з Аркнейскіх астравоў. Мінскі храм упісваецца ў раманскую архітэктурную канцэпцыю, і яго будаўнікі маглі паходзіць з заходнеславянскіх зямель, найперш з Польшчы.

Варта пагадзіцца з даследчыкамі, якія кажуць, што гісторыя старажытнарускага дойлідства не можа быць адарваная ад гісторыі палітычных адносін княстваў Русі з суседнімі краінамі.

Палітыка, шлюб і маленькая Сафія

У першай палове ХІІ ст. вакол Полацкай зямлі і яе ўжо напаўнезалежных удзелаў склалася ўнікальная сітуацыя палітычных праектаў і матрыманіяльных саюзаў. Валадар, сын мінскага князя Глеба і ўнук Усяслава Полацкага, каля 1135—1136 гадоў ажаніўся з Рыксай, дачкой польскага князя Баляслава ІІІ Крывавуснага. Гэты шлюб мацаваў палітычны саюз Баляслава з князямі Полацкай зямлі супраць дацкага караля Эрыка ІІ і яго хаўруснікаў — князёў кіеўскіх і наўгародскіх, нашчадкаў Уладзіміра Манамаха.

Яны таксама змацавалі хаўрус дынастычным шлюбам: Эрык ІІ быў жанаты з Мальмфрыдай Мсціславаўнай, дачкой кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча. У той час інтарэсы Полацкай зямлі дасягнулі Балтыйскага мора, узбярэжныя жыхары якога — лівы — плацілі даніну Полацку. Вялікай карысці ад гэтага саюзу ні Полаччына ў сваіх супярэчнасцях з Кіевам, ні Польшча ў супярэчнасцях з Даніяй не атрымалі. Смерці Эрыка ІІ і Баляслава ІІІ прывялі да распаду кааліцыі, а потым і самога шлюбу. У канцы 1140-х Рыкса развялася з Валадаром і выйшла замуж за шведскага караля. Зрэшты, і Валадар Глебавіч не быў першым: да яго Рыкса была замужам за Магнусам Моцным, сынам дацкага караля Нільса.

Кароткі палітычны і сямейны саюз Рыксы і Валадара даў плён — каля 1140 года ў іх нарадзілася дачка Соф’я.

У 1151-м Валадар Глебавіч стаў мінскім князем — яго брат Расціслаў Глебавіч з мінскага пасаду перамясціўся на полацкі, вызваліўшы тым самым для Валадара ўдзел. І ўжо як мінскі князь, Валадар Глебавіч выдаў замуж за дацкага караля Вальдэмара І сваю дачку Сафію. Шлюб адбыўся 23 кастрычніка 1157 года. Няма нічога дзіўнага ў тым, што рускія летапісы Сафію не згадваюць: яны вельмі няпоўныя. Затое княжну і каралеву Сафію добра ведаюць дацкія крыніцы, пра яе піша Саксон Граматык, указваючы, што бацька Sophiam быў русінам («patre Ruteno»). Сучаснікі — знакаміты храніст і каралева Сафія — безумоўна, былі знаёмыя, Саксон Граматык служыў пры двары дацкага караля, як і яго бацька і дзед. Між іншым менавіта гэты дацкі храніст у тым самым творы «Гісторыя данаў» занатаваў легенду пра Гамлета, прынца Дацкага, якая праз тры стагоддзі так натхніла Уільяма Шэкспіра.

Пры такіх актыўных дынастычных сувязях з Захадам не выглядае дзіўным і будаўніцтва, якраз за часамі Валадара Глебавіча, раманскага храма ў Мінску.

Княжна Полацкая і Мінская, каралева Даніі

Сафія Валадараўна мела статус каралевы-кансорта — гэта значыць, як жонка манарха, яна не мела паўнамоцтваў на кіраванне дзяржавай.

З Вальдэмарам яны мелі васьмярых дзяцей — двух сыноў і шэсць дачок. Абодва сыны сталі дацкімі каралямі: Кнудам VI і Вальдэмарам II. Дачка Інгеборга выйшла замуж за французскага караля, а дачка Рыкса — за шведскага. Сама Сафія пасля смерці караля Вальдэмара ў 1182-м узяла новы шлюб з ландграфам Цюрынгіі Людвікам ІІІ Пабожным. Ён быў актыўным удзельнікам крыжацкага руху, асабіста выпраўляўся ў Трэці крыжовы паход, удзельнічаў у аблозе Акры. На зваротным шляху Людвік захварэў і памёр на Кіпры. Але, як выглядае, з Сафіяй ён развёўся яшчэ раней. Гэты шлюб быў бяздзетным.

Сафія вярнулася ў Данію, дзе дажыла ўдавою пры сынах. У статусе каралевы-маці яна заўважна ўплывала на дацкі двор. Пасля смерці, 5 мая 1198 года, яе пахавалі побач з Вальдэмарам І у каралеўскай усыпальніцы ў саборы св. Бенедыкта Нурсійскага ў Рынгстэдзе (востраў Зеландыя).

Крыніцы сведчаць, што каралева Сафія і пасля шлюбу не губляла сувязі з бацькам. Манах Уільям Кентэрберыйскі ў канцы ХІІ ст. пісаў пра тое, як нехта Клімент, вяртаючыся «з Русіі», вёз дары Сафіі, каралеве данаў, якія былі пасланыя яе бацькам, каралём. Але Клімент быў схоплены ў Вінляндыі — так называлася заселенае славянамі-венедамі Памор’е. Даведаўшыся пра гэта, Сафія звярнулася да мужа, караля Вальдэмара. І той пасля нарады з Лундскім арцыбіскупам выправіў супраць рабаўнікоў «разам са знатнымі людзьмі каралеўства» іх сына Кнуда, які якраз чакаў пасвячэння ў рыцары. Так Кнуд здабываў рыцарскую годнасць, баронячы гонар свайго дзеда Валадара Глебавіча. Гэтыя падзеі адбываліся каля 1176—1178 гадоў. Саксон Граматык таксама апісвае эпізод з нападам славянскіх піратаў на пасольства караля Вальдэмара, якое вярталася з дарункамі ад цесця караля. У тыя гады Валадар Глебавіч дасягнуў найбольшай магутнасці. Ён вёў змаганне за дамінаванне Мінска ў Полацкай зямлі, а ў 1167-м нават быў полацкім князем — гаспадаром вялізнай дзяржавы. Не дзіва, што даны называлі яго каралём.

Так сувязі паміж Даніяй і Полацкай зямлёй у канцы ХІІ ст. не спыняліся. Полацк павялічваў у Паўночнай Еўропе свой «вобразны капітал».

Але што гэта маглі быць за падарункі ад князя Валадара? Прыклад дае крыж-энкалпіён (для захоўвання часцінак хрысціянскіх рэліквій), які ў дацкай традыцыі мае назву «крыж Дагмары». Гэта быў візантыйскі ювелірны выраб, і цяпер дацкія даследчыкі мяркуюць, што крыж мог трапіць у Данію менавіта з каралевай Сафіяй.

Сама ж Сафія, падобна, прыўнесла візантыйскую стылістыку і ў архітэктуру Даніі, прыкладам чаго ёсць катэдра ў Калундборгу. У плане яна ўяўляе сабой грэцкі (роўнаканцовы) крыж і мае пяць вежаў, што выбіваецца з раманскай архітэктуры Даніі таго часу.

Але падобна, што сама Сафія была суровага нораву. Напрыклад, гістарычная легенда паведамляе: даведаўшыся пра тое, што яе муж Вальдэмар займеў сардэчную сяброўку Тувэ, Сафія намовіла сваіх памагатых падпаліць лазню, дзе ў той час знаходзілася суперніца.

Дарэчы, вось вам цікавая звестка. Дацкія навукоўцы, даследуючы каралеўскія саркафагі сабора ў Рынгстэдзе, дасталі чэрап каралевы Сафіі як адзін з найлепш захаваных. Копія гэтай дацкай рэліквіі экспануецца ў Нацыянальным музеі ў Капенгагене. Сам жа чэрап выстаўлены ў саборы ў Рынгстэдзе, у крыпце якога захоўваюцца парэшткі дацкіх каралёў да сярэдзіны XIV ст.

Знаходка парэшткаў Сафіі Валадараўны стварае магчымасць для ДНК-экспертызы каралевы і, праз яе, роду Рагвалодавічаў па жаночай лініі. Мы не ведаем іншых парэшткаў (апроч мошчаў святой Еўфрасінні) прадстаўнікоў полацкай дынастыі — княскі некропаль не захаваўся. Гэта дае навукоўцам магчымасць атрымаць частковы ДНК-партрэт Рагвалодавічаў і быць больш падрыхтаванымі ў выпадку новых знаходак.

Калі вам надарыцца наведаць Данію, завітайце ў Рынгстэд і пастойце ў мясцовай катэдры каля сціплай гранітнай пліты, на якой выбіта імя Сафіі — каралевы Даніі і княжны Мінскай.

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]