Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Памяцi Вiтальда Ашурка

21.05.2021 политика
Памяцi Вiтальда Ашурка

Чым ён быў небясьпечны для ўлады, а таксама якім быў чалавекам і сябрам.

Палітвязень Вітольд Ашурак, якому 18 студзеня ў Лідзкім раённым судзе прысудзілі 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму, памёр у шклоўскай калёніі на 50-м годзе жыцьця.

Пра сьмерць палітвязьня ў сацыяльных сетках пішуць таксама ягоныя паплечнікі і знаёмыя.

Паведамляюць, што апошнія тыдні ад яго не было лістоў. Раней ён пісаў у лістах, што спадзяецца выйсьці на свабоду яшчэ сёлета.

Паводле «Нашай Нівы», прычына смерці — спыненьне сэрца. У калёніі ў Шклове «палітычным» нашываюць жоўтыя біркі, пісаў з калёніі Ашурак.

«Палітычных тут не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш, што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзеньні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк», — пісаў палітвязень.

«Радыё Свабода» расказвае, чым ён быў небясьпечны для ўлады, а таксама якім быў чалавекам і сябрам.

«Гэта было паказальнае судзілішча»

Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Ён жыў у невялікай Бярозаўцы, што на Лідчыне, з насельніцтвам 10 тысяч чалавек. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Ня раз балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Падымаў экалягічныя пытаньні. Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага.

Ашурка асудзілі 18 студзеня на 5 гадоў калёніі, таксама ён мусіў выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту. Суд вырашыў, што Ашурак арганізоўваў дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама чыніў гвалт над міліцыянтам. Справу разглядалі ў закрытым рэжыме, папярэдне гэта тлумачылі эпідэміяй каранавірусу, потым дзяржаўнай таямніцай.

Падтрымаць Ашурка прыходзілі больш за 50 чалавек, але ахвотным дазволілі прысутнічаць у залі толькі падчас абвяшчэньня прысуду. Прысуд уступіў у сілу ў дзень абвяшчэньня, яго нельга абскардзіць. Адметным на судзе быў і той момант, што, акрамя прысуду, судзьдзя зачытаў падзяку міліцыянтам.

«Гэта было паказальнае судзілішча... Судзьдзя ледзь не да ўзнагароды іх патрабаваў прадставіць: кіраўніка Лідзкага РАУС і міліцыянтаў, якія не дапусьцілі гвалту і беспарадкаў. Я першы раз чую, каб у судзе такое гучала», — расказаў сябар Ашурка Сяргей Пантус.

9 жніўня ў Лідзе выйшлі каля 3 тысяч чалавек

За што менавіта судзілі Вітольда, невядома. Вядома толькі, што гэта тычыцца падзей 9 жніўня. Як расказаў жыхар Бярозаўкі Сяргей Пантус, тады ў цэнтры Ліды ўвечары сабраліся каля 3 тысяч чалавек. Яны арганізавана пайшлі пад райвыканкам. Ішлі па ходніках і пешаходных пераходах, чакалі на сьвятлафорах. Пад райвыканкамам лідзяне заклікалі прызнаць выбары несапраўднымі, вынікі сфальсыфікаванымі. Да іх на перамовы выйшлі міліцыянты ў парадных белых кашулях.

«Каля райвыканкаму ніякага гвалту не было. Наадварот, Вітольд заклікаў да супакою, да парадку. Нават калі да яго падышоў начальнік лідзкага РАУС Гуляшка і папрасіў адысьці ад сьценаў райвыканкаму, Вітольд адказаў: „Так, людзі адыдуць, але і вы таксама адганіце аўтазак, бо людзі хвалююцца“. Людзі адышлі, і аўтазак ад’ехаў», — расказаў Сяргей.

Потым прыехалі дзьве машыны, падобныя да пажарных, і пусьцілі газ. Людзі кідалі ў машыны плястыкавыя бутэлькі, але нічога не пашкодзілі.

«Вось і ўся віна Вітольда... На яго наляцелі, скруцілі, зацягнулі ў райвыканкам. Пасьля ўсе мірна разышліся, за сабой нават сьмецьце папрыбіралі», — расказвае Пантус.

Ашурка тады асудзілі на 20 сутак: 15 за ўдзел у масавым мерапрыемстве і 5 за непавагу да суду, бо ня ўстаў, калі зайшоў судзьдзя. Празь 5 дзён яго выпусьцілі, бо сталі выпускаць усіх «палітычных».

Ашурак працягваў езьдзіць на «ланцугі салідарнасьці» ў Ліду, не хаваўся, бо не лічыў сябе вінаватым.

Наступны раз Вітольда затрымалі 19 верасьня, каб дасядзеў неадседжаныя 15 дзён. Таксама яго асудзілі на яшчэ 15 сутак за 8 мітынгаў, у якіх ён браў удзел. Аднак пасьля месяца за кратамі Вітольд ня выйшаў. Стала вядома, што на яго завялі дзьве крымінальныя справы.

«Мне здаецца, гэта была „паказальная лупцоўка“. Лідчына дастаткова прагучала падчас падзеў апошніх месяцаў. Вітольд для многіх знакавая асоба... Калі на яго будуць ціснуць, ён дакладна ня будзе ніякіх папераў падпісваць, будзе стаяць на сваім. За праўду будзе стаяць да канца. З аднаго боку, за гонар мець такога сябра, з другога, я крыху за яго баюся», — уздыхае Сяргей Пантус.

Пасьля Акрэсьціна пачаў гаварыць па-беларуску

Сяргей ведаў Вітольда каля 20 гадоў.

«Ён заўсёды быў прынцыповы, шчыры, меў моцнае пачуцьцё справядлівасьці. Ён дзеля сяброў гатовы ахвяраваць усім», — расказвае Пантус.

«Вітольд — гэта адзін з самых прынцыповых, сумленных і сапраўдных людзей, зь якімі я знаёмая. Мне здаецца, што ў свабоднай Беларусі ён будзе сапраўды вялікім рэгіянальным палітыкам», — выказалася пра Вітольда ягоная паплечніца і сяброўка Вольга Быкоўская.

Палітыкай Вітольд зацікавіўся 10 гадоў таму. Зьнянацку вырашыў паехаць на Плошчу-2010. Атрымаў свае першыя 12 дзён арышту. Пасьля выхаду адразу ўступіў у партыю БНФ, стаў сябрам сойму БНФ. Пачаў гаварыць па-беларуску.

«Для яго гэта быў паваротны момант. Ён сядзеў з такімі людзьмі... Там нейкі прафэсар быў, яны гулялі ў шахматы. Вітольд адзін раз у яго нават выйграў. Выйшаў і сказаў: «Усё, уступаю ў „Фронт“. Хачу быць сапраўдным беларусам», — расказваў сябар Ашурка.

«Мая адукацыя найлепшая — я самавук»

Як і многія жыхары Бярозаўкі, Ашурак доўгі час працаваў выдзімальнікам на шклозаводзе. Потым перайшоў у будоўлю, рабіў рамонт кватэр.

Ён ня меў вышэйшай адукацыі. Скончыў сярэднюю школу.

«Калі ў яго пыталіся, якая ў яго адукацыя, ён любіў паўтараць: „Мая адукацыя найлепшая — я самавук“. Ён вельмі гісторыяй цікавіўся, гісторыяй мастацтва. Горы кніг пра гэта прачытаў. Турызмам цікавіўся. Мы ж кожны год сплаўляемся на плытах па Нёмане», — прыгадваў лідзкі актывіст.

У 2018 годзе сплаў прысьвяцілі #БНР100. Таксама Вітольд быў адным з арганізатараў фэстаў патрыятычнай песьні, якія праходзілі пад Бярозаўкай.

«Ён вясёлы, умеў пажартаваць, пасьмяяцца, падняць настрой. Кампанейскі, зь ім заўсёды весела», — расказвала Вольга Быкоўская.

«Ён нікому не сказаў. Выйшаў і адзін стаяў»

Ашурак заўсёды наведваў ушанаваньні ў Сьвіслачы Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў. У выніку яго заўжды каралі штрафам або арыштам.

Апошнім часам падымаў экалягічныя праблемы. Змагаўся супраць шкоднай вытворчасьці шклаваты. Летась у красавіку яму за гэта далі штраф.

Упершыню з экалягічным плякатам ён выйшаў у 2015 годзе да мясцовага рынку. На плякаце напісаў «Шклавата — сьмерць Бярозаўкі».

«Ён нікому не сказаў. Выйшаў і адзін стаяў. Казаў потым: „Страшна было, аж жудасьць, аж каленкі падгіналіся. Увесь час здавалася, што зь любой машыны выскачаць і пачнуць вязаць“», — расказваў Сяргей пра першую акцыю Вітольда.

Ашурак з паплечнікамі судзіўся з заводам за парушэньне Орхускай канвэнцыі, дамагліся грамадзкіх слуханьняў. Урэшце на заводзе пабудавалі больш бясьпечную высокатэмпэратурную печ, дзе спальвалі шкодныя адкіды.

Калі пачаўся мор рыбы ў Дзітве, Ашурак таксама прапанаваў выйсьці на акцыю, каб прыцягнуць увагу да праблемы.

«Мы тады роўна хвіліну прастаялі з плякатам „Мёртвая Дзітва“ на прыступках райвыканкаму. Атрымалі па 10 базавых. Але прыцягнулі ўвагу. Пачалося пашырэньне лідзкіх ачышчальных [збудаваньняў]», — расказваў Пантус.

Ашурак разам з паплечнікамі аднаўлялі месцы, зьвязаныя з паўстаньнем 1863—1864 гадоў, ставілі крыжы на месцы пахаваньня паўстанцаў па ўсёй Горадзеншчыне. Зрабілі помнік паміж вёскамі. Аднаўляў Вольжава і Мохавічы цягам 2017—2018 гадоў.

«Ён быў вельмі актыўны. Хаця чаму быў? Ён і цяпер актыўны. Ён і цяпер трымаецца... На прысудзе ён увесь час усьміхаўся, стаяў з высока паднятай галавой», — кажа сябар Ашурка.

«Ён сапраўдны лідэр мясцовай супольнасьці. Гэта адказ і на пытаньне, чаму ён атрымаў такі жорсткі прысуд. Такіх лідэраў беларускія ўлады вельмі баяцца. Яны ня хочуць, каб паўставала грамадзянская супольнасьць у рэгіёнах, каб рэгіёны маглі адстойваць свае погляды, каб у рэгіёнах былі людзі, якіх паважаюць мясцовыя жыхары, якія гатовыя за сабой павесьці людзей, якія падчас пратэстаў могуць выступаць перамоўнікамі, прадстаўляць людзей, да якіх ставяцца з такой павагай, прыслухоўваюцца да іхняй думкі. У Беларусі мала такіх актывістаў. Вітольд такі», — казала пра Ашурка Вольга Быкоўская.

Яна засталася ад уражаньнем, што нават мясцовы таксіст, які вёз яе на суд, ведаў пра справу Ашурка.

«Гэта не мяняецца ад таго, ці знаходзіцца ён на волі, ці за кратамі. Думаю, што за кратамі ён атрымае яшчэ большую падтрымку. Ён незвычайны. Такіх людзей вельмі мала. Я вельмі цаню шчырасьць, калі людзі сапраўдныя, не прыкідваюцца кімсьці іншым. Вітольд сваёй сапраўднасьцю, сумленнасьцю, лідэрскімі якасьцямі заваяваў гэтае месца ў Лідзкім рэгіёне», — мяркуе Вольга Быкоўская.

Вітольд у лістах перажывае ня столькі за сябе, колькі за сяброў і родных. Пісаў, што гатовы да ўсяго, у тым ліку сядзець за Беларусь.

«Я нікога не забіў, нікога не падмануў, нічога ня скраў. Я рабіў так, як парабуе маё сумленьне», — прыгадвае словы Вітольда Сяргей.

Источник charter97.org

Последние новости:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]