Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Ёй былі даступныя ўсе галерэі свету — яна ж марыла пра Беларусь»

23.05.2021 общество
«Ёй былі даступныя ўсе галерэі свету — яна ж марыла пра Беларусь»

Гісторыя мастачкі, якая скарыла сваёй творчасцю Амерыку.

Мастак Сяргей Харэўскі распавёў onliner.by пра бурнае жыццё пяці яго беларускіх калег, якія сталі вядомымі праз свае творы, незвычайны лёс і дасягненні ў грамадскім жыцці.

Фото: onliner.by Фото: onliner.by

Роберт Генін

У Роберта Геніна вельмі дзіўны і яркі лёс. Нарадзіўся гэты мастак у 1884 годзе ў вёсцы Высокае, што ў цяперашнім Клімавіцкім раёне, на Магілёўшчыне, у сям'і небагатага яўрэйскага крамніка. Бацька ўсё ж здолеў выправіць сына пасля павятовай школы на вучобу ў Вільню. Але ж першыя свае 16 гадоў Роберт пражыў на Клімавіччыне. Там, у старажытнай нашай сталіцы, Роберт Генін два гады, да пачатку ХХ стагоддзя, вучыўся ў малявальнай школе акадэміка Івана Трутнева. А затым — яшчэ два гады ў Адэскім мастацкім вучылішчы. У 1902-м Роберт Генін адправіўся ў Мюнхен вучыцца ў славутай школе Антона Ашбэ, дзе ў свой час вучыліся і нашыя славутыя землякі Мсціслаў Дабужынскі і Абрам Маневіч. Але раптам ён расчараваўся ў гэтай мастакоўскай школе і пераехаў у Парыж, дзе жыў камунаю з пяццю сваімі сябрамі. У тыя гады Роберт Генін наведваў Акадэмію Жуліяна і вышэйшыя курсы сацыяльных навук у Сарбоне.

У 1907 годзе Генін упершыню ўдзельнічаў у выставе парыжскага Восеньскага салона, дзе экспанаваў сваю вялікую карціну «Жабрак». Але, расчараваўшыся ў парыжскім жыцці, у 1907 годзе вяртаецца ў Мюнхен, тут ён малюе ілюстрацыі і карыкатуры для часопіса Jugend, у якім было змешчана больш за 40 яго ілюстрацый. У 1912 годзе ён выканаў шэраг эскізаў насценнага роспісу на тэму «Праца» для музея Шчэціна. У 1911—1912 гадах разам з Паўлем Клее і Альфрэдам Кубінам уваходзіў у мюнхенскую групу Sema. З пачаткам Першай сусветнай вайны Генін быў інтэрнаваны з іншымі грамадзянамі Расіі ў лагер пад Мюнхенам. Але пры тым у галерэі Таўнсхаўзер у 1917 годзе прайшла яго вялікая персанальная выстава. Па сканчэнні вайны Роберт Генін пераехаў у Берлін. А ўжо ў 1919 годзе набыў сабе дом ля возера, у маляўнічым швейцарскім мястэчку Аскона, побач з Італіяй. Там ён жыў па некалькі месяцаў штогод. Пераехаў зноў у Парыж, актыўна ўдзельнічаў у мастацкіх выставах на Нямеччыне, у Швейцарыі, Францыі і Галандыі. Але самае дзіўнае падарожжа ён здзейсніў у 1926 годзе — праз Егіпет, Індыю і Цэйлон у Інданезію і нават пажыў на Балі.

З Інданезіі Генін прывёз вялікую колькасць натурных шкіцаў і эцюдаў. Перадусім лірычных пастэляў і акварэляў баліек з кветкамі і іх грацыёзныя постаці з малпачкамі. У 1928 годзе накладам у 150 тысяч асобнікаў у Берліне была выдадзена кніга Геніна «Далёкая выспа», ён быў аўтарам і тэксту, і ілюстрацый. А яго рукапісную кнігу «Балі» з падарожнымі ўражаннямі і зробленымі з натуры выявамі купіў дырэктар Музея прыкладнога мастацтва ў Кёльне Карл Віт. Сёння яна захоўваецца ў тым жа горадзе ў Музеі Людвіга. Творы Роберта Геніна цяпер знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях Германіі, Швейцарыі, Францыі, Нідэрландаў, ЗША, Расіі і Беларусі.

Фото: onliner.by

Аскар Марыкс

У Беларусі жыў яшчэ адзін мастак незвычайнага лёсу — гэта Аскар Пятровіч Марыкс. Ён нарадзіўся ў 1890 годзе ў заможнай славацкай сям'і ў Львове, калі той быў у складзе вялікай Аўстрыйскай імперыі. Прафесійную мастацкую адукацыю ён атрымаў спачатку ў Пражскай акадэміі мастацтваў, якую скончыў у 1912 годзе па класе архітэктуры, дэкаратыўнага і прыкладнога мастацтва. Вучыўся ён таксама і ў Варшаўскай школе пекных мастацтваў, у Акадэміі мастацтваў у Вене, а затым і ў родным Львове. Такім чынам, атрымаў выдатную еўрапейскую мастакоўскую адукацыю.

А ўрэшце з невядомых прычын у 1920 годзе пасяліўся ў Мінску, дзе і застаўся на ўсё жыццё. Тут ён стаў сябрам гэтак званай «рэвалюцыйнай платформы беларускіх рэфарматараў», што была заснавана прафсаюзам работнікаў мастацтва, адукацыі і друку.

У 1920-я гады Аскар Марыкс фактычна стварыў школу тэатральнай сцэнаграфіі ў Беларусі. Вялікая выстава твораў мастака, справаздачная за 30 гадоў творчай дзейнасці, адкрылася ў Мінску літаральна за некалькі дзён да пачатку вайны. І ўжо нямецкія акупанты вывезлі яе ў Нямеччыну. Знікла таксама і вялікая бібліятэка мастака, якую складалі кнігі на дзясятках моў. Частка, нават экслібрысы Марыкса, вярнулася з Германіі яшчэ пры яго жыцці.

Ужо з 1922 года Марыкс быў галоўным мастаком цяперашняга Купалаўскага нацыянальнага тэатра. І ў гады вайны разам з ім знаходзіўся ў эвакуацыі ў горадзе Уральску. Пасля вайны ён не мог вярнуцца ў панішчаны Мінск і пэўны час жыў у Гродне, дзе таксама пачаў працаваць у яшчэ польскім, а затым у Гродзенскім абласным драматычным тэатры. І толькі ў 1957-м у яго атрымалася вярнуцца ў адбудаваную сталіцу Беларусі.

Апошнія гады Марыкс жыў у вялікай кватэры ў доме проста насупраць цырка, дзе ён ператварыў адзін з пакояў у майстэрню. Вельмі шчыльныя сяброўскія кантакты Марыкс меў з Янкам Купалам ды з іншымі беларускімі пісьменнікамі — Петрусём Броўкам і Кандратам Крапівою. Дарэчы, ён і сам выдатна, вольна валодаў беларускай мовай!

Асноўныя творы Аскара Марыкса звязаныя са сцэнаграфіяй. Ім былі створаныя больш за 200 дэкарацый да спектакляў вядучых беларускіх тэатраў! Таксама ён — аўтар вялікіх манументальных пано на гістарычныя тэмы, графічных серый, шэрагу жывапісных прац. Тэатральныя работы Марыкса сёння знаходзяцца ва ўсіх галоўных музейных зборах Беларусі і ў прыватных калекцыях.

Фото: onliner.by

Мікалай Цыкоўскі

Жывапісец Цыкоўскі вядомы цяпер у свеце дзякуючы сваім спакойным дэкаратыўным пейзажам і партрэтам, мноствам акварэляў, кшталт якіх сёння часам пазначаюць як «мадэрнісцкі рэалізм» альбо нават «амерыканскі постімпрэсіянізм». Будучы мастак быў чацвертым дзіцём у дыхтоўным драўляным доме ў цэнтры старажытнага Пінска. Тут, у старасвецкім горадзе ён вучыўся спачатку ў павятовай школе, затым у гімназіі. Талент да жывапісу выявіўся ў яго яшчэ ў дзяцінстве. Бацька прыхільна, з разуменнем ставіўся да сыноўскага захаплення мастацтвам, таму выправіў у 1910 годзе здольнага да навук юнака ў Вільню, у дзяржаўную малявальную школу, заснаваную яшчэ Іванам Трутневым. У адзін час з Цыкоўскім тут вучыўся і ягоны будучы сябар Хаім Суцін. Але раптоўны пачатак вайны змяніў усе планы навучэнцаў. Хаім Суцін паспеў выехаць у Парыж, а Мікалай Цыкоўскі, разам з вялікай бацькоўскай сям'ёю, апынуўся ў далёкай расійскай Пензе. А там ён паступіў у імператарскую Пензенскую мастацкую вучэльню.

За вайною прыйшла новая вайна, грамадзянская, у віхуры якой знікалі землякі, сваякі, сябры. Тым часам мастацкае вучылішча ў Пензе было пераўтворанае ў Вольныя мастацкія майстэрні. Але самога Мікалая Цыкоўскага бальшавікі гвалтам мабілізавалі ў Чырвонае войска ў якасці мастака-агітатара. Урэшце пасля Рыжскага міру да ўласнага дому, на бацькаўшчыну здолела выбрацца маці, з дзвюма дочкамі, сёстрамі Мікалая.

Пры першай магчымасці ў 1921 годзе Цыкоўскі дэмабілізаваўся, прыладзіўшыся выкладаць маляванне ў Екацярынбургу. У той час мастак актыўна ўбіраў уплыву найбольш прагрэсіўных плыняў у мастацтве, ад постімпрэсіянізма Сезана і фавізма Маціса да кубізму, футурызму і канструктывізму.

Пасля кароткага знаходжання ў бацькоўскай хаце, у Пінску, пакінуўшы на радзіме ўсе свае раннія творы, Мікалай Цыкоўскі выправіўся далей, шукаць бацьку і брата. Праз Парыж ён выехаў у Нью-Ёрк. Цыкоўскі перарабіў сваю кар'еру там практычна з нуля, але ж ён ужо быў прафесійным мастаком. Таму ён адразу знайшоў сабе адпаведную працу — ствараў тэатральныя дэкарацыі і манументальныя роспісы.

Пасля першых выставаў у музеі Брукліна і галерэі Чарльза Даніэля працы Цыкоўскага ў духу кубізму пачалі пакрысе набываць для прыватных калекцый. У гэты час ён сыходзіцца з Рафаэлем Соерам, пад уплывам якога пачынае пісаць карціны ў кшталце сацыяльнага рэалізму. Гэты кірунак стаў модным акурат у часы вялікай дэпрэсіі, ім тады захапіліся многія мастакі левых поглядаў, што мела на мэце прыцягнуць увагу публікі да праблем і паўсядзённага жыцця працоўных класаў. Цыкоўскі і Бурлюк уваходзілі ў лік тых, хто выстаўляўся ў галерэі лявацкага Кангрэса амерыканскіх мастакоў. А праз пару дзясяткаў гадоў, падчас «палявання на ведзьмаў», кіраўнік галерэі Херман Барон быў абвінавачаны ў спрыянні камуністам. У той час дасталася і яго падапечным — жывапісцам еўрапейскага паходжання, чыю дзейнасць таксама расследавалі.

Але самым плённым для Цыкоўскага стаў перыяд 1940-х гадоў, калі жывапісец захапіўся пейзажамі і пляжнымі матывамі. Менавіта ў гэты час Цыкоўскі піша вялікую колькасць ідылічных прыморскіх пейзажаў. Перад гледачамі на тагачасных палотнах паўставалі берагі акіяна, азёраў і ручаёў, у лазурных водах якіх адлюстроўваліся зіхоткія блікі. А па-над берагамі — густая, пышная, рыхтык трапічная расліннасць, смарагдавыя травы, густа-зялёныя кусты, дзіўныя сінія дрэвы, што растуць нібы не на зямлі, але ў раі. Абрысы дрэваў выгінаюцца, сплятаюцца, утвараючы карункі, праз якія ўдалечыні відаць мора з белымі грабянямі прыбярэжных хваляў, лілова-зялёная гара на суседнім беразе, блакітнае неба — ілюзія прыроды, што магла б стаць раем.

1950-я гады адзначыліся росквітам абстрактнага экспрэсіянізму, дзякуючы чаму кар'еры некаторых удзельнікаў «Групы Хэмптон-Бэйз», якія эксперыментавалі з абстракцыяй, пайшлі ўгару. Але Цыкоўскі не здрадзіў свайму постімпрэсіянісцкаму стылю. Гэты перыяд быў лепшым у кар'еры: мастак працаваў незвычайна плённа, вырабляючы сотні маляўнічых пейзажаў, якія, між іншым, добра прадаваліся і дэманстраваліся ў многіх музеях і галерэях.

Мікалай Цыкоўскі па вайне даведаўся, што падчас нямецкай акупацыі, у 1942 годзе, памерла ягоная маці. Там, у родным Пінску, засталіся ягоныя сёстры, з якімі ён паспеў зліставацца, і пляменніцы, якіх ён ніколі не ўбачыў.

Пасля смерці Бурлюка «Група Хэмптон-Бэйз» канчаткова распалася ў 1967 годзе. Аднак аддаляцца адзін ад аднаго ўдзельнікі сталі значна раней — многія з іх, акрыяныя фінансавым поспехам у Нью-Ёрку, сталі прыязджаць на Лонг-Айлэнд усё радзей.

А вось Цыкоўскі любіў пастаральны Лонг-Айлэнд ды ўрэшце пасяліўся там у пачатку 1970-х гадоў. У 1965-м ён атрымаў доктарскую ступень у Гарвардскім універсітэце. У 1970 годзе стаў дырэктарам Мастацкага музея ў горадзе Осцін, што ў Тэхасе. Жывапісец памёр у 1987 годзе ў Вашынгтоне. Яго працы можна сустрэць у калекцыях такіх шаноўных амерыканскіх музеяў, як Ўітні, Метрапалітэн, Бруклінскі музей, Мастацкі музей акругі Лос-Анджэлес, Музей выяўленчых мастацтваў Бостана і Мастацкі музей Карнегі ў Пітсбургу. А ў Пінску, апроч магілаў родных, яшчэ стаіць дом, дзе нарадзіўся гэты выдатны мастак.

Фото: onliner.by

Галіна Русак

Гэтая мастачка нарадзілася ў інтэлігентнай сям'і беларускіх настаўнікаў у старажытным Навагрудку ў 1930 годзе. Але ўжо ў падлеткавым узросце падчас трагічных падзей Другой Сусветнай вайны яна пакінула з сям'ёй родны край. Да апошніх дзён яна была шчыра адданая Беларушчыне і рабіла ўсё для сваёй бацькаўшчыны.

Галіна адвучылася ў славутым універсітэце Фрайбурга, затым жыла і вучылася ў Бельгіі, атрымала ступень магістра ў Лёвенскім універсітэце. А праз Парыж яна выбралася за акіян, дзе ўжо жылі яе родныя.

З 1949 года Галіна Русак жыла ў Амерыцы. Адукацыю завяршыла ў Канэктыкуцкім калегіуме, атрымала ступень магістра гуманітарных навук у Ратгерскім універсітэце (штат Нью-Джэрсі). Працавала дырэктарам мастацкай бібліятэкі гэтага ўніверсітэта і была там прафесаркай. Там і сталася вядомай дзяячкай нашай дыяспары і агульнаамерыканскага руху за правы жанчын.

Але яе сапраўдным пакліканнем было мастацтва — жывапіс і графіка, у якіх Галіна працавала ў імпрэсіяністычнай манеры. Беларусь прысутная ў многіх яе пейзажах («Буслы ў палёце», «Курган», «Папараць-кветка»), нават калі там на першы погляд адлюстраваная Амерыка. Матывы бясконца далёкай і недасяжнай радзімы вычуваюцца літаральна ў такіх яе творах, як «Голас продкаў», «Еўфрасіння Полацкая», «Пагоня».

Творчасць мастачкі Галіны Русак цяпер добра вядомая ў Злучаных Штатах і Канадзе, дзе яна паспяхова выстаўлялася ў розных галерэях. І нават нягледзячы на тое, што ёй былі даступны ўсе галерэі на другім канцы свету, яна ўсё роўна марыла пра Беларусь. А перадусім яна, праз паўстагоддзя расстання, змагла наведаць і айчыну, дзе ў 1992 годзе і адбылася першая і пакуль адзіная выстава яе твораў у Беларусі.

Галіна Русак актыўна прасоўвала Беларушчыну ў амерыканскіх краях, уваходзіла ў склад кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў Паўночнай Амерыкі. Яна пакінула наш свет у 2000 годзе, за акіянам.

Фото: onliner.by

Ядвіга Раздзялоўская

Пані Ядвіга — менавіта так называлі яе калегі-мастакі, а перадусім вучні мастакоўскай школы, пакаленні якіх выгадавала гэтая мастачка ў Маладзечне. Дзявочае прозвішча Ядвігі — Лясееўская, а нарадзілася яна далёка, у польскім мястэчку Бялая Падляшская. Адбылося гэта ў 1902 годзе. Дзяцінства яе прайшло ў невялікім горадзе Замасці, там яна скончыла мясцовую гімназію і пачала рабіць свае першыя крокі ў мастацтве. Там, дарэчы, сёння існуе і яе музей. У Прамыслова-мастацкай школе ў Любліне прайшлі два гады яе жыцця — з 1929-га па 1931-ы. Там яе настаўнікам быў вучань Яна Мацейкі, славуты мастак-жывапісец, графік і вітражыст Юзаф Мехофер. А ў векапомным 1939 годзе Ядвіга скончыла і вышэйшую Варшаўскую мастацкую школу.

Напярэдадні вайны яна паехала з мужам на яго радзіму, у Баранавічы, дзе і жыла ўсе гады акупацыі. Шлях Ядвігі да Беларусі пачаўся пад гукі куляў і гарматных стрэлаў. У Баранавічах яна закахалася і стала Ядвігай Язэпаўнай Раздзялоўскай. І нават падчас вайны не пакінула мастацтва. Працуючы ў баранавіцкім фотаатэлье рэтушорам, паспявала пісаць карціны, у тым ліку і на заказ. Брала ўдзел у выставах, што адбываліся пад нямецкай акупацыяй у Баранавічах і Мінску ў 1942 годзе, удзельнічала ў працы баранавіцкай мастацкай суполкі «Маладая Беларусь». За гэта яе выслалі ў нетры Еўразіі — у Казахстан. Але пасля вяртання ў 1948 годзе яна засталася ў Беларусі, гэтым разам у Маладзечне, і нават стала сябрам Беларускага саюза мастакоў. Уключылася ў выставачную дзейнасць і нават была ўзнагароджана граматай Вярхоўнага Савета БССР. А пазней стала і заслужанай дзяячкай культуры Польшчы.

Таленавітая мастачка, Ядвіга Раздзялоўская была добра адукаванай, валодала некалькімі замежнымі мовамі і грала на фартэпіяна. Яе часта запрашалі ў Расію, дзе яна брала ўдзел у пленэрах і выставах, таксама яе працы можна было пабачыць ва Украіне, Грузіі, Румыніі і Фінляндыі.

Ядвіга Язэпаўна Раздзялоўская адышла ў іншы свет ужо ў незалежнай Беларусі, у 1992 годзе.

Фото: onliner.by
Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]