Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Самбіст Сьцяпан Папоў: Быць свабодным — гэта ведаць сабе цану

29.05.2021 общество
Самбіст Сьцяпан Папоў: Быць свабодным — гэта ведаць сабе цану

Цяпер моц на баку тых, хто паўстаў супраць рэжыму.

Чаму адны баяцца выказваць грамадзянскую пазыцыю, а іншыя — не? Што фармуе і падтрымлівае ўнутраную свабоду чалавека? Ці варта ўсё гэта таго, каб трываць нягоды? У праекце «Што робіць мяне свабодным» «Радыё Свабода» дае слова людзям, чые ўчынкі прыцягнулі да сябе ўвагу пасьля жніўня 2020 году.

Хто такі Сьцяпан Папоў

Сьцяпан Папоў — чэмпіён сьвету і Эўропы па самба, пераможца I Эўрапейскіх гульняў, заслужаны майстар спорту. Мае сям’ю, бацька дваіх дзяцей.

Пасьля выбараў адным зь першых падпісаў калектыўны зварот спартоўцаў супраць гвалту, за новыя сумленныя выбары.

«Я лічу, што гэты зварот адыграў значную ролю. Ніхто не чакаў, што спартоўцы скажуць сваё слова, бо нас у краіне ўспрымалі як маўклівых утрыманцаў — маўляў, „ім дзяржава плаціць грошы — яны будуць маўчаць“. Для чыноўнікаў зварот стаў шокам. Таму яны пачалі актыўна з намі размаўляць, спачатку добра, а калі зразумелі, што колькасьць подпісаў расьце, сталі ўжываць мэтады, якія ім бліжэй — ціск і пагрозы», — успамінае Сьцяпан Папоў.

Літаральна адразу спартсмэна пазбавілі прэзыдэнцкай стыпэндыі, а са студзеня 2021 году звольнілі з Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі адзінаборстваў (РЦАПА) па заканчэньні кантракту.

«Цяпер усё прыкрываюць „палітыкай“, а потым будуць звальняць за любое непаслушэнства»

Фото: «Радыё Свабода»

Што прымусіла вас адкрыта выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю?

— Яшчэ да калектыўнага звароту спартоўцаў, калі мы ўбачылі першыя кадры з гвалтам, я выклаў пост у Instagram пра жорсткасьць, якая мяне ўразіла (пра Жодзіна, дзе 5–6 сілавікоў зьбівалі ляжачага чалавека, ён плакаў, маліў аб дапамозе, а яны працягвалі біць). Я напісаў, што толькі чалавек з хворай псыхікай можа так зьдзекавацца. На наступны дзень трэнэр зладзіў сход з нагоды майго паста, дзе мне не далі слова сказаць. І я проста сышоў з трэніроўкі — так накіпела. Потым патэлефанавала сястра і сказала, што 9 жніўня зьнік мой стрыечны брат. Яго ўзялі проста на вуліцы, калі ён быў у машыне і нічога не рабіў. Мы знайшлі яго толькі 13 жніўня на Акрэсьціна. Тады я ўсю ноч правёў ля сьцен ізалятара і бачыў, якія адтуль выходзілі людзі. Брат спрабаваў аспрэчыць сваё затрыманьне, але нічога не дамогся.

Праз 9 месяцаў нічога не зьмянілася, толькі пагаршаецца. Нас не пачулі і спрабуюць унушыць, што тое, што адбываецца, — гэта норма. Тыя, хто абраў бок рэжыму, абавязаныя прасоўваць яго ідэалёгію. Цяпер іх тактыка — вышукваць тых, хто не даспадобы, і выкрываць іх. Вось ён/яна публікуе пасты супраць дзейнай улады, мы іх знайшлі, адзначце нас. Людзі спрабуюць на гэтым зрабіць сабе карʼеру.

Але сёньня спартыўныя чыноўнікі вельмі слабыя. Любое слова свабодных спартсмэнаў мае рэзананс у грамадзтве, а заявам чыноўнікаў не давяраюць. Яшчэ можна зразумець, калі гэтую прапаганду трансьлюе міністар спорту: ён зьвязаны па руках і нагах. Але калі гэта пачынаюць паўтараць трэнэр або спартсмэн — гэта выглядае як пародыя. Ім трэба разумець, што зараз тэндэнцыя — падставіць людзей, прымусіць нешта сказаць, падпісаць, каб замазаць. І тут усё залежыць ад кожнага, наколькі ты будзеш дурным і недальнабачным. Тых, хто замазаўся, на шчасьце, няшмат. Асноўная большасьць маўчыць і назірае. Але з кожным днём прастора вакол іх таксама звужаецца.

Спартоўцаў раней абавязвалі падпісаць дадатковае пагадненьне да кантракту, у якім былі такія пункты, як: не даваць інтэрвію незалежным СМІ без дазволу працадаўцы, не выкарыстоўваць незарэгістраваную сымболіку, ведаць гімн і інш. Пазьней гэтае дадатковае пагадненьне ўключылі ў кантракт. А цяпер ужо гавораць аб падпісаньні яшчэ аднаго пагадненьня, на падставе якога цябе могуць звольніць у аднабаковым парадку хоць на наступны дзень.

Гэта як нядаўна падпісаны закон пра абсалютную ўладу сілавікоў. Яны ж, як мы шмат разоў бачылі на відэа і чулі ад відавочцаў, так сябе паводзілі ўжо ў жніўні, а цяпер гэта проста ўзаконілі. Тое ж самае і са спартсмэнамі: іх і так звальнялі, але прыкрываліся нейкімі законнымі абгрунтаваньнямі — не паказаў вынік, не прыйшла на трэніроўку. А цяпер можна звольніць проста так. Сёньня яны ўсё прыкрываюць «палітыкай», а потым будуць звальняць за любое непаслушэнства. Бо прыйшлі людзі, якія далёкія ад спорту, якія ня хочуць яго разьвіваць, а хочуць камандаваць.

Фото: «Радыё Свабода»

Мы добра ведаем, што адбываецца ўнутры, бо большасьць спартсмэнаў у душы хоча выказацца, публічна — страшна, і яны прыходзяць выгаворвацца да нас, звольненых спартоўцаў.

«Страціў магчымасьць быць прафэсійным спартсмэнам, але, упэўнены, ненадоўга»

Што вы страцілі за сваю актыўнасьць?

— Я ўжо пасьля інцыдэнту са сходам, дзе разьбіралі мой пост, вырашыў, што трэба звальняцца, бо не змагу працаваць у такой абстаноўцы.

Пасьля звальненьня я страціў магчымасьць быць прафэсійным спартсмэнам: паўнавартасна выступаць, трэніравацца і думаць толькі пра спорт. Я ня быў на ніводным трэніровачным зборы пасьля жніўня.

Цяпер я трэніруюся, часам выступаю па іншых відах спорту. І калі будзе нейкі старт, то за два тыдні набяру форму і змагу выступіць. (Я застаўся навучэнцам РЦАП, каб была магчымасьць трэніравацца.) Сёньня мяне трэніруе былы галоўны трэнэр зборнай Беларусі па самба Дзьмітрый Базылеў. Ён таксама падпісаў той зварот, быў вымушаны звольніцца з пасады.

Фото: «Радыё Свабода»

Я страціў спартыўную стыпэндыю, заробак, бесьперапынны стаж. Але ўпэўнены, што ўсё гэта вернецца.

З блізкага атачэньня я страціў трэнэра, зь якім працаваў 15 гадоў. Гэта было сапраўды балюча і цяжка прыняць. Калі я зразумеў, што ён канчаткова абраў бок рэжыму і яму давялося прэсаваць і вінаваціць «нязгодных», я вырашыў цалкам спыніць нашы зносіны.

Але я ня страціў веры ў спартыўную супольнасьць. Тыя, хто маўчыць, яны — не рабы, а закладнікі. Але я ня буду шмат гаварыць пра сваіх калегаў-самбістаў. Бо гэтыя людзі самі гавораць пра сябе сваімі дзеяньнямі. Яны не разумеюць, што зараз вельмі важны пэрыяд, і зь іх выбарам ім давядзецца жыць. І колькі б спаборніцтваў яны ні выйгралі, памятаць іх будуць не як чэмпіёнаў і добрых трэнэраў, а як людзей, якія ў неверагодна складаны пэрыяд для сваёй краіны паказалі, хто яны ёсьць.

Што вы здабылі праз актыўную пазыцыю?

— Я займеў шмат знаёмых і сяброў — свабодных, моцных, незалежных людзей, зь якімі можна пагаварыць пра сурʼёзнае, у якіх шмат чаму можна павучыцца і з кім можна падзяліцца сваім досьведам. Я займеў падтрымку — неверагодная колькасьць людзей пісалі мне словы салідарнасьці, удзячнасьці і захапленьня. І гэтыя каштоўнасьці вышэйшыя за фінансы і пасады.

Ці было гэта таго варта?

— Безумоўна. У мяне няма сумневу, што я раблю нешта ня так. А вось той бок моцна хістаецца, бо яны выразна разумеюць, што іх улада і пасады — хісткія, і яны гэтага баяцца. Калі б яны былі ўпэўненыя, што на правільным баку, то ня трэсьліся б ад Instagram-пастоў аднаго звольненага самбіста. Пасада і заробак — гэта ўсё, што ў іх ёсьць.

«Веру ў маральныя законы, пастаянна ўкладаю ў сваё разьвіцьцё»

Што фармавала вашу ўнутраную свабоду? Назавіце тры галоўныя фактары.

— Па-першае, выхаваньне бацькоў. У майго бацькі заўсёды была мэта. У маленькім Лепелі, дзе не было барацьбы, ён чамусьці вырашыў стаць чэмпіёнам сьвету. Ён быў і ёсьць фанат сваёй справы. Калі нарадзіліся мы з братам, ён не адбыўся як прафэсійны спартовец, але затое стаў трэнэрам. Вазіў сваіх вучняў па 12 чалавек на ўласных «Жыгулях» па спаборніцтвах, круціўся як мог, ахвяраваў многім дзеля нас. І дамогся, што сын і іншыя вучні сталі чэмпіёнамі сьвету, Эўропы. Так што ад бацькоў у мяне працавітасьць, мэтанакіраванасьць і ўстаноўка не рабіць нікому подласьці.

Фото: «Радыё Свабода»

Па-другое, чытаньне рознай літаратуры, у тым ліку духоўнай. Я веру, што пасьля сьмерці ёсьць жыцьцё, веру ў маральныя законы, якіх трэба прытрымлівацца: ня крадзь, не хлусі, ня здрадзь. Таму ў мяне заўсёды быў маральны стопар. Псыхалёгія — таксама свайго роду рэлігія. Яна кажа аб тым, што любое дзеяньне мае наступствы для псыхікі. Тыя ж нэўрозы — якраз вынік унутраных канфліктаў з сумленьнем.

Па-трэцяе, я заўсёды спрабую разабрацца ў рэчах, якія мяне трывожаць. У мяне было шмат праблем у жыцьці. Проста я над імі працаваў. Гэта як у спорце: калі ў цябе не атрымліваецца нейкі кідок, трэба яго трэніраваць, калі ў суперніка моцны прыём, трэба ведаць супрацьдзеяньне. Таму я ўвесь час спрабую сябе разьвіваць. Сам спорт не ўплывае на ўнутраную свабоду. Уплывае тое, ці ведаеш ты сабе цану, ці ўкладаеш у сваё разьвіцьцё, каб і пасьля спорту ведаць, што рабіць.

У мяне бывалі сытуацыі, у якіх адбывалася пераасэнсаваньне жыцьця і фармаваньне каштоўнасьцяў. Напрыклад, 15 гадоў таму ў Адэсе мяне ледзь не забілі ў бойцы: у сэрца білі нажом, я пасьпеў адскочыць. У «хуткай» я пэрыядычна траціў прытомнасьць, бачыў кроў з раны і думаў, што памру. І, памятаю, мне стала спакойна: быццам гэта і не складана — памерці, і я заплюшчыў вочы. Але потым разумею: у мяне ж бацькі, брат, як яны будуць адчуваць сябе, калі я памру, што б я адчуваў, калі б памёр мой брат? Ты памёр, і пра цябе забыліся, але для тваіх сваякоў — гэта дзікі ўдар. Прыйшла выразная думка, што пра сябе трэба думаць у апошнюю чаргу. І гэта засталося на ўсё жыцьцё.

Чалавек сьмяротны, і, як казаў герой Булгакава, раптоўна сьмяротны. Таму важна, што ты пакінеш пасьля сябе, якое выхаваньне дасі сваім дзецям.

Ці баіцеся вы сёньня?

— Не. Але я пільны, бо разумею, што помсьлівых людзей хапае.

Цяпер я спакойна назіраю, ад мяне ўжо мала што залежыць — пачаліся гульні на вышэйшым узроўні. Вось мэр Рыгі павесіў БЧБ-сьцяг замест чырвона-зялёнага, краіны адмянілі авіязносіны зь Беларусьсю. Гэта ж не свабодныя спартсмэны зрабілі, гэта ўжо пайшла ланцуговая рэакцыя.

Фото: «Радыё Свабода»

Цяпер, напэўна, страшней тым, хто стаў на бок рэжыму.

Я спадзяюся, што тыя, хто маўчаў і не ўнікаў, пачнуць нарэшце разумець: калі іх пакрыўдзіць трэнэр, звольніць кіраўнік, яны не паляцяць на спаборніцтвы або зь імі паступяць несправядліва, то гэта не праз свабодных спартоўцаў, а таму, што яны самі падпісаліся пад такімі ўмовамі. Свабода — адна на ўсіх!

Для мяне спартсмэн будучыні — гэта разумны, самадастатковы, аўтарытэтны чалавек, які ня цыкліцца на заробку і дагаджаньні кіраўніцтву. Таму трэба ствараць такія ўмовы, каб, акрамя трэніровак, спартоўцы навучаліся, разьвіваліся, каб у спорце можна было зарабіць на годнае жыцьцё і адукацыю для дзяцей. Цяпер гэтага няма, усё зроблена так, каб прыбіць людзей, каб ня даць ім шмат зарабіць, бо дурнымі і беднымі лягчэй кіраваць.

«Калі не ўяўляеш сабой асобу, твае мэдалі нікому не патрэбныя»

Што рабіць сёньня, каб супрацьстаяць злу і несправядлівасьці?

— Трэба адкрыта выказваць сваю думку, як бы цябе ні пераконвалі зьверху, што гэта дрэнна, што спорт па-за палітыкай, што трэба заставацца проста людзьмі. А якімі людзьмі?

Трэба думаць, аналізаваць, больш чытаць, што адбываецца.

Трэба ведаць сабе цану. Спартсмэн — гэта твар краіны. Таму кожны павінен мець годнасьць і грамадзянскую пазыцыю, а не трансьляваць нечыя словы. Калі ты не ўяўляеш сабой асобу, твае мэдалі нікому не патрэбныя. І, атрымліваецца, у цябе толькі адзін варыянт — падмазвацца, прыстасоўвацца і выконваць усё, што патрабуюць.

Я верны сваёй пазыцыі. Мае каштоўнасьці вышэйшыя за страх. Вось я сяджу перад вамі, на іх думку, усяго пазбаўлены, але спакойны і ўпэўнены, а ў іх усё ёсьць: пасады, зарплаты, але іх каўбасіць. І доўга ў такім стане яны не працягнуць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]