Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Жыве Беларусь!»: Палітвязні «справы Ціханоўскага» выступілі з апошнімі словамі

31.05.2021 политика
«Жыве Беларусь!»: Палітвязні «справы Ціханоўскага» выступілі з апошнімі словамі

Зміцер Фурманаў выказаў упэўненасць, што беларусы яшчэ будуць ганарыцца сваёй дзяржавай.

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні працягваецца разбор у «справе Ціханоўскага». На лаве падсудных – палітвязні Зміцер Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга, паведамляе «Белсат».

Іх абвінавачваюць у актыўным удзеле ў «дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», а Разнічэнку і Кнігу – яшчэ і ў «гвалтоўных дзеяннях у дачыненні міліцыянтаў».

Палітзняволены Дзмітрый Фурманаў заявіў, што ў краіне, дзе чалавека караюць штрафамі і тэрмінамі зняволення, наступіў прававы дэфолт.

«Гэты антыграмадскі рэжым пераменіцца, і на яго месца прыйдуць файныя беларусы, якія пачнуць адраджаць нацыянальныя каштоўнасці, павышаць узровень жыцця грамадзянаў Рэспублікі Беларусь».

Зміцер выказаў упэўненасць, што беларусы яшчэ будуць ганарыцца сваёй дзяржавай, міліцыяй, следчымі органамі, пракуратурай, судовымі ўстановамі, прафесійнымі хаўрусамі ды, нарэшце, сваёй беларускай мовай, гімнам, сцягам, гербам.

«Таму якое б ні было прынятае рашэнне ў адносінах мяне і маіх сяброў, я ўпэўнены, што ў нас ува ўсіх усё абавязкова будзе добра. Але толькі дзякуючы такім неабыякавым людзям, якія нас падтрымліваюць у лістах і паштоўках. Няхай нашая Беларусь заўсёды застаецца сонечнай і квітучай, а ў будучыні будзе сапраўднай краінай для жыцця».

У сваім апошнім слове Яўген Разнічэнка падзякаваў тым, хто прыходзіў падтрымаць зняволеных падчас судовых паседжанняў, і заявіў, што абвінавачанні – гэта выдумка:

«Звычайную сямейную размову аб планаванні адпачынку спрабуюць падаць як рыхтаванне да нейкіх супрацьпраўных дзеянняў. Мой дзед да самай смерці служыў у ваенізаванай ахове, – Яўген заплакаў, – мой бацька таксама ў свой час служыў у ахове. Таму я ведаю не па чутках, што гэта за праца, а вы мне сёння кажаце пра гвалт. Не, грамадзяне, не то ў мяне выхаванне, каб камусьці помсціць.

Вы сёння адпраўляеце мяне за краты, таму што хтосьці выказаў здагадку, што я нібыта магу схавацца толькі з-за таго, што я некалькі разоў выязджаў на адпачынак. Усе дзеянні лічу правакацыяй, віны не прызнаю, прашу мяне апраўдаць».

Уладзімір Кніга заявіў, што падзеі 29 траўня – загадзя спланаваная сілавымі ведамствамі правакацыя:

«Скажу коратка, што падзеі 29 траўня 2020 года – загадзя спланаваная сілавымі ведамствамі Рэспублікі Беларусь правакацыя. Усе факты вы самі прыводзілі ў матэрыялах справы, відэа. Удакладняць не буду, людзі самі зрабілі свае высновы, таму толькі ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!»

Пракурор Мікіта Мыслівец папрасіў суд пакараць Змітра Фурманава двума гадамі калоніі агульнага рэжыму, Яўгена Разнічэнку – трыма з паловай гадамі калоніі агульнага рэжыму, Уладзіміра Кнігу – чатырма гадамі калоніі строгага рэжыму.

Прысуд будзе абвешчаны 2 чэрвеня.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]