Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Паліна Шарэнда-Панасюк застаецца нязломнай

22.07.2021 политика
Паліна Шарэнда-Панасюк застаецца нязломнай

Яна 200 дзён за кратамі.

Асуджаная да турмы берасьцейская актывістка, маці двух малалетніх сыноў Паліна Шарэнда-Панасюк за кратамі ўжо 200 дзён. Яе муж Андрэй Шарэнда, які зьехаў ад перасьледу зь Беларусі, расказаў Свабодзе апошнія навіны пра жонку.

Вырак Паліне Шарэндзе-Панасюк агучылі 9 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця. За гвалт і абразу міліцыянтаў, абразу Лукашэнкі і іншых службоўцаў судзьдзя Яўген Брэган пакараў 46-гадовую жанчыну 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Яна таксама мусіць выплаціць 4500 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды тром міліцыянтам.

Праваабаронцы прызналі Паліну Шарэнду-Панасюк палітзьняволенай. Сама яна назвала суд палітычна матываваным. У інтэрнэце шырока разышоўся ейны дыялёг з судзьдзём на пасяджэньні 7 чэрвеня.

«Рэакцыя на плякат была панічная»

«Сыстэма баіцца такіх моцных людзей, як Паліна, — кажа Андрэй Шарэнда. — Судзілі ж простую жанчыну. Але ўвесь час — перад паседжаньнем, падчас яго і ў момант, калі людзей запускалі ў залю, прысутнічала неймаверная колькасьць міліцыянтаў. У нас тэрарысты і тое пад менш пільным наглядам», — кажа суразмоўца.

Нягледзячы на тое, што ў судзе ўсіх прымусілі выключыць тэлефоны, забаранялі весьці фота- і відэаздымкі, пасьля абвяшчэньня прысуду ў сацсетках усё ж такі зьявіўся вядомы здымак, дзе Паліна высока прыкладае да шкла клеткі плякат «Самозванец, убывай!».

«Рэакцыя сілавікоў на гэта была проста панічная. Яны пачалі тэлефанаваць адзін аднаму па рацыі, потым сталі выпіхваць людзей з залі, ледзь ня рукі выкручвалі, каб ніхто ня змог сфатаграфаваць. Дзьве невысокія жанчыны-канваіры так сьмешна стараліся падскочыць, каб захінуць надпіс сваім целам, — успамінае Андрэй. — А калі ўсё ж такі ўдалося зрабіць здымак, міліцыянтам адразу пайшла каманда тэрмінова знайсьці аўтара фота і пакараць. Настолькі яны ўсяго баяцца».

Пазьней стала вядома, што дзеяньні падсуднай сілавікі расцанілі як незаконны пікет. Актывістку хацелі пакараць паводле адміністрацыйнага артыкула 24.23. Аднак чым усё скончылася, адвакат жанчыны высьветліць так і ня змог.

«Усё даўно ператварылася ў фарс»

Андрэй акцэнтуе ўвагу на паводзінах судзьдзі, які, на яго думку, стараўся як мага хутчэй вынесьці прысуд.

«Судзьдзя ня ведаў, што зь ёй рабіць. Ён вельмі перажываў. Маска была моцна нацягнутая на твар, а ў голасе і паводзінах адчувалася такая нэрвовасьць, натуральны страх перад нязломным чалавекам», — успамінае актывіст.

Ён прызнаецца, што ні ў яго, ні ў маці Паліны не было ніякіх ілюзій наконт прысуду.

«Усё гэта даўно ператварылася ў фарс», — кажа актывіст.

На момант суду над жонкай Андрэй быў пад хатнім арыштам, яго абвінавачвалі ў паклёпе на Лукашэнку (артыкул 367 КК). Актывісту пагражала да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

«У справе фігуравалі мае словы, што „нельга весьці перамовы з тэрарыстам, забойцам і дыктатарам“. Не было вядома, да каго я зьвяртаюся. Але пад гэтым вызначэньнем самі сілавікі мелі на ўвазе Лукашэнку».

Згодна зь мерай стрыманьня Андрэю забаранялася карыстацца любымі сродкамі сувязі і даваць камэнтары СМІ. Выходзіць з дому ён мог толькі ад 7 раніцы да 7 вечара па справах, зьвязаных зь сямейнымі абставінамі. Сам Андрэй кажа, што не да канца выконваў гэтыя ўмовы.

Па словах актывіста, у праваахоўных органах яму не сказалі, ці можа ён наведаць суд жонкі. Як бы там ні было, ён хадзіў на ўсе паседжаньні.

«На судзе супрацоўнікі пракуратуры мяне папярэджвалі, што могуць гэта расцаніць як парушэньне хатняга арышту. Але на той момант я ўжо разумеў, што для мяне галоўнае — убачыць Паліну», — кажа Андрэй.

«Нават у турме працягвае змагацца з рэжымам»

Неўзабаве ягоную справу таксама перадалі ў суд, на які ісьці ён не зьбіраўся. Адзінае, што, па словах Андрэя Шарэнды, трымала яго ў Беларусі, гэта магчымае спатканьне з Палінай, якое ў выніку адбылося 19 чэрвеня. Доўгачаканую сустрэчу з жонкай ён называе сёньня «цяжкім момантам». Сужонцам адвялі на размову толькі гадзіну замест дазволеных дзьвюх.

«Я доўга думаў, што ёй расказаць за гэты кароткі час. На той момант мы ня бачыліся ўжо больш за паўгода. Зразумела, што набралася шмат усяго», — успамінае Андрэй.

Сустрэча мужа і жонкі прайшла ў Берасьцейскім СІЗА № 7 у пакоі, які напалам падзяляла шкляная перагародка.

«Для перамоў — старыя савецкія тэлефоны-слухаўкі. Нягледзячы на тое, што мы знаходзіліся літаральна за паўмэтра адзін ад аднаго, у самым пакоі стаяў вялікі шум, таму пачуць нешта было немагчыма. Паліну адразу папярэдзілі, што калі мы будзем гаварыць пра палітычных зьняволеных, сытуацыю ў краіне і г.д., сувязь адразу перапыняць, і сустрэча на гэтым скончыцца. Усё, пра што мы гаварылі, яны слухалі».

Пры гэтым Андрэй дадае, што гэта былі яшчэ ня ўсе абмежаваньні.

«На працягу ўсёй размовы ў Паліны за сьпінай стаяла супрацоўніца СІЗА, якая ўважліва назірала за яе рухамі. За мной таксама знаходзіўся сілавік, які літаральна дыхаў мне ў патыліцу. Таму, акрамя такіх тэм, як дзеці, надвор’е, больш амаль нічога абмеркаваць не ўдалося».

Па словах Андрэя, Паліна трымаецца і нават у турме працягвае змагацца з рэжымам.

«Яна трохі схуднела, твар крыху бледны, бо няма сонца. Але да гэтага моманту застаецца нязломнай, гэта бачна па яе настроі».

І ў судзе, і падчас спатканьня Паліна спрабавала перадаць інфармацыю пра іншых вязьняў. Так, яна расказала, сярод іншага, пра жоўтыя таблічкі, якімі абвешаны камэры берасьцейскага СІЗА (на таблічках напісана, што зьняволеныя схільныя да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасьці. — РС), і пра ціск, які чыніўся на яе сукамэрніц.

«Паліна прыводзіла прыклад 66-гадовай Ірыны Мэльхер (жанчыну вінавацяць у „Акце тэрарызму“ па так званай „справе Аўтуховіча“. — РС). Умовы яе ўтрыманьня проста нечалавечыя. Акрамя таго, што павесілі гэтую жоўтую бірку, яе адмыслова пасадзілі на другі ярус нараў. Гэта вельмі высока, і сама яна забрацца туды ня можа, даводзіцца прасіць сукамэрніц яе падсаджваць. Калі Ірына прачынаецца, проста сядзіць некалькі гадзін і чакае, пакуль хтосьці таксама ўстане і дапаможа ёй зьлезьці».

Таксама Паліна расказала, што Мэльхер, як і іншых зьняволеных, за адмову назваць сябе схільнай да экстрэмізму неаднаразова садзілі ў карцэр.

«Яшчэ Паліна паведаміла пра ціск на Віталію Бандарэнку (21 траўня 19-гадовай дзяўчыне прысудзілі 4 гады калёніі агульнага рэжыму за нібыта ўдзел у масавых беспарадках у Берасьці. — РС), — кажа Андрэй. — Яе прымушалі пісаць прашэньні аб памілаваньні, і справа нават не ішла аб вызваленьні, а проста каб падпісаць. Са слоў Паліны, за адмову Віталію некалькі разоў садзілі ў карцар і ў асобную камэру, па тыпу «прэс-хаты».

«Трэба хутчэй выцягнуць людзей з палону»

Паліна таксама пасьпела перадаць мужу, што за час, пакуль была ў СІЗА, напісала яму 22 лісты. Зь іх Андрэй атрымаў толькі 2.

«Спадзяюся, усё тыя лісты, якія не дайшлі, захаваюцца ў нейкіх архівах, і я змагу іх прачытаць, калі ўлада зьменіцца, — кажа Андрэй.

Ён падкрэсьліў, што Паліна вельмі дзякуе ўсім, хто ёй піша, дасылае паштоўкі і робіць паштовыя пераводы.

«Наколькі я зразумеў, частка лістоў ёй дакладна не даходзіць. На ўсё астатняе яна адказвае. Паліна адчувае падтрымку».

Актывіст падкрэсьлівае, што пасьля сытуацыі, якая склалася зь яго сямʼёй, ён адчуў моцную салідарнасьць. Расказаў, што пакуль ён быў пад хатнім арыштам і пасьля выезду з краіны яму напісалі сотні людзей.

«Дзякуй усім, хто нас падтрымлівае. Грамадзянскай супольнасьці, як у Беларусі, так і за мяжой. Мая жонка, як і сотні палітвязьняў, да гэтага ў закладніках рэжыму, — кажа Андрэй. — Да міжнароднай грамадзкасьці ў мяне адна просьба — увядзеньне неадкладных санкцый супраць Лукашэнкі, а для тых, хто ў Беларусі, адзінае выйсьце — агульнанацыянальныя забастоўкі. Трэба вызваляць людзей, тады рэжым захістаецца, і мы ўбачым сваіх родных на волі, і Беларусь стане годнай часткай Эўропы».

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]