Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Біскуп Буткевіч: Маці Божая змагалася за Беларусь

18.09.2021 общество
Біскуп Буткевіч: Маці Божая змагалася за Беларусь

У Бялынічах адбылася святая Імша, якую цэлебравалі каталіцкія біскупы Беларусі.

Увечары 17 верасня на двары побач з адзінай каталіцкай святыняй у дзесяцітысячных Бялынічах — невялічкай капліцай Маці Божай Бялыніцкай, адбылася святая Імша, якую цэлебравалі каталіцкія біскупы Беларусі, піша сайт catholic.by.

Эўхарыстыя адбывалася на палявым алтары, зладжаным на былым агародзе колішняй прыватнай хаты, дзе ўжо больш за дзесяць гадоў моляцца бялыніцкія католікі.

Сёлета надвор’е было асабліва халодным, але прысутных сагравала блізкасць Маці Божай у старадаўнім спісе цудадзейнага абраза, які спецыяльна на агульнабеларускую ўрачыстасць з нагоды 260-годдзя каранацыі бялыніцкай іконы Багародзіцы і на знак падзякі за 30-годдзе адраджэння ў Беларусі касцёльных струтур быў дастаўлены ў Бялынічы.

Цэлебрацыю, у якой бралі ўдзел сямёра біскупаў, тры дзясяткі святароў і каля сотні вернікаў з розных куткоў Беларусі, узначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Перад пачаткам Эўхарыстыі яе ўдзельнікаў прывітаў Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які папрасіў кіраўніка епіскапату ўзначаліць цэлебрацыю.

Фото: catholic.by

«Маці Божая выбрала шматлікія месцы на нашай зямлі, і тут, у Бялынічах мы завяршаем гадавы цыкл урачыстасцяў у Яе гонар: Будслаў, Браслаў, Лагішын, Гудагай, Гродна… На многіх іконах мы бачым Марыю з Дзіцяткам Езуса на руках. Так, як Яго, яна туліць да сваіх грудзей кожнага з нас, і на кожным марыйным фэсце мы адчуваем Яе блізкасць, цеплыню і апеку.

Дзякуючы Яе матчынаму заступніцтву Касцёл у Беларусі жыве і адраджаецца», — сказаў іерарх, дадаўшы, што адраджэнне касцёльных структур — не самамэта, а сродак для асвячэння, узрастання ў цнотах і паглыблення сапраўднага хрысціянскага жыцця паводле Божых запаведзяў.

У прамоўленай гаміліі біскуп Буткевіч засяродзіўся на прачытаным на Імшы ўрыўку з Евангелля пра вяселле ў Кане Галілейскай, на якім прысутнічаў Езус і Яго Маці. Іерарх звярнуў увагу на словы Марыі: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».

Фото: catholic.by

«Тое, што мы не прыслухоўваемся да гэтых словаў, з’яўляецца прычынай многіх праблем, грамадскай напружанасці ў нашай краіне і ў свеце», — зазначыў кіраўнік епіскапату. Ён дадаў, што ў дзень нацыянальнага адзінства мы звяртаемся да Найсвяцейшай Панны Марыі з просьбай аб Яе матычным заступніцтве ў справе паяднання, пераадолення падзелаў і вызвалення ад нянавісці.

«Хоць сёння сітуацыя можа здавацца нам безнадзейнай, але Марыя, як у Кане Галілейскай, паказвае выйсце з кожнага безвыходнага становішча. Для гэтага неабходна, як Яна, слухаць Яе Сына Езуса і рабіць тое, што Ён нам кажа. Нават калі напачатку Ён не звяртае ўвагі на просьбу Маці: „Ці гэта Мая або Твая справа“, — аднак Яна дае нам прыклад надзеі, упэўненасці ў тым, што Езус нас не пакіне.

Маці Божая змагалася за кожнае сваё дзіця, яна змагалася за Беларусь, і мы верым, што з Яе дапамогаю вырашыцца яшчэ адна па-чалавечы безнадзейная справа, і ў Бялынічах зноў з’явіцца санктуарый у Яе гонар, а магчыма, знойдзецца і Яе страчаны цудадзейны абраз»,

— падкрэсліў біскуп Алег Буткевіч.

Завяршылася цэлебрацыя благаслаўленнем, якое Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ўдзяліў прысутным.

Фото: catholic.by Фото: catholic.by Фото: catholic.by

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]