Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

У Вільні з аншлагам прайшла прэзентацыя рамана Уладзіміра Някляева

05.12.2021 культура
У Вільні з аншлагам прайшла прэзентацыя рамана Уладзіміра Някляева

Заля беларускага музею імя Івана Луцкевіча была запоўнена пад завязку.

Дзясятая па ліку і заключная прэзентацыя рамана Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном» праходзіла ў Вільні з аншлагам. Заля Віленскага беларускага музею імя Івана Луцкевіча 4 снежня была запоўнена пад завязку прыхільнікамі творчасці выбітнага літаратара сучаснасці, піша «Новы Час».

Цяжкая для вымаўлення назва рамана паходзіць ад габрэйскага наймення апраметнай. Аўтар філасофствуе на тэму таго, што нашае жыццё з ягонымі выклікамі, выпрабаваннямі і выбарам часам не нашмат адрознае ад той апраметнай. Хаця і напісаная ў жанры гістарычнага фэнтэзі кніга шмат у чым аўтабіяграфічная. У ёй пераплецены эпізоды з жыцця класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы і сцэны з брэжнеўскіх часоў. Героі кнігі ставяцца перад цяжкім маральным выбарам і глыбока рэфлексуюць на гэты конт.

Уладзімір Някляеў падчас прэзентацыі ўзгадваў гісторыі свайго жыцця, якія паўплывалі на ягоны прыход у літаратуру, распавядаў пра сваю новую кнігу, чытаў вершы і нават выканаў песню «Васільковае поле». Хаця збольшага песні спяваў выдатны музыка і сябра Уладзіміра Някляева Зміцер Вайцюшкевіч. Ён выканаў нізку сваіх найпапулярнейшых кранальных песень на словы Уладзіміра Пракопавіча. Гучалі песні «Як ты адзін», «Скончылася лета», «Дарога», «Красуня Вясна», чым заслужыў гарачыя апладысменты і ўдзячнасць прысутных.

Паводле Яраслава Іванюка, сёння адбывалася 10-я, заключная прэзентацыя кнігі, практычна ўсе асобнікі якой падчас прэзентацыйнага туру былі раскупленыя.

«Мы наведалі найбольшыя асяродкі беларускай эміграцыі ў Польшчы, а таксама месцы пражывання беларускай нацыянальнай меншасці. Былі ў Кракаве, Уроцлаве, Познані, Гданьску, Варшаве, Лодзі, Беластоку, Белым Падляску. Апошнія дзве прэзентацыі мы зладзілі ў Вільні ў Доме літаратара, а таксама ў доме Івана Луцкевіча. На ўсіх прэзентацыях была вялікая зацікаўленасць як самой кнігай, так і яе аўтарам, ці не найбольш вядомым беларускім літаратарам», – адзначае прадстаўнік фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк.

«Я як выдавец вельмі задаволены гэтым турам, вельмі ўсцешаны, што ў нас усё атрымалася. Мы будзем працягваць. Зацікаўленасць кнігай вялікая. Хутчэй за ўсё будзем дадрукоўваць», – дадаў Яраслаў Іванюк.

Раман «Гэй Бэн Гіном» надрукаваны пры падтрымцы Kamunikat.org у Польшчы і распаўсюджваўся падчас прэзентацыйнага туру сярод беларускай дыяспары Польшчы і Літвы. Беларускім чытачам з палітычных прычынаў пакуль даступная толькі электронная версія.

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2022 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]