Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Quo vadis

28.01.2022 политика
Quo vadis

Дзейнічаць можна на розных франтах і рознымі метадамі.

Дзіўная сітуацыя адбываецца ў нашым грамадстве. Хацелася б трохі падзяліцца назіраннямі пра маральны і псіхічны стан беларусаў. Куды ж мы ідзём?

Ранкам робім чарговы рэпост у сацсетках пра палітвязняў ці з новым малюначкам Уладзіміра Цэслера, пад абед размаўляем з псіхатэрапеўтам, а ўвечары ідзём на дзясяты фільм/выставу, дзе лінія прыблізна такая: АМАП, ГУБАЗіК ды іншыя дэгенераты калечаць беларусаў. І так па коле. Аўтары гэтых прац і фільмаў ці то сведама, ці то нясведама пераможцамі выстаўляюць карнікаў і ўбіваюць нам гэта ў галовы. Нават у галівудскіх фільмах, дзе можа памерці станоўчы герой, рэжысёры пакідаюць гледачу надзею на лепшае. Дык не марнуйма ж грошы на псіхатэрапеўтаў, калі прычына праблемы відавочная.

Сваімі дзеяннямі мы ператварылі палітвязняў у статыстку. Калі мы сапраўды хочам ім дапамагчы, дык спачатку трэба перастаць плакаць. Колькі ж можна? «40 дзён» ужо прайшлі.

Мы апынуліся ў сітуацыі, што закладнікі (!) накшталт Паліны Шарэнды-Панасюк ці Сашы Івуліна маюць нашмат больш аптымізму. Яны з турмы падтрымліваюць тых, хто зараз на волі! Нават маці забітага героя Рамана Бандарэнкі не страціла надзеі, а мы ў Варшаве, Вільні ці Кіеве страцілі.

Цэслер дык увогуле зрабіўся бясплатным маркетолагам і піяршчыкам лукашэнкаўскіх бандытаў з гэтымі бясконцымі сінімі бусамі і балотнымі аўтазакамі…

Сябры, якія перажылі затрыманні, здзек і ўрэшце ўцяклі, распавядалі, што доўгі час шугаліся бусікаў нават за мяжой. А вышэйузгаданы дызайнер кожны дзень нагадвае, што баяцца трэба і далей. І ўсё гэта застаецца ў нашых галовах. Такой рэкламы нават Азаронак не робіць. Ірытуе.

Вунь, той жа Мікіта Мелказёраў спачатку кажа, што за філіжанку кавы ў Менску гатовы забіць (забіваць не трэба), а праз некалькі хвілін дадае, што ўжо можа застацца ў Варшаве назаўсёды. Гэта ўжо не аксюмаран, гэта шызафрэнія.

Надоечы з’явіўся яшчэ «палітолаг» і «прагназіст» Кныровіч. Выскачыў як чорт з табакеркі і на вялікую аўдыторыю вярзе лухту пра яшчэ 50 гадоў дыктатуры. Калі ты сапраўды так лічыш, дык пакінь гэтае меркаванне ў сваёй галаве, а не гані і так пабітых і псіхічна пакалечаных беларусаў у яму безнадзейнасці. Баюся нават уяўляць твар палітвязня, які атрымае кныровічаўскі ліст з такім «прагнозам». Здаецца, нават у Аўшвіцы ў людзей было больш надзеі, чым у сённяшніх меркавалаў (слова сам прыдумаў).

Мабыць, не на тых правадыроў і герояў мы арыентуемся. Слухаем сумнеўных лідараў, чытаем у СМІ не далей загалоўка, робім адны і тыя ж рэпосты, адны і тыя ж памылкі.

Узгадайма лепш працы нашых выдатных мастакоў, паслухайма «Песняроў», пачытайма беларускіх рамантыкаў: Купалу, Багдановіча, Караткевіча… Можа яны вылечаць.

Багдановіч пісаў: «Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!» Плакаць і быць разбітымі павінны забойцы і злачынцы, на сумленні якіх забраныя жыцці і скалечаныя лёсы тысяч беларусаў. І калі яны не плачуць і не каяцца, то мы павінны прымусіць іх плакаць і не спаць ад думкак пра трыбунал. Гэта ж як на вайне. Перамагае той, хто здолее дэмаралізаваць ворага і навязаць сваю волю. Пакуль жа ў нас усё наадварот. Зыходзіць трэба з таго, што дыктатары не вечныя, а народ вечны. За намі нават біялагічная перамога.

Украінцы чамусьці не баяцца расейцаў, якія падагналі свае войскі пад іх межы. А не баяцца, бо яны матываваныя, бо гэта іх зямля. Акупанту ў такой сітуацыі нашмат складаней, бо баявы дух словамі «За Пуціна і ўсю хурму» не ўздымеш.

Вядома, гэта зварот да неафітаў, якія пачалі ўлівацца ў беларушчыну ў 2020 годзе. На жаль, там каго не паскрабі, дык ён уласнае культуры і гісторыі не ведае нават на базавым узроўні. Пры гэтым лічыць сябе самым разумным і ўскладае на сябе абавязкі (але не адказнасць) крычаць і заганяць людзей на псеўдарэферэндум, дзе трэба будзе «крыжаку» пад пільным наглядам мянтушкі і нават без фіранкі гуляць у марскі бой. Памятаю, у Беларусі было віно такое таннае - «Крыжачок» назывался. Такое ўражанне, што хтосьці перапіў гэтага бырла і ў алкагольнай коме нарадзіў «геніяльныя» ідэі з крыжыкамі і склаў спайсавыя прагнозы.

Схавайма ўсе гэтыя трагічныя выставы, фільмы, мемы ў шуфляду і аддамо пасля музею Перамогі. Гуртуймася, гартуймася, дзелімся здаровымі ідэямі, праводзьма brainstorming, слухайма сапраўдных лідараў і не губляйма кантактаў з тымі, хто застаўся ў краіне. Дзейнічаць можна на розных франтах і рознымі метадамі.

Жыве Беларусь!

Валер Прычынец, «Фэйсбук»

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2022 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]moyby.com