Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Аддаю доўг Украіне, якая дала мне прытулак»: Беларуская ўцякачка засталася ў Чарнігаве, каб дапамагаць людзям

06.03.2022 общество
«Аддаю доўг Украіне, якая дала мне прытулак»: Беларуская ўцякачка засталася ў Чарнігаве, каб дапамагаць людзям

Беларуска тлумачыць, чаму нават пад бомбамі ва Ўкраіне адчувае сябе больш свабоднай, чым у Беларусі.

Ганна (імя зьменена зь меркаваньняў бясьпекі суразмоўцы) пасьля рэпрэсій у 2020 годзе ўцякла ва Ўкраіну. Яна паўтара года жыве ў Чарнігаве. З пачаткам вайны Ганна вырашыла застацца ў горадзе, які цяпер у аблозе, каб дапамагаць людзям, перадае «Радыё Свабода».

«Украіна паўтара года таму дала мне прытулак, прыняла мяне ў сваю сям’ю. Цяпер я аддаю доўг. Калі ў мяне свабодныя рукі, калі я не магу быць абыякавай — як я магла зьехаць? З пачатку артылерыйскіх абстрэлаў я спусьцілася ў сховішча. Думала, на чатыры гадзіны, буду там дапамагаць. Але адбыла там чацьвёра сутак. Бо там вельмі шмат дзяцей, жанчыны з груднымі дзецьмі, якія толькі нарадзілі! Каму трэба памыць дзіця, каму дапамагчы зварыць кашу; зноў жа, арганізацыя ўсяго — прынесьці, падаць, паразмаўляць, супакоіць», — кажа дзяўчына.

«Цяпер на „Грады“ я гляджу спакойна. Бомбы нашмат страшнейшыя»

Ганна ўспамінае, што ў ноч з 23 на 24 лютага яна сядзела ў інтэрнэце і прачытала ў адным зь беларускіх праўладных тэлеграм-каналаў: «Рыхтуйцеся, нацыкі! Мы прыйдзем да вас а шостай раніцы!».

«Мне стала неспакойна, вядома. Я сядзела ў інтэрнэце і шукала інфармацыю пра тое, што яны напісалі. Было трывожна. І недзе ў 6:30 я адчула, што пачаўся рэальны напад. Яны прарваліся да нас праз чарнобыльскую зону. Спачатку горад проста абстрэльвалі, ішлі баі. Потым пайшлі „Грады“. Было вельмі страшна. Але 3 сакавіка нас пачалі закідваць бомбамі, вось гэтымі ФАП-500. Гэта 500-кіляграмовыя бомбы. Яны могуць разбурыць мікрараён. У нас разьбілі жылыя раёны, тэатар, кардыялёгію, радзільнае аддзяленьне. Гэта проста жах! Кідаць бомбы на радзільнае аддзяленьне! Гэта месца, дзе мусяць нараджацца людзі, а не паміраць! Маёй лютасьці не было канца. Адзінае, што цешыць — у нас, апроч сьмерцяў, ёсьць і жыцьці. Бо за гэтыя дзесяць сутак у нас нарадзіліся дзьве трайні! Апошняя трайня была тут тры гады таму. Але жанчыны, якія толькі-толькі нарадзілі, мусяць ісьці зь дзецьмі ў падвал, у сыры, халодны падвал!» — апавядае беларуска.

«Мяне бярэ гонар за войска, за тэрытарыяльную абарону і звычайных людзей»

Цяпер Чарнігаў у аблозе. Ганна кажа, што ня можа нацешыцца, як моцна згуртаваліся людзі, як яны дапамагаюць адзін аднаму.

«Яны стралялі па ТЭЦ. Многія раёны ня маюць ацяпленьня, электрычнасьці. Але ўсе дапамагаюць адзін аднаму. Улады вельмі апэратыўна вырашаюць шматлікія пытаньні з рамонтамі ці забесьпячэньнем. Слухайце, у нас нават сьмецьце вывозяць! Я ўжо не кажу пра вельмі добрую працу УСУ і тэрытарыяльнай абароны. Мяне бярэ гонар за іх. Учора тут зьбілі самалёт, пілёт катапультаваўся, але яго тут жа хутка злавілі», — кажа Ганна.

Ёй тужліва глядзець на разбураны горад. «Усё ў шкле, руіны ад дамоў, разбомбленыя кварталы... За апошнія гады ўсе заўважылі, якім прыгожым стаў Чарнігаў. Усюды новыя ходнікі, фантаны, кветкі — калі ўвесну і ўлетку. І цяпер вось так. Жахліва глядзець. Але гэта проста будынкі, мы гэта адбудуем. Шкада дзяцей, шкада тых, хто страціў блізкіх. У маёй знаёмай загінула ўся сям’я... Муж і двое дзяцей. Ад дома не засталося нічога — проста варонка. Яна хадзіла і страшна гукала там: „Дзеці, дзеці!“. Як гэта сэрца можа вытрымаць?» — кажа беларуска (ФОТА, той самы дом, ад якога нічога не засталося).

«Усім тлумачу, што ёсьць беларусы і ёсьць лукашысты, паміж імі вялізная розьніца»

Нянавісьці да сябе як да беларускі Ганна не адчула ў Чарнігаве.

«Я ўсім тлумачу, што ёсьць беларусы, а ёсьць лукашысты — паміж імі вялікая розьніца. Тым больш цяпер ніхто не працуе, шмат вольнага часу, суткамі сядзім у сутарэньнях, то можна і пагутарыць, і патлумачыць. Украінцы, частка зь іх, пра Беларусь мелі такое ўяўленьне: „Там чыста, парадачак, Лукашэнка маладзец“. Цяпер яны мне кажуць, калі я апавядаю пра сытуацыю ў Беларусі, што яны нават не ўяўлялі, які ў нас „парадачак“ і які канцлягер. Я нават на вуліцах размаўляю зь людзьмі і тлумачу нашу сытуацыю. Я кажу, што я этнічная беларуска, але я сама пацярпела ад рэжыму і цяпер я на вашым баку, жыву з вамі і стараюся дапамагаць», — кажа беларуска.

Ганна расказвае, што пасьля чатырох дзён у сховішчы яна прыйшла дахаты і проста звалілася на ложак.

«Нават бамбілі, а я спала — бо моцна стамілася. Не фізычна — цяжка выносіць, што столькі малых дзетак вымушаны сядзець па падвалах. Некаторыя людзі падаюць духам. Але я кажу, што так нельга, падбадзёрваю іх, нават жартую — каб падымаць дух. Таксама тлумачу, што калі Ўкраіна пойдзе ў ЭЗ, то тут усё хутка адновіцца. Калі, ня дай Бог, у Расею — тут ДНР пакажацца проста казкай. Стогнуць тут у асноўным „саўкі“. А людзі 40-45 гадоў і моладзь і думаць ня хочуць ні пра які СССР ці „вялікую Расею“. Яны жылі ў свабодным сьвеце столькі гадоў! Выбіралі ўладу, скідалі яе. Яны ня хочуць у кабалу», — зазначыла Ганна.

«Беларусы мне цяпер кажуць: «Мы табе зайздросьцім, ты хоць у аблозе, але ў вольнай краіне»

Яна кантактуе зь беларусамі, якія жывуць у Беларусі. «Мне яны кажуць: «Ты табе зайздросьцім. Ты, хоць Чарнігаў у аблозе, але ў вольнай краіне. А мы тут сядзім і баімся слова сказаць». А я ім кажу: «Мне вас не шкада. Бо вы „хатаскрайнікі“ і ня выйшлі ў 2020-м. Я ўцякала ад турмы за мяжу яшчэ да выбараў, бо за мной „прыйшлі“, а мне ад блізкай сваячкі ляцела ў сьпіну: „Я буду галасаваць за Лукашэнку!“. Я крыкнула: „Ды галасуй ты за каго хочаш!“. Цяпер сваякі мне тэлефануюць, каб перадаць нейкія плёткі, што нібыта дзецям ва Ўкраіне раздалі зброю, адчынілі турмы — і гэтую прапагандысцкую лухту яны хочуць данесьці да мяне!», — абураецца Ганна.

Яна будзе і далей дапамагаць украінцам. «Склаўшы рукі немагчыма сядзець. Адна наша беларуска, якая тут, хадзіла выкопваць шыны, зь якіх раней рабілі „упрыгажэньні“ ў дварах. Цяпер усё ідзе на абарону. Людзі, якія не ў тэрытарыяльнай абароне, займаюцца гуманітарнымі пытаньнямі, будуюць барыкады і разьліваюць „кактэйлі Молатава“. Усе згуртаваныя, ніхто не скарыўся», — дадала беларуска.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]