Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

За час вайны Расеі супраць Украіны Польшча толькі павялічыла імпарт тавараў з Беларусі

За час вайны Расеі супраць Украіны Польшча толькі павялічыла імпарт тавараў з Беларусі

Свежыя лічбы.

З пачатку нападу Расеі на Ўкраіну і пасьля ўвядзеньня санкцый супраць Расеі і Беларусі продаж тавараў зь Беларусі ў ЭЗ зьмяншаецца. Пры гэтым гандаль усё адно працягваецца. За красавік, трэці месяц вайны, Беларусь прадала тавараў у Эўразьвяз на 3,6 мільярда даляраў.

Гэта амаль на траціну (28%) менш, чым было ў даваенным студзені, тады Беларусі ўдалося прадаць у ЭЗ тавараў на 5,1 млрд даляраў.

(«Радыё Свабода» https://www.svaboda.org/a/31921161.html) аналізуе сьвежыя дадзеныя Эўрапейскай службы статыстыкі.

Якія беларускія тавары ўсё яшчэ купляюць у ЭЗ

На першым месцы драўніна і вырабы зь яе — за месяц Беларусь прадала ў краіны ЭЗ гэтага тавару на 104 мільёны эўра. І гэты тавар — лідэр сярод продажаў у ЭЗ за ўсе месяцы гэтага году.

На другім месцы некаштоўныя мэталы — 68 мільёнаў эўра за красавік. На трэцім месцы — мінэральныя прадукты (32,7 мільёна эўра за красавік), на чацьвёртым — катэгорыя «розныя прамысловыя тавары» (26 мільёнаў эўра).

Якія краіны ў ЭЗ купляюць найбольш беларускіх тавараў

Лідэр ЭЗ у купляньні беларускіх тавараў — Польшча. За красавік у гэтую краіну прадалі іх на 127 мільёнаў эўра. На другім месцы Літва — на 125 мільёнаў эўра, на трэцім — Латвія (39,7 мільёна эўра).

Прычым за час вайны Польшча ня зьнізіла, а нарасьціла імпарт з Беларусі: 124 мільёны эўра ў студзені супраць 127 мільёнаў эўра ў красавіку. Літва зьнізіла экспарт на 21 мільён эўра, ці на 14%. Латвія нарасьціла імпарт зь Беларусі на 11 мільёнаў эўра. А вось Нямеччына за гэты час скараціла набыцьцё тавараў з Беларусі ў 2,5 раза.

А што Беларусь купляе ў ЭЗ?

Таксама на траціну скараціўся экспарт з краін ЭЗ у Беларусь: у студзені ён складаў 435 мільёнаў эўра, а ў красавіку ўжо 302 мільёны эўра.

Найбольш Беларусь купляе прадуктаў хімічнай вытворчасьці — на 82,3 мільёна эўра за красавік. На другім месцы — машыны і мэханічныя прыстасаваньні (на 57 мільёнаў эўра за красавік). Сюды ўваходзяць, у тым ліку, і дэталі для прадукцыі беларускай вытворчасьці.

Трэцяя катэгорыя тавараў, якую Беларусь купляе ў ЭЗ найбольш, — транспартныя сродкі і транспартнае абсталяваньне (25,8 мільёна эўра за красавік).

Краіны ЭЗ, у якіх Беларусь купляе найбольш:

Польшча — 82,6 мільёна эўра за красавік

Літва — 51 мільён эўра за красавік

Нямеччына — 50 мільёнаў эўра за красавік

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладэчанская фабрыка «Мэбелайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ці экспартуемую зь Беларусі. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла ў час падарожжаў і выпраў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Аб сыходзе зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю адносна Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Мінабароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў – 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch на тле санкцый панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія дзелавыя апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўводзіцца поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]