Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Момант ісціны

25.04.2009 политика
Момант ісціны

У той дзень, калі грымнуў Чарнобыль, пачаўся іншы адлік і ў нашай гісторыі. Здарылася не проста чарговая тэхнагенная катастрофа. Беларуская нацыя пачала сыходзіць у нябыт.

Красавік – гэта вясна. Вяртаецца з выраю птаства. Сонца абуджае зямлю. Першыя парасткі. Першыя кветкі. Чаканне цёплага шчодрага лета. Так спрадвеку было ў Беларусі. А потым славутая савецкая навука на Прыпяці няўдала расшчапіла “мірны” атам. І дзівосны красавік стаў для нас месяцам Катастрофы.

Чарнобыль – страшнае слова. Імя ўсеагульнай бяды. У той час шмат каму падалося, што беларускі народ перажыў момант ісціны. І падонкам і хлусам ужо не паверыць ніколі. Вырашаць свой лёс больш не дазволіць нікому. Ва ўсякім разе чарнобыльскі досвед марна не пройдзе. Такое не забываюць. І не даруюць. Сапраўды, першы Чарнобыльскі шлях пераканаўча засведчыў: нацыя абудзілася. Незлічоныя плоймы людзей выйшлі на плошчы і вуліцы. І ніхто не мог іх спыніць. А тым больш - падмануць.

Але прайшоў час. І той самы люд нібы падмянілі. І ўжо адкрыта, ні ад каго не хаваючыся, нахабная ўлада наважылася будаваць новую АЭС. На захадзе краіны. Амаль на самай мяжы. На запаветных землях. Паблізу ад Нарачы. Расія нам, бачыце, гарантуе бяспеку. Яна пабудуе ўсё на высокім узроўні. Маскоўскі праект. Тамтэйшыя адмыслоўцы. І традыцыі, зразумела, тыя ж. Славуты расійскі цяп-ляп. І крадзяжы ўсяго, што пад руку трапіць. Асабліва сродкаў. Ядзерная энергетыка таксама ў іх выключэннем ніколі не была. Адзін толькі крымінальны працэс над кіраўніком адпаведнага камітэту Адамавым чаго варты. І гарантыі бяспекі, якімі яны ўсіх пераконваюць, таксама вядомы даўно. Яшчэ акадэмік Аляксандраў даводзіў калісьці савецкаму кіраўніцтву, што рэактары бездакорныя. Іх нават на Краснай плошчы можна паставіць. І спаць спакойна.

Грымнула крыху пазней.

Сённяшні рэжым успамінаць пра тое не хоча. Ён захоплены шалёнай ідэяй хуткага ўваходжання ў гэтак званы клуб ядзерных дзяржаў. Дзеля гэтага гатовы на ўсё. А то ж вунь носіцца ўвесь свет з неўтаймаваным Ахмадзінеджадам, які пад выглядам мірнай АЭС збудаваў неблагі комплекс. І па разліках заходніх экспертаў здольны ўжо самастойна штогод вырабляць пару адпаведных бомбачак. Як адразу падвысіўся кіраўнічы патэнцыял! А тутэйшы начальнік чым горшы за свайго іранскага сябра? Крыўдна, што час ідзе, а ён ўсё яшчэ не далучаны да мірнага атама.

І той жа крызіс надзіва дарэчы. Хто ж будзе пярэчыць планам клапатлівай улады забяспечыць краіну таннай энергіяй? А продаж яе суседзям і ўвогуле прынясе дзяржаве вялікі прыбытак. Вось толькі эканамісты ўжо даўно падлічылі сапраўдныя кошты рэалізацыі той амбітнай задумы. З улікам набыцця ядзернага паліва і неверагодна дарагога захавання адыходаў. Жудасныя атрымаліся лічбы. Калі б тыя мільярды даляраў былі скіраваныя на мадэрнізацыю энергетычнага комплексу краіны, карысць была б ці не нашмат большай. І без аніякай рызыкі.

Аднак гэта улада нікога ніколі не слухала. А тым болей нейкіх там эканамістаў. Тут усё вырашае адзін чалавек. І Расія свайго не ўпусціць. Такая ўдача раптам – новая атамная станцыя. Уласны праект на чужой тэрыторыі. Яшчэ адзін ланцуг, які надзейна звяжа Беларусь з усходнім суседам. А дзе ж яшчэ узяць паліва для АЭС, калі не там, у Расіі. Дадуць і пазыку на будаўніцтва. А паколькі крэдытаў тых ужо вышэй галавы, а пагашаць іх своечасова амаль немагчыма, то і сумневу няма, хто насамрэч будзе уласнікам новых рэактараў.

У той дзень, калі грымнуў Чарнобыль, пачаўся іншы адлік і ў нашай гісторыі. Здарылася не проста чарговая тэхнагенная катастрофа. Беларуская нацыя пачала сыходзіць у нябыт. Гомельскі прафесар Юры Бандажэўскі з лічбамі ў руках паказаў усяму свету сапраўдны маштаб таго, што тут адбылося. Сёння нават уявіць немагчыма, але яшчэ ў 1960 годзе прырост насельніцтва ў Беларусі складаў амаль 18 адсоткаў. А з 1990 па 1999 год зусім іншая лічба – 32,7 адсотка. І гэта ўжо не прырост, а смяротнасць. Пазнейшых дадзеных няма. Прафесара, які не хацеў маўчаць, улады кінулі ў турму. Па страшным артыкуле аб тэрарызме. Але ў хуткім часе яго ўжо абвінавацілі ў хабары – больш проста і шмат каму зразумела. Толькі намаганнямі дэмакратычнай супольнасці свету ён быў вызвалены нарэшце з-за кратаў. І чатырнаццаць еўрапейскіх гарадоў надалі “злачынцу” годнасць ганаровага грамадзяніна. Але гэта там, у іх. А тут – усё па-ранейшаму.

Чарнобыльская тэма безнадзейна губляецца ў ценю. Улада ўжо абвесціла ўрачыста, што на землях, пасыпаных пякельным попелам выбуху, можна спакойна жыць і працаваць. Радыяцыя растаяла нібы дым. Цэзій-137 бясследна знік. Разам з тымі, хто заўчасна пакінуў гэты свет. Што ні дзень, дзяржаўнае тэлебачанне старанна прамывае людзям мазгі. Мірнага атама не варта баяцца. Пра былыя жахі не трэба ўзгадваць. І медыцынскі чыноўнічак з Астравеччыны спяшаецца падзяліцца з тэлегледачамі сваёй нечаканай радасцю: у ягоную родную вёску прываліла вялікае шчасце. Усяго ў кіламетры ад яе расійцы будуюць новы рэактар. Атамную міну для Еўропы.

А гонар краіны, якая ў 1986-м падарвалася на міне папярэдняй, па-сапраўднаму бароніць пакуль што толькі адзін чалавек – Мікола Уласевіч з вёскі Вараняны на той жа Астравеччыне. Супраць яго мясцовая вертыкаль. І ўся моц той дзяржавы, якая ўмее помсціць непаслухмяным. Дык няўжо нават у дзень Чарнобыльскага шляху мы зноў будзем пакутліва разважаць: ісці – не ісці?..

Адзін за ўсіх. Як там далей, панове?

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]