Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Польская культура пракрадзецца у 10 сталіц свету, у тым ліку ў Мінск

07.09.2011 культура
Польская культура пракрадзецца у 10 сталіц свету, у тым ліку ў Мінск Польшча адзначае старшынства ў Еўрасаюзе амбіцыйным праектам, які прадэманструе свету яе багатую культуру і ўнікальны творчы патэнцыял. На працягу 100 дзён, 10 сталіц свету чакае 400 культурных падзей.

Асноўныя мерапрыемствы міжнароднай культурнай праграмы польскага старшынства ў Еўрасаюзе (I, CULTURE) абвешчаны ў Мінску. Упершыню польская культура будзе прэзентавана ў беларускай сталіцы ў такім маштабе.

Праграма I, CULTURE распрацавана Інстытутам Адама Міцкевіча i Польскімі Інстытутамі на час старшынства Польшчы ў Еўрасаюзе. Больш за 400 культурных падзей пройдуць з верасня па снежань 2011 года ў 10 сталіцах: Лондане, Берліне, Мадрыдзе, Токіа, Пекіне, Брусэлі, Парыжы, Маскве, Кіеве і Мінску.

Міжнародная культурная праграма польскага старшынства ў Еўрасаюзе пазнаёміць беларускую сталіцу з выбітнымі прадстаўнікамі польскай культуры сучаснасці і мінулага: пісьменнікамі, кампазітарамі, мастакамі, паэтамі і рэжысёрамі. Мерапрыемствы праграмы пройдуць на пляцоўках па ўсім Мінску: у галерэях, канцэртных залах, тэатрах і кінатэатрах. Усе праекты курыруе Інстытут Адама Міцкевіча сумесна з Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы беларускіх партнёраў: Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» і інш.

Праграма пачнецца з прэзентацыі аўдыёкнігі Чэслава Мілаша, якая адбудзецца 7 верасня ў межах літаратурнага форуму «Вялікае Княства Паэзіі». Чэслаў Мілаш – адзін з чатырох польскіх лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па літаратуры. На беларускую мову яго творы пераклаў знакаміты беларускі паэт Андрэй Хадановіч. Выданне аўдыёкнігі будзе суправаджацца серыяй чытанняў – фантастычная магчымасць, каб зноў адкрыць для сябе паэзію Мілаша.

13 верасня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі можна будзе пачуць музыку Караля Шыманоўскага, польскага кампазітара, якога называюць «другім пасля Фрыдэрыка Шапэна».

Наступнае мерапрыемства – 18 верасня: творчая майстэрня па сучасным рамястве I, CULTURE Puzzle. Кульмінацыяй аднадзённага семінара стане стварэнне мінскай часткі пазла-палатна I, CULTURE. Фрагменты палатна размеркаваны сярод 10 сталіц-удзельніц праграмы: кожная краіна падрыхтуе сваю частку, пасля чаго з іх сшыюць палатно I, CULTURE. Назіраць за тым, як гэта адбудзецца, можна будзе на сайце www.culture.pl.

Таксама ў межах польскай культурнай праграмы ў Мінску беларусы змогуць наведаць:

• Авангардны перфоманс «Планета Лем». Яго ў Мінск прывязе тэатр Biuro Podró?y («Бюро Падарожжаў»).


Станіслаў Лем – польскі пісьменнік, летуценнік і вяшчун, які «прадказаў» сучасную цывілізацыю і творы якога найчасцей перакладаюць на замежныя мовы. Газета The New York Times назвала яго «Іаганам Себасцьянам Бахам літаратуры ХХ стагоддзя». Яго раманы натхнілі на стварэнне шэдэўраў такіх класікаў сусветнага кіно, як Андрэй Таркоўскі, Стывен Содэрберг («Салярыс») і Ары Фольман («Футуралагічны кангрэс»). Авангардны перфоманс «Планета Лем», заснаваны на творах пісьменніка, будзе паказаны 11 лiстапада ў Палацы спорту.

• 7 сучасных польскіх спектакляў, што мелі найбольшы поспех у свеце.
Пазнаёміцца з адной з самых дынамічных і папулярных тэатральных культур Еўропы можна будзе падчас Міжнароднага форума тэатральнага мастацтва «Тэарт», які пройдзе ў Мінску з 7 па 26 кастрычніка.
Польскія калектывы прывязуць у Беларусь свае самыя цікавыя пастаноўкі: тэатр «ТР Варшава» – спектакль «У нас усё добра», тэатр «КТО» – пластычны спектакль «Сляпыя», эксперыментальны «Тэатр Восьмага Дня» – «Фэйс-кантроль», тэатр Wiczy – монаспектакль для дарослых «Я».
З 27 па 29 кастрычніка ў Мінску пройдуць Дні люблінскага тэатра: свае пастаноўкі пакажуць тры калектывы з Любліна. Тэатр «Правізорыум» — «Братоў Карамазавых», тэатр «ІнВітро» – «Голад Кнута Гамсуна», Люблінскі Тэатр танца – пластычны спектакль «48/4».

• Канцэрт гурта Zakopower.
Zakopower – адзін з самых папулярных гуртоў у Польшчы. Ён спалучае польскую фальклорную музыку з сучасным гучаннем: у кампазіцыях Zakopower ёсць штосьці ад электронікі, штосьці – ад рока, джаза і нават ад афрыканскіх рытмаў.


Паслухаць Zakopower можна 22 лістапада. Месца правядзення будзе ўдакладняцца пазней.

• Міжнародны фестываль графічнага дызайну DIALOGUE DESIGN пройдзе ў Мінску з 7 па 9 верасня.
Фестываль – гэта магчымасць прэзентаваць працы выбітных дызайнераў Польшчы і Беларусі і параўнаць графічнае мастацтва дзвюх краін. Фестывальныя прэзентацыі і семінары створаць спрыяльнае асяроддзе для абмену вопытам паміж пачынаючымі мастакамі і прафесіяналамі з шматгадовым вопытам.

• Польскае кiно на Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад».
Падчас Фестывалю беларускай публiцы будзе прэзентавана серыя дакументальных фільмаў пра сучасную Польшчу. Кінастужкi распявядуць пра прыхiльнасці палякаў да рок-музыкi, моды, гульняў і цацкаў, альпінізму і больш iнтымныя звычкі. Сярод аўтараў – намiнанты на мiжнародныя кiнапрэмii кшталту «Оскар».
У праграме мастацкiх фільмаў Лiстапада – кiнатворы, мэта якiх – пазнаёміць беларускага гледача з сучасным польскім кінематографам і яго самымі цікавымі прадстаўнікамі: як з вядомымі майстрамі, так і з новымі імёнамі, вартымі ўвагі.
Польскія стужкі цікавыя яшчэ і тым, што належаць да розных жанраў і разлічаны на рознага гледача. Плануецца, што тры польскія фільмы прымуць удзел у конкурсе ігравога кіно. Чакаецца, што ўсе фільмы прыедуць прэзентаваць іх аўтары.
Таксама падчас фестывалю польская акадэмія дакументальнага кіно Dragon Forum правядзе майcтар-класы для маладых кінематаграфістаў і прэзентацыі польскіх дакументальных фільмаў.

• Выстава жывапісу Фердынанда Рушчыца.
Фердынанд Рушчыц – польска-беларускі мастак і педагог. Нарадзіўся і памёр у Багданава (вёска ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці). Майстра краявідаў, таксама працаваў над кніжнай графікай, супрацоўнічаў з тэатрамі (аформіў 15 спектакляў).
Выстава будзе праходзіць з 25 лістапада да 31 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Павел Патарочын, дырэктар Інстытута Адама Міцкевіча, адзначыў: «Мы ганарымся тым, што Польшча – першая краіна, якая арганізавала такую амбіцыйную праграму на час свайго старшынства ў Еўрасаюзе. Да таго ж, гэта самы маштабны міжнародны праект, распрацаваны Інстытутам. Мэта праграмы I, CULTURE – пазнаёміць свет з багатай і ўнікальнай культурай сучаснай Польшчы: краіны, якую смела можна назваць «крэатыўным цэнтрам Еўропы» – «the creative hub of Europe».

Источник ej.by



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]