Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Краіна, якую мы не знайшлі

28.05.2009 политика
Краіна, якую мы не знайшлі

Ніхто тут не ўзгадаў нават даволі прыкметную дату. А дарэмна. Першы з’езд народных дэпутатаў СССР шмат у чым перадвызначыў лёс былых савецкіх народаў.

Менавіта тады ці не ўпершыню моцна трэснуў лёд непахіснай улады. І шуганулі такія плыні, што ад камуністычнай імперыі ў хуткім часе і следу не засталося.

Той нечаканы з’езд адбыўся ў канцы траўня і пачатку чэрвеня 1989 года. Прайшло ажно два дзесяцігоддзі. Час немалы. І можна зрабіць пэўныя высновы. Ды падумаць, а ці не нагадвае наша сённяшняя стуацыя тую, савецкую, дваццацігадовай даўніны. Нічога агульнага? Хіба што знешне. А па сутнасці – яшчэ якое падабенства.

Шыкоўнае было, між іншым, відовішча. Нібы сённяшняе спаборніцтва спевакоў на “Еўрабачанні”, яго транслявалі на ўсю краіну. З’ехаліся тады ў Маскву 2250 народных дэпутатаў. І якія між імі ўжо трапляліся людзі. Знакамітыя навукоўцы. Выдатныя пісьменнікі. Грамадскія дзеячы, якія адкрыта спавядалі ідэі дэмакратыі і свабоды. Цяпер і падумаць ужо немагчыма, што ад Беларусі маглі быць там не толькі наменклатуршчыкі і даяркі, але нават Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў. І якія неверагодныя ўжо чуліся словы. Дэпутаты пагражалі нават – гэта ж падумаць толькі! – стварыць фракцыю. Краіна агаломшана прыціхла. Яшчэ зусім нядаўна за гэткія думкі маглі б лёгка забэхаць на Калыму.

Нічога звышасаблівага з’езд той не вырашаў. І вырашаць нічога не мог – агрэсіўна-паслухмяная большасць не дазваляла. І ўсё ж марна ён не прайшоў. У маналіце рэжыму з’явілася ледзь прыкметная шчылінка. І ў яе напралом ірвануліся Эстонія, Латвія і Літва. За некалькі год аж да Еўропы дабеглі. Нас між тымі ўцекачамі не было. Магчыма, таму, што ў іх даўно ўжо сфармавалася нацыянальная эліта. Яна жыла інтарэсамі ўласнай краіны. А наша думала пра тое, як найлепш дагадзіць Маскве. І сваё бязмежнае халуйства абгрунтоўвала надзвычай пераканаўча. Наша рэспубліка – гэта вялікі зборачны цэх. І без Расіі яна не пражыве.

Беларусы не знайшлі тады тую краіну, да якой імнуліся не адно стагоддзе. Свабодную. Дэмакратычную. У якой было б утульна жыць. Уласную. Сваю. Усе сродкі і сілы пайшлі на тое, каб захаваць тут ранейшую саўковасць. Зберагчы недарэчны “цэх”, які і сёння паспяхова штампуе прадукцыю учорашняга дня. Захавалі. Збераглі. Засталіся безаблічным абломкам Савецкага Саюзу. Геніяльны зрабілі выбар. А што ж далей?

А ўсё тое ж. Сітуацыя ў краіне няўмольна нагадвае паўзучую катастрофу, якая выразна акрэслілася яшчэ задоўга да таго з’езда. Стагнацыя. Бессэнсоўная вытворчасць прадукцыі, якую немагчыма прадаць. Востры дэфіцыт грашовых сродкаў.

Спроба захаваць нерэфармаваным “зборачны цэх” – маральна састарэлую савецкую прамысловасць – была не столькі памылкай, колькі звычайным чынавенскім глупствам. Усе разумелі добра, які можа быць урэшце вынік. У гэткай эканоміцы непазбежна крыецца страшэнная небяспека – недарэчнае перабольшванне значнасці каманды, якую аддае высокі начальнік. Вось ён зараз загадае, і ўсё зноў у нас будзе. Нічога ўжо не будзе. Рэжым вычэрпаў рэсурс. Каб выжыць, яму патрабуюцца ўсё новыя і новыя мільярды. А дзе іх узяць?

Знешняя запазычанасць пераўзышла пятнаццаць мільярдаў даляраў. Хто ж гэткай краіне будзе і надалей пазычаць? Расія таксама боўтаецца ў крызісным балоце і крэдытаваць ненажэрнага саюзніка асабліва не спяшаецца. Застаецца апошняя крыніца фінансавання – кішэня ўласных грамадзян. Але пасля гэткай “пазыкі” пачынаецца тое, што ўжо аднойчы было. Бясслаўны канец.

Той з’езд 1989 года амаль дакладна адлюстраваў незайздросны стан тагачаснага грамадства. Ад агульнай колькасці было ўсяго толькі 10 – 12 адсоткаў дэпутатаў дэмакратычнага накірунку. Існуючай уладзе нічым асабліва яны пагражаць не маглі. Усе іх намаганні блакавала надзейна агрэсіўна-паслухмяная большасць. Яна перавышала 75 адсоткаў. Здавалася б, на што тут было спадзявацца? А як потым усё павярнулася!

І ў Беларусі дзевяноста першага года таксама было ўсё надзейна і грунтоўна. Па колькасці галасоў партыйна-савецкая наменклатура мела поўны кантроль над Вярхоўным Саветам. Аднак усяго толькі сямнаццаць апазіцыйных дэпутатаў здолелі тады і сапраўдную беларускую сімволіку вярнуць, і незалежнасць адстаяць.

А таму ці варта сёння так ўжо засмучацца тым, што беларуская апазіцыя пераважнай большасцю грамадства пакуль што не выглядае. Найчасцей у крызісныя моманты лёс краіны вырашае менавіта меншасць. Рашучая. Адказная. Зарыентаваная на цывілізацыйныя каштоўнасці. І пытанне нават не ў тым, хто цяпер пазіцыянуе сябе патэнцыйным кандыдатам на вышэйшую пасаду. Дасведчаных, адукаваных, еўрапейскіх палітыкаў у нашай краіне не бракавала ніколі. Проста ва ўмовах балота іх не чуваць. Іншыя гучаць галасы.

Выйсце з крызісу нідзе ніколі лёгкім не было. І тыя, хто возьме на сябе адказнасць за будучыню краіны, бязмежна рызыкуюць. Нават калі яны абяруць аптымальны шлях, цяжкасцяў не абмінуць. І спасылацца на недарэчны рэжым і ягоныя ўбогія вынікі бессэнсоўна. Усю адказнасць за непазбежныя нягоды ўзваляць потым на тых, новаабраных. А таму вялікае пытанне, ці знойдзецца ў адпаведны час суполка дасведчаных палітыкаў, якая дабраахвотна пагадзілася б выканаць гэткую адказную і няўдзячную ролю. Калі ж не, то непазбежна з’явіцца нейкі чалавек, каб аднаасобна ўзваліць на свае плечы ўвесь цяжар улады. І застанецца хіба толькі спадзявацца, што ў адну варонку двойчы снарад не падае.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]