Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Час расплаты набліжаецца

05.06.2009 политика
Час расплаты набліжаецца

Улада відавочна рыхтуецца да нечага нядобрага. Непажаданага. Занадта непрыемнага. Трывога тая надзвычай востра адчуваецца менавіта ў дні зацішша.

Калі ў краіне нічога асаблівага і не адбываецца. Аднак атмасфера застаецца наэлектрызаванай. Нібыта нейкі неапазнаны вораг падышоў ушчыльную да нашых межаў. І нават ўжо грукоча пагрозліва жалезам.

Так, крызіс сам па сабе – жудасная з’ява. І нікому невядома, што яшчэ ў ім тоіцца. Нягледзячы на кіраўнічыя заклінанні, тут даўно ўсім зразумела: без новых і новых крэдытаў эканоміка не выжыве. Аднак ніхто даваць іх не спяшаецца. І геніяльная ідэя “идти туда, где нас никто не знает” абнадзейвае не надта. Жабракоў нідзе ў свеце не чакаюць. І грашыма падзяліцца не спяшаюцца. Час расплаты набліжаецца няўмольна. Улада ўсё тое добра разумее. І нават рыхтуецца. Па-свойму, у адпаведнасці з яе, улады, разуменнем.

Не, тут не будуць каяцца, што бяздарна змарнавалі час. Шалёныя грошы, здабытыя на спекуляцыях расійскай таннай нафтай, выдаткавалі на пампезныя святы ды лядовыя палацы. Пакінулі нерэфармаванай і неканкурэнтаздольнай прамысловасць. А ўвесь цяжар крызісу ўзвалілі на народ. І адказваць за пятнаццаць гадоў тупіковай палітыкі ні вертыкаль, ні той, хто на самым версе, вядома ж не збіраюцца. Яны абралі іншы шлях.

Ніякіх пратэстаў ды хваляванняў у Беларусі ўвогуле быць не павінна. Нездарма ж менавіта на фронце барацьбы з унутранай пагрозай кіруючая энергія проста віруе цераз край. Няспынныя захады прымаюцца дзеля ўдасканалення тутэйшай паліцэйшчыны. Гэтая фінансаёмістая і грувасткая структура зноў прыцягнула пільную ўвагу найвышэйшага начальніка. Пачалося паспешлівае яе ўмацаванне. У працэсе якога прызначэнне новага міністра ўнутраных спраў – далёка не самая значная падзея.

Неабходнасць замены ўзнікла неяк выпадкова. Генерал Навумаў раптам страшэнна стаміўся. Толькі што, як гэта ўласціва вертыкальшчыкам, дэманстраваў публічна свае неверагодныя фізкультурныя здольнасці. А вось ужо ягоны высокі начальнік абвяшчае пра неадольную стому. Даўняя савецкая гульня. Не гаварыць жа, сапраўды, пра тое, што з Еўразвязам пачынаюцца пэўныя гульні, у перспектыве якіх – магчымасць атрымання хоць нейкіх грашовых сродкаў. А адыёзны генерал, фігурант заходніх чорных спісаў, гэтай справе моцна замінае. І таму – на лаву запасных.

Усё так, ды не зусім. Прырода, як ні круці, бярэ сваё. І рэжым пазбегнуць звыклых выбрыкаў не можа. Здавалася б, хітруючы з Брусэлем, можна было б пайсці хоць на нейкія саступкі. Зрабіць прыемнае сваім заходнім адвакатам. Яны ж так шчыравалі на ніве перавыхавання мясцовай дыктатуры, што нават здолелі заўважыць тут нейкую “лібералізацыю”. Вось і прызначыць бы на той жа МУС нейтральнага чыноўніка. А кагорце адыёзных даць малую перадышку. Дзе там! Улада нават у дробязях не саступае. Нікому і ніколі. І на міністэрскае месца прызначаецца генерал Куляшоў. Той самы, хто не аднойчы асабіста кіраваў у Мінску разгонам і збіццём пікетоўцаў і дэманстрантаў. І выявіў непахісную рашучасць.

А перад тым гэтак жа бескампрамісна вырашылі і праблему кіраўніцтва КДБ.

Сілавыя структуры ўмацавалі надзейна і грунтоўна, а ўпэўненасці ў заўтрашнім дні па-ранейшаму няма. І таму ў стык з апошнім генеральскім прызначэннем робіцца яшчэ адзін імклівы крок да запаветнай мары – татальнага кантролю. Асабістай ахове самага галоўнага начальніка ў краіне надаецца права вышуку і следства. Цяпер ім дазволена без аніякіх санкцый уламывацца нават у прыватныя кватэры. А тыя грамадзяне, якіх яны кінуць тварам на падлогу, перакуліўшы ўверх дном жытло, “маюць права” паскардзіца потым у пракуратуру. А ўжо ж пракуроры крыўдзіцелям пакажуць! А тым больш таму, хто іх паслаў.

Аднак і на гэтым будаўніцтва непахісных муроў вакол вертыкалі і яе вяршыні не спынілася. Час трывожны, страх вялікі. І страціць уладу пасля пятнаццаці гадоў бесклапотнага існавання было б недаравальна. Але на свае спецслужбы, як іх ні ўмацоўвай, спадзявацца неаглядна не даводзіцца. Прыклад Чаушэску чаго варты. А таму ў рэзерве не зашкодзіла б мець яшчэ якіх-небудзь чужых. У мясцовыя сістэмы не інтэграваных. Гэткіх башыбузукаў, гатовых да ўсяго.

І рэжым наважыўся ўступіць ў карны хаўрус з ўладамі Таджыкістана, Казахстана ды Расіі. Падрыхтавана ўжо да падпісання адпаведнае пагадненне – аб стварэнні сумесных сіл хуткага рэагавання. Колькасцю да дваццаці тысяч. Рэй там, вядома ж, будзе весці Расія. У склад новастворанай арды яна накіруе паветрана-дэсантную дывізію і дэсантна-штурмавую брыгаду. І процьму розных “Рысяў”, “Зубраў” ды іншых груп спецпрызначэння. Сатэліты абмяжуюцца брыгадамі.

Ствараецца ўсё гэта “для отражения военной агрессии, проведения специальных операций по борьбе с международным терроризмом, транснациональной организованной преступностью, наркотрафиком”. І гэтак далей. Калі ж адкінуць усю лухту пра нейкія вайсковыя агрэсіі ды транснацыянальную злачыннасць, то застаецца ўрэшце хіба што наркатрафік. Дык што, пскоўская дэсантная дывізія будзе ганяць па кантынентах нейкага наркакур’ера?..

Вядома ж, не будзе. І сапраўдныя мэты гэткіх фармаванняў выяўляюцца пазней. Між іншым. Высокапастаўлены расійскі чыноўнік зазначыў шчыра, што гэтыя сілы “будут способны к переброске в любую точку зоны ответственности ОДКБ”. Вось гэта ўжо слушна. І калі ў нейкай невялікай і неверагодна стабільнай краіне выбары вельмі высокага начальніка пойдуць раптам не па тым сцэнары, на дапамогу пакутніку імгненна паспяшаюцца пскоўскія дэсантнікі. Ды толькі той, хто гэткім чынам спадзяецца надоўга замацаваць за сабой кіруючае крэсла, жаданага наўрад ці дачакаецца. Прышоўшы аднойчы, яны сыходзяць потым неахвотна. А могуць і застацца назаўсёды. Ператварыўшы незалежную краіну ў “зону ответственности ОДКБ”. Гэткія ўжо сілы – хуткага рэагавання. А што з іх узяць? Дэсантнікі, вядома.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]