Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Калі паўстане Беларусь?

25.06.2009 политика
Калі паўстане Беларусь?

Улады братняга Кітаю арыштавалі дысыдэнта. Абвінавачванне страшэннае. Збіраўся разбурыць сацыялістычны лад краіны. Толькі не варта кпіць з таго скупога паведамлення прэсы.

Кіруюць Паднябеснай людзі прагматычныя. Ведаюць, што кажуць. У самую кропку трапілі. Прадухілілі вялікую пагрозу існуючай сістэме. Смешна?

А ў такім разе магутны Савецкі Саюз хто разбурыў? Усё тая ж жменька дысідэнтаў. Народныя масы далучыліся потым. Сотні тысяч выйшлі на дэманстрацыі. І не спыніліся, пакуль непахісны монстр не сканаў. А спярша ўсяго некалькі чалавек з’явіліся на Краснай плошчы. І пакуль іх скруцілі, ледзь паспелі выкрыкнуць свае патрабаванні. Ды яшчэ з дзіцячаю каляскаю, у якой ляжала немаўля, наважыліся ісці супраць гэбістаў. Аднак калясачка тая, як ні дзіўна, здолела праламіць сцяну савецкага таталітарызму. Не адразу, вядома. Нашмат пазней. Але зрабіла сваё. Нічога ў гісторыі не прападае.

Таму пільныя кітайскія ўлады сёння настроямі народных мас не надта пераймаюцца. Увагу спецслужбаў скіравалі яны на самотнага іншадумца. Разумная стратэгія. Менавіта ў ім – галоўная небяспека.

А вось беларуская дэмакратыя ў вызначальную ролю асобы па-ранейшаму не верыць. І ўсё чакае магутнага ўздыму рэвалюцыйных мас. І сапраўды, колькі можна цярпець гэты калгасны стыль кіравання? Крызіс і бяздарная палітыка вядуць краіну да стагнацыі і безвыходнай беднасці. Гэта адчуваюць усе. Электаральная падтрымка дзеючай улады чэзне і знікае. Нават самыя надзейныя - вясковыя старыя,- параўнаўшы свае сціплыя пенсійныя рублі з цэнамі на лекі, страчваюць апошнія ілюзіі наконт тутэйшай улады. Пустым абяцанкам мала хто ўжо верыць. Незадаволенасць расце. Варта толькі яшчэ крыху пачакаць. Абудзіцца народ. І тады…

І тады не зменіцца нічога. Гісторыкі не зафіксавалі вялікіх забурэнняў нават у тым выпадку, калі савецкі ўрад у выніку грашовай рэформы бессаромна абрабаваў усё насельніцтва краіны. У адказ яно памацюгалася і сціхла. Афёру праглынулі. Такі менталітэт. Заробленага не пашкадавалі. Знявагі не заўважылі. Ды што там! Нават славуты рабочы бунт у Мінску з нагоды рэзкага падвышэння цэн на мяса скончыўся нічым. Ва ўсякім разе, магутных пралетарскіх калон у падтрымку бастуючых метрапалітэнаўцаў на вуліцах сталіцы ніхто ўжо не заўважыў. Аналагаў польскай “Салідарнасці” тут не атрымалася. Гданьск ад нас далёка. І вытворчасць зусім не тая. Замест акіянскіх караблёў наш рабочы клас будуе аўтазакі.

Так, народны ўздым шмат што вырашае. Але пакуль яго няма, было б варта скарыстаць і стары надзейны сродак – выбары. Шмат каму з суседзяў яны дапамаглі вырвацца з застою і бязладдзя. І толькі ў Беларусі не было пакуль ніводнай па-сапраўднаму падрыхтаванай выбарчай кампаніі. Бо напярэдадні кожнай з іх пачыналася адно і тое ж. Спаборніцтва амбіцый. Непрыгожая валтузня выпадковых вылучэнняў. Непаразуменні з выбарцамі. А ў выніку – непазбежная параза.

Планавалі яе загаддзя. На перамогу па-сапраўднаму ніхто не спадзяваўся. Абы прыняць удзел. Адзначыцца ў кандыдатах. Падвысіць асабісты рэйтынг. А там… Вядома ж кожнаму – тут выйграць немагчыма. Таму і не баіцца ўлада апазіцыі. Інакш кажучы, на перамогу не разлічваюць. І да яе, недасяжнай, не імкнуцца. Яе ўвогуле не можа быць, таму што быць не можа.

А вось самотны кітайскі дысыдэнт пра тое не ведае нічога. Як і тыя, хто ў глухія савецкія гады з пратэстам ірвануліся наўпрост да Крамля. На Красную плошчу. З наіўнай верай ў непазбежнасць перамогі. І яна прыйшла, тая перамога. Беларуская дэмакратыя таксама магла шмат чаго дамагчыся ўжо на мінулых прэзідэнцкіх выбарах. Колькі людзей выйшла ў чаканні ў той першы вечар. З якой самаахвярнасцю адстойвала моладзь намётавы лагер на плошчы. Але іх сілу не заўважылі. Не скарысталі. У перамогу не паверылі. Змарнавалі яшчэ пяць гадоў жыцця.

Набліжаюцца новыя выбары. І зноў паўтараюцца тыя ж памылкі. Яшчэ не скончылася лета, а ўжо фармуецца магутная кагорта кандыдатаў у прэзідэнты. А што будзе ўвосень! Кожны з прэтэндэнтаў добра ведае, што не пераможа. А таму ідзе ўпэўнена. І сапраўды, а чым ён горш за іншых? Няма ў гэтых шыхтах толькі аднаго – сапраўднага кандыдата. Таго, хто ідзе на выбары, каб узяць уладу. І традыцыйны фарс ператварыць у выбары рэальныя. З жорсткім спаборніцтвам. З барацьбой за кожны голас. З непрызначаным загаддзя вынікам.

Калі б насамрэч хтосьці меў бы на мэце перамогу, напэўна ж разгарнуў бы найперш кампанію за змену выбарчага заканадаўства. Узрушыў бы краіну ідэяй чэсных, справядлівых выбараў. І дамагаючыся свайго, здабыў бы заадно і немалую электаральную падтрымку. А далей – гэта ўжо клопат усёй апазіцыі – адзіны кандыдат. Здавалася б, горкі вопыт мінулай прэзідэнцкай кампаніі павіны былі нарэшце ўлічыць. Але ж не, пакуль гэткая разважлівасць нават не прадбачыцца. І незаменнаму правіцелю апазіцыя рыхтуе мімаволі пераканаўчы аргумент: столькі прэтэндэндэнтаў – сапраўднае спаборніцтва.

І апошняе, без чаго ў выбарах удзельнічаць тут проста бессэнсоўна – апытанне на выхадзе з выбарчых участкаў. Каб на плошчу прыйсці ўжо не з заклікамі, як заўсёды, а з канкрэтнымі лічбамі.

Не варта чакаць, пакуль саспее масавы пратэст. Можна не дачакацца. Куды лепш скарыстаць рэальны шанс пераменаў – ужо не надта далёкія выбары. Аднак пакуль што магчымыя іх абрысы нагадваюць усё тое, што было раней. Процьма прэтэндэнтаў. Старыя выбарчыя тэхналогіі. Раскол у апазіцыі. І палымяныя словы пра тое, што вядома ж мы не пераможам, але так пройдзем са сваёй агітацыяй ад дзвярэй да дзвярэй, што ўзрушым ці не увесь электарат. Так загаддзя плануецца правал.

Не стотысячныя натоўпы патрэбны сёння Беларусі. Яны нікуды не падзенуцца. З’явяцца ў пэўны час у пэўным месцы. Дэмакратычным сілам як паветра неабходны адзіны кандыдат. Прыстойны чалавек, які па-сапраўднаму наважыўся б здабыць перамогу. Дамагчыся ўлады. І ўзяць на сябе адказнасць за ўсё, што тут адбудзецца. З краінай і народам.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]