Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Страх з драздоўскім акцэнтам

26.11.2009 политика
Страх з драздоўскім акцэнтам

У Беларусі страшна жыць. Зверху і да самых нізоў вертыкаль працяў жывёльны страх. Яна ўвесь час, нібы першабытнае племя, адчувае набліжэнне нейкай незразумелай небяспекі.

І не шкадуе сіл, каб і грамадства давесці да гэткага ж стану. Тут баяцца ўсяго – крызісу і эпідэміі, паводкі і засухі. І нават адзін аднаго. А найбольш – газавай вайны і міжнароднага тэрарызму. Мітусліва шукаюць усё новыя і новыя спосабы самааховы. І са страху палохаюць іншых.

Толькі што на межах нашых заходніх суседзяў адгрукатала жудасная вайна. Бутафорская, зразумела. Сумесныя з гэткай жа запалоханай і бязмежна пакрыўджанай Расіяй вайсковыя манеўры. Самыя вялікія з часоў заканчэння халоднай вайны. Паказалі ўсяму свету, што туга па той незабыўнай вайне тут не згасае і сёння. Нікога за той мяжой яны сваім грукатам не напалохалі. Толькі яшчэ раз прадэманстравалі, што рэжым тут неадэкватны і чакаць яго можна чаго заўгодна.

Не паспеў развеяцца парахавы дым той незразумелай і небяспечнай гульні ў вайну, як тут ужо новыя сумесныя вучэнні. Гэтым разам у адпаведнасці з дамовай аб стварэнні сілаў хуткага рэагавання. Якую, нягледзячы на ўсе гордыя выкрыкі пра сваю непахіснасць, правіцель па патрабаванні Крамля пакорліва падпісаў. У Беларусь, ужо як на ўласны палігон, скіравалася каманда маскоўскага “Зубра”, які вызначыўся неверагоднай жорсткасцю пры разгоне пікетоўцаў ва Ўладзівастоку. Трэба ж падзяліцца набытым майстэрствам з героямі карных аперацый у Мінску. Мэта вучэнняў актуальная, як ніколі: барацьба з тэрарызмам. І ў прыватнасці, як заявіў шэф функцыянераў КСОР Мікалай Бардзюжа, яны будуць “отрабатывать вопрос по деблокированию зданий”.

І сапраўды, дзе ж яшчэ праводзіць гэткія вучэнні, калі не тут? Вядома кожнаму, што менавіта ў Мінску блукаюць па вуліцах хамазаўскія маджахеды, аўганскія талібы ды самалійскія піраты. Што ні дзень, захопліваюць будынкі разам з закладнікамі. Нездарма імкнуліся сюды маскоўскія амапаўцы. Не толькі яны падзеляцца сваім досьведам, але мясцовыя рыцары кулака і дубінкі распавядуць ім пра тое, як змагаючыся з тэрарызмам, уламваліся яны пад выглядам сантэхнікаў ў кватэры журналістаў ды маладафронтаўцаў, палохаючы іх бацькоў і малодшых братоў і сястрычак.

А выклікае гэты чарговы прыступ ваяўнічасці ўсё тое ж – не надта далёкія прэзідэнцкія выбары. Пакуль што ўяўная, але пры пэўных акалічнасцях зусім верагодная, магчымасць законным шляхам пазбавіцца прымітыўнай улады. А ёй, каб тут і надалей утрымацца, даводзіцца ўсіх, хто ад яе не ў захапленні, абвяшчаць экстрэмістамі і ствараць усё новыя і новыя ўзроўні бяспекі. Уключна з такім рызыкоўным, як вайскова-паліцэйскі хаўрус з Расіяй. Не звяртаючы ўвагі нават на тое, што менавіта адтуль прагучала нецярплівая прапанова увайсці ў яе склад шасцю абласцямі. Няма падстаў меркаваць, што там хвалюючае пытанне назаўсёды знялі з парадку дня.

Наўрад ці так ужо выпадкова на нядаўняй сустрэчы расійскага кіраўніка з журналістамі з Беларусі было падкрэслена, што міжнародныя дамовы маюць вяршэнства над законамі нацыянальнымі. Гэткія выказванні беспадстаўна не робяцца. І яшчэ невядома, да чаго ўсходнія “саюзнікі” могуць дадумацца, пашыраючы сваю прысутнасць на нашай прасторы. Да таго ж неадольны страх страціць уладу – кепскі дарадца. У перадвыбарчы год будзе шмат наламана дроў. Прымітыўная ўсходняя палітыка, якую вёў тут столькі гадоў шклоўскі аматар саматужнага кіравання, яшчэ не аднойчы адгукнецца Беларусі ў будучым.

Ва ўсім свеце перадкалядны сезон – даволі ціхі, спакойны час. Людзі рыхтуюцца да святаў. І толькі тут пануе нейкае ліхаманкавае ўзбуджэнне. Заварушыўся ўвесь мурашнік шматслойнай аховы найдаражэйшай у краіне асобы. Аналітычныя цэнтры пільна адсочваюць настроі ў грамадстве. І яны далёка не на карысць збанкрутаванай улады.

І вось ужо на Брэстчыне шчыруе тамтэйшы гэбісцкі начальнік, абвяшчаючы няспыннае змаганне “с вредным направлением мыслей в широком смысле слова”. І ўдакладняе, што з вышэйзгаданай небяспекай “у нас борются все без исключения оперативные подразделения на закрепленных за ними направлениях”. Вось так – усе пайшлі на фронт змагання з іншадумствам. Нібы на бульбу кінулі падчас бітвы за ўраджай. Наспела неабходнасць зверыць думкі кожнага з драздоўскім эталонам. Наўрад ці брэсцкі дазорца самастойна акрэсліў галоўны напрамак небяспекі. Падобна на тое, што гэта генеральная лінія. Тая самая, што была вызначана партыяй яшчэ ў савецкія часы.

Толькі вось бяда – у барацьбе з непажаданым “направлением мыслей” нават Лубянка з яе магутным апаратам і процьмай сексотаў істотных поспехаў не дамаглася. Яна ўпэўнена кантралявала ці не кожнае слова, магутнае войска дасягнула неверагодных памераў, ракет назапасілі столькі, што можна было ўжо знішчыць планету, а Савецкі Саюз пачаў чэзнуць і знік. Ад лёгкага штуршка. Ад прыкрай, нявартай увагі дробязі – людзі пачалі думаць. І падслухаць іх думкі не здолела нават гэбуха.

Дыктатуры здыхаюць аднолькава. Спачатку шалёная радасць, эўфарыя, непахісная перакананасць у тым, што няма немагчымага. І дазволена ўсё. І калі ўжо моц амаль што бязмежная, а ўпэўненасць ва ўласнай незаменнасці дасягае найвышэйшай адзнакі, нешта лопаецца раптам унутры. Нібы нейкі святочны балёнік. І замест неабсяжных амбіцый застаецца толькі горкае расчараванне. А дзе ж яна, тая магутная, напампаваная страхам і нянавісцю дыктатура?..

“Праходзіць усё, пройдзе і гэта”. Выключэнняў пакуль не было.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2020 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]