Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Дачакаемся Плошчы

09.07.2010 политика
Дачакаемся Плошчы

Сапраўдная бітва за некалькі няшчасных мільёнаў на газпрамаўскім рубяжы скончылася для рэжыма поўнай паразай.

У кожнага народа ёсць свой чорны каляндар. Беларусы таксама гэткі маюць. Шмат у ім падзей, якія выклікаюць боль і горыч. Няйначай, давядзецца дапоўніць усё тое яшчэ адной датай – 6 ліпеня 2010 года. Менавіта ў гэты дзень пачаў тут дзейнічаць мытны кодэкс новага саюзнага ўтварэння. Незалежная Беларусь стала часткай Дзікага поля.

На тую падзею амаль ніхто асаблівай увагі не звярнуў. Ні радасных шэсцяў аматараў усходняй халявы, ні мітынгаў пратэсту абаронцаў суверэнітэту заўважана не было. Хіба што на адной з мінскіх вуліц з’явіўся нешматлікі пікет актывістаў КХП БНФ. І болей нічога. Астатнім, кажучы моваю новастворанай прасторы, усё тое “до лампочки”. А шмат хто нават цвердзіць пра відавочныя выгоды падпісанага ў Астане пагаднення.

Сапраўды, першымі палёгку адчуюць шматпакутныя нашы бізнесоўцы. Цяпер пры пераходзе усходняй мяжы з адзінаццаці тысяч ранейшых таварных пазіцый давядзецца дэклараваць хіба толькі некалькі дзесяткаў. І якая-небудзь партыя шкарпэтак зможа блукаць сабе свабодна па ўсёй неабсяжнай прасторы – аж да самога Кітаю. Хіба не гэткай вольнай волі дамагаліся спрадвеку гандляры?

І не толькі прадпрымальнікам, але і люду простаму прадугледжаны адпаведны бонус. Вяртаючыся здалёк, грамадзянін саюзнай Беларусі зможа цяпер дазволіць сабе ў багажы лішнюю пляшку. Як тут не ўхваляць мудры курс правадыра на скасаванне нейкай там мяжы. За бутэльку і не такое прадавалі. Тым больш, што ў суцяшэнне можна спаслацца на станоўчы прыклад Еўразвязу. Там жа таксама межаў няма. І нічога, жывуць.

Правіцель у сваім няспынным клопаце пра дабрабыт народа здабыў яшчэ адзін гіпатэтычны выйгрыш. Палёгку з мытнай пошлінай на нафту. З цягам часу. Калі будзе паводзіць сябе сціпла, паслухмяна.

Але нават гэтыя відавочныя перавагі зацятых скептыкаў не пераканалі. Зноў і зноў беларускія аналітыкі нагадваюць пра тое, што эканоміка Казахстана і Расіі грунтуецца найперш на экспарце энерганосьбітаў. А тут дамінуе эканоміка зборачнага цэху, чым так ганарыліся ў савецкі час. Апынуцца ў залежнасці ад гэткіх хаўруснікаў – верны шлях да поўнага знікнення. У іх свае інтарэсы. І толькі надта наіўны або безнадзейны няўдачнік можа разлічваць на прыбытак ад удзелу ў гэтых усходніх гульнях.

Усё вельмі нагадвае даўні анекдот пра ветлівых хлопцаў, якія пайшлі аднойчы вудзіць рыбу і запрасілі з сабою чарвяка. А той быў такі самаўпэўнены, што да кампаніі ахвотна далучыўся. Чым вандроўка скончылася, узгадваць не варта. Фанабэрыя, якўю тутэйшая ўлада навязліва дэманстравала напярэдадні мытнай капітуляцыі, выглядае яшчэ больш камічна. Сапраўдная бітва за некалькі няшчасных мільёнаў на газпрамаўскім рубяжы скончылася для рэжыма поўнай паразай. Адыёзнае пагадненне аб мытным кодэксе, нягледзячы на ўсе пагрозы на адрас каварнага партнёра, хуценька ратыфікавалі. Употай, цішком. Хаваючыся ад граммадства і саміх сябе. Лыпаючы вочкамі і хлусячы бессаромна. Героям колішняй газавай вайны такое не пасавала. Але што зробіш – усходнія суседзі прыціснулі моцна, і як кажа правіцель, “наклонили”. Давялося здацца. І пасля ваяўнічых воклічаў паказаць усяму свету сваё сапраўднае аблічча.

Аднак пераможцам і гэтага прыніжэння было яшчэ мала. І яны зрабілі, на першы погляд, зусім незразумелы ход. Па канале НТВ у самы спрыяльны час паказалі вялікі фільм, прысвечаны свайму надзейнаму саюзніку і амаль што брату. Каменя на камені не пакінулі ад ягонай рэпутацыі, якую калісьці самі ж і стваралі. Па версіі канала, паглядзелі той фільм больш за 150 мільёнаў гледачоў. Без уліку нашых, якім у той вечар пільныя таварышы прагляд надзейна перакрылі. Аднак шыла ў мяху і тут схаваць не ўдалося. Хто хацеў, так ці інакш пабачыў.

Адразу ўзнікла версія: цярпенне расійцаў скончылася, Крэмль здае дыктатара. Інакш як патлумачыць выхад гэтага шэдэўра ў самы лепшы эфірны час. Ды яшчэ напярэдадні падпісання пагаднення пра саюзны мытны кодэкс. Толькі няма тут нічога сенсацыйнага. Яшчэ падчас апошняй каўказскай вайны была створана адмысловая расійская стратэгія – “принуждение к миру”. Універсальная для ўсіх. Слова “мир” можна памяняць на што заўгодна. У выпадку з ганарлівым саюзнікам быў абраны мяккі варыянт: “принуждение к подписанию”. Тэхналогія тая ж – усімі сродкамі, да апошняй рысы. І аб’ект стратэгіі выдатна выканаў прызначаную яму ролю ахвяры візантыйскіх гульняў. Пакрыўджана маўчаў. І ўсё падпісваў.

Зразумела, не фільм маскоўскі яго напалохаў. Твор гэты надта ўзважаны. Няма ў ім ніводнага эпізода, невядомага раней. Беларуская апазіцыя пра ўсё тое гаварыла неаднаразова. Але ў краіне нашай тое ні на каго ніякага ўздзеяння не мела. І гэтым разам пакрыўджаная ўлада прапусціла б усё міма вушэй. Або дала б некалькі прапагандысцкіх залпаў у адказ і завяла старую песню пра братнія пачуцці і адзіны народ.

А тут раптам – цішыня. Глухое маўчанне. І нават няма на БТ узнёслых рэпартажаў пра подзвігі галоўнакамандуючага ва ўсенароднай бітве за ўраджай. Што здарылася?

Ды нічога асаблівага. Проста ў дыктарскім тэксце расійскага фільма прагучала між іншым сціплая звестка пра тое, што зняты ў Беларусі матэрыял у здымачнай групы быў канфіскаваны. Але патаемныя сябры з КДБ здолелі здабыць яго з сакрэтных сэйфаў і перадаць у Маскву. Гэта лухта – ніякіх адмысловых матэрыялаў, акрамя інтэрв’ю вядомага апазіцыйнага палітыка, у фільме няма. І не было ў іх патрэбы. Не ў тым ягоная высокая задума.

Яна – ў тых словах пра невядомых сяброў з тутэйшай гэбушкі, якія зліваюць у Маскву інфармацыю з патаемных сейфаў. У тым ліку і пэўны кампрамат. І калі ганарлівы правіцель і надалей паспрабуе ў новастворанай агульнай прасторы весці ўласную гульню, дзверы таго сакральнага сэйфа могуць аднойчы прыадчыніцца яшчэ шырэй. Мэсідж надзвычай выразны. Пасланне дайшло да адрасата. І ён заняў пазіцыю памяркоўную, разважлівую. У Крамлі ацанілі.

Наіўныя ж спадзяванні на тое, што Масква збіраецца памяняць тут кіраўніцтва – гэта для рамантыкаў. Ніхто Расію ў якасці экспарцёра дэмакратыі пакуль што не заўважыў. І бліжэйшым часам яе выступ у гэткай ролі не прадбачыцца.

І няма чаго хітрыць ды перакладаць на іншых уласныя праблемы. Калі народ Беларусі так і не ўспомніць, што змена ўлады – гэта яго выключнае права, канчатковае далучэнне краіны да Дзікага поля завершыцца хутка. І ад былой незалежнасці нам застануцца хіба што суверэнныя Дразды. З іх нязменным кланам.

Але пакуль што прагонім змрочныя думкі Дачакаемся Плошчы.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]