Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Чамадан без ручкі

20.08.2010 политика
Чамадан без ручкі

Беларусаў чамусьці не надта хвалюе імідж краіны. Яе добрае імя. Як нас сёння ўспрымаюць суседзі?

Ці ведаюць Беларусь у вялікім свеце і як да яе ставяцца? Гэта, на вялікі жаль, зусім не тыя тэмы, якім надае ўвагу наша большасць.

Грамадзяне ці не кожнай краіны зусім упэўненыя, што менавіта яны калі не самыя першыя на гэтай планеце, то ва ўсякім разе не апошнія. Кожнаму хочацца верыць у сваю ўнікальнасць, адметнасць. І ў тым нічога кепскага няма. Калі толькі пад кіраўніцтвам якога-небудзь ачмурэлага дыктатара не ператвараецца тое ў ваяўнічую ідэалогію абранасці. У манію абсалютнай перавагі над усімі.

А ў краінах звычайных людзі ганарацца чым заўгодна. Абы тое цешыла іх нацыянальную свядомасць. Найчасцей сваёй слаўнай гісторыяй. Прыгажосцю старажытных гарадоў. Здабыткамі мастацтва. Творамі майстроў. Адметнай прывабнасцю звычаяў. Непахісным гальскім духам. Нямецкай дакладнасцю. Ангельскай карэктнасцю. Усім, што хоць уяўна падвышае імідж краю.

Еўрапейцы даўно заўважылі: аўтарытэт краіны – той жа капітал. Здабытак, які не пакладзеш, канешне, у банк. Але маючы яго ў запасе, можна разлічваць на поспех у справах і добрых дачыненнях. А таму той скарб усімі сродкамі людзі зберагаюць і, як могуць, памнажаюць.

Толькі ў сучаснай Беларусі ўсё інакш. Дзеючая ўлада з нейкай невытлумачальнай упартасцю імкнецца імідж краіны сапсаваць. За той кароткі час незалежнасці, які папярэднічаў лёсавызначальным прэзідэнцкім выбарам, Беларусь сваёй паслядоўнай і зразумелай палітыкай паспела набыць немалы аўтарытэт у свеце. Адна толькі адмова ад размяшчэння на сваёй тэрыторыі атамнай зброі чаго каштавала. І гэта быў далёка не адзіны асэнсаваны крок беларусаў у будучыню. Блізкія і далёкія суседзі ахвотна ішлі на кантакты і развівалі самыя розныя дачыненні з незалежнай і відавочна еўрапейскай краінай.

А потым грымнуў неверагодны 1994 год. Краіну нібы падмянілі. І чаго тут толькі пасля не было – і публічная заява адзінаабранага пра арыентацыю на гітлераўскі рэжым у якасці ўзору тутэйшай прэзідэнцкай улады, і каналізацыйна-драздоўскі канфлікт з заходнімі амбасадамі, і жудасныя знікненні палітычных апанентаў. Ды яшчэ – пагром парламента, бяконцыя і жорсткія вулічныя войны з тымі, хто не пажадаў скарыцца перад дурной і агрэсіўнай сілай гэтай маразматычнай дыктатуры.

Лавінай абрынуліся падзеі, якія нават у самых шчырых нашых прыхільнікаў выклікаць маглі хіба што амярзенне. Але рэжым супакоіцца не мог – генетычны код не дазваляў. Усё ішло ў адным напрамку. Нават з тымі суседзямі, якіх только што называлі братамі і саюзнікамі, здолелі ўвайсці ў канфлікт невырашальны. Ды і па ўсіх іншых межах краіны – тыя ж безнадзейныя канфлікты. Не можам паразумецца з Украінай – да гэтага часу не здолелі ратыфікаваць пагадненні аб дзяржаўнай мяжы. Канфлікт з Польшчай узнік амаль на пустым месцы. Захацелася, бачыце, Саюз палякаў па асабістай адданасці правіцелю прыраўняць да БРСМ. Такая неадкладная, надзённая задача з’явілася, што можна было нават ахвяраваць добрымі міждзяржаўнымі дачыненнямі. І рэпутацыяй – не сваёй, вядома. А ўсё той жа падуладнай краіны. І дзеля чаго, з якой высокай мэты?

Не надта лепшыя стасункі і з іншымі заходнімі судзямі – Латвіяй, Літвой. З вартай жалю перыядычнасцю ўзнікаюць усё новыя і новыя свары. Колькі дамагалася Літва выдачы савецкага генерала-уцекача, якога там абвінавачвалі ў цяжкіх злачынствах супраць абаронцаў незалежнасці, ніхто тут на ўсе доказы суседзяў нават увагі не звярнуу. Мала таго, абвінавачанага нават прызначылі на высокую вайсковую пасаду – іншых жа ў Беларусі не знайсці. І сёння доўжацца на тым напрамку правакацыі і выпады. Без аніякіх падстаў. Такая ўлада – склочная, безнадзейна канфліктная.

У свеце ўжо не так проста знайсці краіну, з якой тутэйшая ўлада захавала б добрыя дачыненні. І як заўсёды бывае ў такіх выпадках, паступова пачынае акрэслівацца кола нешматлікіх, але надзейных сяброў – Іран, Венесуэла, Сірыя. Далей – па адпаведнаму спісу.

Незалежныя аналітыкі цвердзяць, што Беларусь упэўнена займае незайздроснае месца між краін трэцяга свету. Але гэта яшчэ паўбяды. На вялікі жаль, яна ўсё больш упэўнена ўваходзіць у сумнавядомы клуб краін-ізгояў. І гэта не выпадковы збег неспрыяльных акалічнасцяў, а лагічны вынік той палітыкі, якую канчаткова абрала ўлада. Безнадзейна некампетэнтная. Паталагічна канфліктная. І надзвычай дарагая.

Нават самыя страшныя эканамічныя страты рана ці позна можна кампенсаваць. А вось вяртанне з дабраахвотнага палону, з той пачварнай супольнасці, у якую мы трапілі, не будзе ні лёгкім, ні хуткім.

Беларусь перажывае дзіўны парадокс. Абсалютная большасць ужо разумее, што з сённяшняй уладай можна рухацца толькі ў адным накірунку – да нацыянальнай катастрофы. Але ж і развітацца з гэтым чамаданам без ручкі, які гэткая ж большасць так легкадумна падхапіла ў незабыўным 1994 годзе, надзвычай цяжка. Прызвычаіліся. Зжыліся. Сэрцам прыкіпелі. Як жа без яго?

Аднак выкінуць на сметнік гісторыі гэты набытак усё ж давядзецца. Як тое ні крыўдна. У Еўропу з такім багажом уваход забаронены.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]