Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

«Беларусь - сакральнае месца»

18.10.2017 общество
«Беларусь - сакральнае месца»

Cем пытаньняў рэжысэру Юрыю Хашчавацкаму на 70-гадовы юбілей.

18 кастрычніка вядомаму беларускаму рэжысэру дакумэнтальнага кіно Юрыю Хашчавацкаму споўнілася 70 гадоў. «Радыё Свабода» задало 7 пытаньняў пра галоўнае.

— Якое творчае дасягненьне вы лічыце самым галоўным у жыцьці? Хіба гэта ня фільм «Звычайны прэзыдэнт», які паглядзелі ўжо мільёны гледачоў па ўсім сьвеце?

— Не, я ня думаю, што «Звычайны прэзыдэнт» — гэта маё самае крутое дасягненьне. І раней былі ўдалыя фільмы.

У 92-м я зьняў «Рускае шчасьце» — фільм, які з прафэсійнага пункту гледжаньня быў вельмі ўдалы, моцны, я люблю яго больш за ўсё.

А калі казаць пра фільмы, якія пра гісторыю, пра тое, што адбываецца ў сьвеце і ў нашай краіне, дык гэта, безумоўна, і «Лабатамія», і «Плошча», і цяпер вось толькі ўчора здаў «Гэты шалёны, шалёны, шалёны рускі сьвет».

Для мяне кожны фільм — успаміны пра пэўныя моманты жыцьця. Як я рабіў, прыкладам, «Звычайнага прэзыдэнта»? Сядзеў у рэдакцыі «Белорусской деловой газеты», праглядаў архіўныя матэрыялы, сустракаўся зь людзьмі. Гэта быў 1995–96 год, шалёна цікавы час.

Фільмы — як дзеці, але дзеці вырастаюць, і ў тым ліку прыносяць бацькам праблемы. Але ў мяне вось праблемаў зь імі няма, затое ёсьць праблемы некаторых герояў маіх фільмаў.

А што да кухталёў за фільмы, ня толькі ўзнагарод, дык гэта было і ёсьць. Было, што зьбівалі, пагражалі. Цяпер у Беларусі я не магу афіцыйна працаваць, ніхто ня можа прафінансаваць маю працу, мой фільм, бо яго адразу ці звольняць, ці пазбавяць бізнэсу, як было з Аляксандрам Пупейкам, які прафінансаваў мой фільм «Звычайны прэзыдэнт». Прычым там як было? Я ж ня ведаў, што яго фінансуе тагачасны ўласьнік «Дайновы», вельмі пасьпяховай фірмы, адзін з такіх першых «новых беларусаў». Магчыма, яго і зь іншых прычын вырашылі пазбавіць бізнэсу, але верагодна, што і фільм спрычыніўся.

Але потым, калі гэтага выдатнага прадпрымальніка, які ўцёк у Польшчу, хацелі адтуль выдаць у Беларусь як нібыта злачынцу, дык мой фільм яго фактычна ўратаваў. Бо напярэдадні суду ў Польшчы па іх тэлевізіі якраз паказалі «Звычайнага прэзыдэнта» — і ўсім усё стала зразумела. Рашэньне на карысьць Пупейкі было прынята літаральна за 5 хвілін, гэта ён мне сам потым распавёў.

Проста хачу сказаць, што нашы беларускія прадпрымальнікі ў той час, за рэдкім выключэньнем, не разумелі, што неабходна ўкладаць грошы ў нешта, акрамя прыемнасьцяў, неабходна ствараць асяродзьдзе, фінансаваць газэты, кіно і гэтак далей. Калі б так было шырока, цяпер мы ня мелі б такога жахлівага становішча з палітыкай і культурай, якое маем. Але большасьць гэтага не разумела.

— Чаму ў апошнім фільме «Гэты шалёны, шалёны, шалёны рускі сьвет» вы зноў вярнуліся да расейскай тэматыкі, як і чвэрць стагодзьдзя таму?

— Гэты фільм, які выйдзе, відаць, на канале «Белсат», — пра мэтады і інструмэнты расейскай палітыкі, пра тое, што такое рускі імпэрыялізм, як яны «дапамагаюць» малым краінам, якія аказаліся вакол іх, на прыкладзе Грузіі. Але ня толькі. У пэўным сэнсе там і сёньняшні дзень.

Фільм зроблены цалкам паводле матэрыялаў з расейскай інфармацыйнай прасторы, шмат што ўзята з інтэрнэту. Гэта ўсё ідзе паралельна лініі пра гісторыю Георгіеўскага трактату, якім Грузія была далучаная да Расеі, з таго часу і да падзей сёньняшняга дня, што там адбываецца і якое Расея мае да гэтага дачыненьне.

А чаму мяне не адпускае руская тэма? Дык таму ж, чаму не адпускае ні габрэйская, ні беларуская. Тут, праўда, цяжка працаваць, здымаць немагчыма.

— Чаму рэжысэр Хашчавацкі так і не эміграваў зь Беларусі?

— Ведаеце, я даўно заўважыў, што Беларусь знаходзіцца ў вельмі незвычайным месцы, дзе шмат што здараецца вельмі важнае ня толькі для Эўропы, але і для сьвету. Адна падзея, якая адбылася ў 1991 годзе ў Белавескай пушчы, чаго вартая.

Ёсьць такое слова — сакральнае. Цяпер дзякуючы расейскай прапагандзе яно набыло адмоўны колер, але для мяне Беларусь у добрым сэнсе сакральнае месца, сакральная зямля. Мне тут добра. Калі б яшчэ ўлада была добрая, дык увогуле было б выдатна. Куды яшчэ ехаць? Паўсюль ёсьць праблемы, а тут вакол усё зразумела, усё роднае. Другое — цікава ж, тое, што тут адбываецца, сапраўды цікава. І, нарэшце, можа, самае галоўнае, — а чаму я мушу зьяжджаць? Хай яны едуць, калі хочуць.

— Якая праблема найбольш непакоіць Юрыя Хашчавацкага — творцу, грамадзяніна, чалавека?

— Мяне непакоіць больш за ўсё тое, што адбываецца з намі пасьля 1994 году. Тады, а ў 2000 годзе і ў Расеі (пад велізарным уплывам якой мы знаходзімся), да ўлады прыйшлі людзі, мэта якіх — дэградацыя чалавека.

Новыя людзі становяцца меней адукаванымі, меней культурнымі, пануе культ сілы. Калі раней, нават пры камуністах, пры савецкай уладзе, усё ж быў культ адукаваных людзей — у пэўнай меры, канечне, але гэта ўсё ж цанілася, — дык цяпер гэта ніяк ня цэніцца. Наадварот, гэтак званыя «батанікі» ў загоне, а фізычна здаровы хам стаў ідэалам сучаснага чалавека.

На такіх адчуваньнях пабудаваныя сацыяльныя ліфты, заснаваны падмурак цяперашняга грамадзтва. Але гэта вядзе да жахлівай дэградацыі грамадзтва, і гэта мяне больш за ўсё непакоіць. Такі высокі чыноўнік Тозік калісьці заявіў, што нам не патрэбна столькі людзей з вышэйшай адукацыяй, цяпер астатнія гэта за ім паўтараюць, і Лукашэнка таксама пачынае ў той жа бок. Яны разумеюць, што могуць кіраваць толькі малаадукаванымі людзьмі, грамадзтвам зь нізкай культурай лягчэй маніпуляваць, і таму ўсё робяць, каб людзі станавіліся ўсё дурнейшыя і дурнейшыя.

Але калі казаць пра будучыню, дык гэткі падыход ня мае ніякай пэрспэктывы, гэта суцэльны заняпад. Адзінае, што неяк суцяшае — Беларусь на тле Расеі адрозьніваецца крыху ў лепшы бок. Вядомы штамп, што мы адзін народ, які любяць нашы правадыры, тут не пацьвярджаецца. Людзі ў Беларусі больш прывучаныя працаваць, клапаціцца аб сваім доме, аб сваім кавалку зямлі, аб сваіх дзецях. Яны дагэтуль хочуць, каб дзеці атрымлівалі адукацыю. То бок зьнізу ідзе зусім іншы імпульс, але ён забіваецца аб тое, што робіць улада.

Таму, калі параўноўваць беларусаў і рускіх, дык беларусы ад гэтага атрутнага ўплыву ўлады больш абароненыя, яны больш аказваюць супраціву знутры. Плюс у іх няма расейскага імпэрскага вірусу, які ахапіў цяпер шмат каго з расейцаў, уключна зь вельмі разумнымі, выдатнымі, знакамітымі асобамі з інтэлігенцыі, з таго слоя, які прынята называць элітай. Там вельмі шмат людзей сур’ёзна захварэлі на тое, што называюць пачуцьцём імпэрыі.

— Што для вас ёсьць свабода?

— Быць свабодным ва ўсім. У творчым падыходзе, у тым, дзе шукаць інфармацыю. Старацца навучыць сябе глядзець на звыклыя нібыта рэчы пад іншым вуглом. Гэта ўмеў геніяльна рабіць пісьменьнік Яўген Будзінас, ужо нябожчык.

Аднойчы ён напісаў знакаміты артыкул, дзе скрытыкаваў пісьменьнікаў, якія спынілі паварот паўночных рэк. Ён спытаў: а што будзе, калі праз колькі дзясяткаў гадоў усё ж высьветліцца, што рэкі сапраўды трэба было паварочваць, — хто будзе адказваць за тое, што гэтага не зрабілі? Пісьменьнікі? Ня справа пісьменьнікаў займацца вырашэньнем праблемы павароту паўночных рэк. Справа пісьменьнікаў — ствараць такую атмасфэру ў грамадзтве, пры якой немаральныя праекты немагчымыя.

Гэта дакладны падыход. Вось я цяпер вельмі люблю слухаць перадачы Юліі Латынінай. Яна можа звычайны погляд павярнуць так, каб пабачыць зьяву зь незвычайнай пазыцыі. Выпрацаваць у сабе такую здольнасьць — гэта, як мне здаецца, верх творчай свабоды.

— Пачуцьцё свабоды — гэта выразная рыса рэжысэра Хашчавацкага. А якія спакусы вы пераадолелі на творчым шляху?

— Ну, мы жывём у час спакус. Не скажу, што я такі ўжо стойкі алавяны салдацік, але ад вялікіх спакус мне ўдалося ўберагчыся.

Напрыклад, я мог стаць вядучым у пары зь Мікалаем Сванідзэ ў аналітычнай праграме на другім расейскім канале. Ён быў вядучым па суботах, а ў нядзелю хацелі запусьціць яшчэ адну тыднёвую аналітычную праграму і спрабавалі на яе мяне. Быў якраз 1999 год, перад прыходам Пуціна. У тым ліку і маімі рукамі хацелі пачаць пахаваньне НТВ. Як вядучы я прадусэрам вельмі падабаўся, але тэксты, якія мне давалі, я вымаўляць ня мог — бо яны цалкам супярэчылі маім перакананьням. Набліжаўся канфлікт. Мне вельмі не падабалася, што Яўген Кісялёў у той час у сваёй перадачы на НТВ з усіх сіл піярыць Лужкова і Прымакова, бліжэйшых сяброў нашага Лукашэнкі. Але я ўсё роўна разумеў, што НТВ гэтак ганьбіць нельга.

І я ж бачыў, як гэта адбывалася. Як прыносяць аднекуль з адміністрацыі тыя дакумэнты, крыху графаманскія, і ты мусіш іх з выразнасьцю чытаць, яшчэ і дадаваць ад сябе нейкі шарм, каб было пераканаўча. Чытаць зь перакананьнем гэтую брыдоту я ня змог, арганізм быў супраць. Хоць абяцалі плаціць добра — 20 тысяч даляраў за перадачу.

Увесь час трэба слухаць сваё сумленьне, гэта найлепшы падказчык ад усіх спакус. У тым ліку і ад таго, што збольшага я гуляка і задзіра.

— Ад чаго 70-гадовы Юры Хашчавацкі хацеў бы засьцерагчы сваіх нашчадкаў — цяперашніх і будучых?

— Ад таго, каб стаць бяздумным пэрсанажам гэтай вялікай драмы пад назвай жыцьцё, які нічога ня ведае і не разумее. Не, трэба імкнуцца як мага больш даведацца, стаць кімсьці пэўным. Прычым гэты хтосьці — гэта ня пірсінг, не тату, а адмысловае, менавіта тваё дасягненьне. Навучыцца прыдумаць такое, што можаш толькі ты. Трэба быць здольным прыгатаваць для цывілізацыі хоць малы, але свой падарунак. Да гэтага, як мне падаецца, павінен імкнуцца кожны чалавек.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2017 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр info@moyby.com