Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Ігар Мельнікаў: 23 лютага – дзіўная дата для святкавання

23.02.2018 общество
Ігар Мельнікаў: 23 лютага – дзіўная дата для святкавання

Дзеля святкавання беларускай ваеннай славы ёсць больш падыходзячыя даты.

23 лютага нават з пункту гледжання гісторыі СССР быў сумнеўным днём, каб адзначаць перамогі.

23 лютага ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Вытокі свята беларускае кіраўніцтва шукае ўсё ў той жа савецкай гісторыі – лічыцца, што 23 лютага 1918 года Чырвоная Армія атрымала свае першыя перамогі над кайзераўскай арміяй.

Вядомы беларускі гісторык Ігар Мельнікаў заўважае, што ў беларускай гісторыі дастаткова сваіх перамог, якія маглі б стаць нагодай дзеля святкавання сваёй уласнай вайсковай славы.

«Шчыра кажучы, як на мой погляд ваеннага гісторыка, найлепшай датай дзеля святкавання ёсць 8 верасня, неафіцыйна вядомы як Дзень беларускай вайсковай славы, - сказаў Ігар Мельнікаў у інтэрв'ю Thinktanks.by. - 8 верасня войскі Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага разбілі пад Оршай маскоўскіх інтэрвентаў. Тут можна і не падкрэсліваць, адкуль сыходзіла агрэсія, тут галоўнае, што наша войска абараняла гэтую зямлю і абараніла яе. Прытым перамаглі ворага, які колькасна значна пераўзыходзіў сілы абаронцаў».

Калі ж гаварыць пра перыяд станаўлення беларускай незалежнасці, то лепшая дата, якая тут пасуе, гэта 19 лістапада 1917 года, «калі была створана Цэнтральная беларуская вайсковая рада». ЦБВР стварыла спецыяльны аддзел па фарміраванні беларускіх вайсковых адзінак, намаганнямі рады створаныя беларускі полк у Мінску і конны эскадрон пад Оршай. Сябры ЦБВР удзельнічалі ў арганізацыі і правядзенні Усебеларускага з'езда 1917, стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. «Рада праяўляла сябе як беларускае войска, армія беларускай дзяржавы», - падкрэслівае Ігар Мельнікаў.

«Што адбывалася 23 лютага 1918 года? 18 лютага пачынаецца германскае наступленне. Да гэтага моманту адбываліся перамовы бальшавікоў з немцамі ў Брэст-Літоўску, там жа знаходзіўся штаб кіравання акупаванай тэрыторыяй і там якраз абмяркоўвалі прапановы Язэпа Варонкі. Бальшавікі стаялі, як вядома, на ідэях «ні міра, ні вайны», - нагадвае Ігар Мельнікаў. - Іх мэта – як мага мацней зацягнуць гэтыя перамовы. Немцам гэтая безвыніковасць, зразумела, не падабалася. 18-га яны рушылі ў наступленне, 21 лютага немцы былі ўжо ў Мінску. Напярэдадні Белполк выбіў бальшавікоў са сталіцы».

Да 23 лютага немцы дайшлі ўжо да Пскова, дзе і спыніліся. «У 30-я гады распаўсюд атрымала версія, што кайзераўскія войскі пад Псковам і Нарвай спыніліся з-за ўдару Чырвонай Арміі. Нічога такога насамрэч не было. Немцы спыніліся і чакалі рашэння бальшавікоў па сваіх ўмовах, Ленін пагаджаўся на нямецкія прапановы, але бальшавікі пры гэтым цягнулі час. Між тым, 1 сакавіка 1918 года немцы занялі Кіеў. То бок якія перамогі чырвоных? - распавёў гісторык. - Як быць удзячнымі за 23 лютага і святкаваць гэты дзень, калі Беларусь была кінутая на разрабаванне немцаў? І немцы тады досыць моцна прайшліся па краіне – акупацыя была хоць і кароткай па часе, але досыць цяжкой па наступствах».

На думку Ігара Мельнікава, «зараз у незалежнай Беларусі прыцягваць за вушы перыяд, калі Беларусь была акупаваная немцамі, не браць пад увагу беларускі акцэнт, які ёсць у гэтай гісторыі – ЦБВР і БНР – гэта глупства».

Як лічыць Ігар Мельнікаў, «ідэя працягваць святкаваць 23 лютага ідзе альбо з таго, што людзі банальна не ведаюць гісторыю і не спрабуюць разабрацца, альбо лічаць, што ўсё па-за межамі савецкага – гэта варожае, антысавецкае, заходняя змова супраць савецкай гісторыі, нейкае не наша». На ягоную думку, «выхадам з гэтага мусіць стаць дыялог паміж гісторыкамі і дзяржавай, тымі ж чыноўнікамі-ідэолагамі, патрабуецца выпрацоўка адзінага погляду на ключавыя даты беларускай гісторыі». «Ніхто не збіраецца выкідаць савецкі кантэкст – гэта таксама наша гісторыя, але акцэнт, канешне, павінен быць нацыянальным. І трэба ведаць гісторыю, а не паўтараць міфы, прыдуманыя савецкай прапагандай», - заключыў Ігар Мельнікаў.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2018 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр info@moyby.com