Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Беларусы адзначаюць 90-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну

27.11.2010 политика
Беларусы адзначаюць 90-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну

Асноўныя ўрачыстасьці адбываюцца на Случчыне.

Сюды ў суботу з Менску накіраваліся два аўтобусы з прадстаўнікамі беларускіх нацыянальных арганізацыяў. Больш як 70 чалавек на маршруце Менск-Грозава-Семежава-Вызна-Слуцак наведалі знакавыя мясьціны Слуцкага збройнага чыну. Месцы пахаваньня змагароў за вольную Бацькаўшчыны і Крыжы Памяці ўшанаваны кветкамі. Тут жа прагучалі словы ўдзячнасьці, гімн БНР «Магутны Божа» і песьні слуцкіх ваяроў, паведамляе «Радыё Свабода».

У другой палове дня 27 лістапада на слуцкім гарадзкім стадыёне распачаўся мітынг у гонар юбілейных угодкаў Слуцкага збройнага чыну. Сярод удзельнікаў мітынгу былі — кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ «Адраджэньне» Аляксей Янукевіч, лідэр стваранай партыі БХД Павал Севярынец, старшыня Руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

На стадыёне і вакол яго было шмат міліцыянтаў. Улады прыгналі сюды нават вадамёт, як казалі ўдзельнікі мітынгу пра пажарную аўтамашыну.

На стадыён прыйшло шмат жыхароў Слуцку. І як кажа грамадзкая актывістка Зінаіда Цімошык, сьвята атрымае працяг і заўтра:

«Заўтра адбудзецца мітынг ля будынка краязнаўчага музэя а 14:30. Гэты мітынг арганізоўвае КХП БНФ. Апрача мітынгу нашы случчакі выедуць на аўтамашынах да месцаў, дзе ў 1920-м годзе вялі баі паўстанцы: Грозава, Семежава, Вызна».

Вячаслаў Сіўчык, які арганізаваў вандроўку па знаных месцах Слуцкага збройнага чыну, гаворыць, што гэтыя месцы не забытыя. Іх даглядаюць мясцовыя жыхары. А ў Семежаве нядаўна ўсталявалі высокі мэталічны крыж, ля падножжа якога гранітная пліта з памятным надпісам.

«Дзякуй Богу, змаганьне за Беларусь працягваюць нашчадкі слуцкіх паўстанцаў. Гэта жывыя, сьмелыя людзі. Мяркую, што сёньня ім было добра, утульна, і таму лягчэй будзе змагацца за лепшую будучыню Беларусі», - кажа актывіст.

Восеньню 1920 году, у час вайны Польшчы і савецкай Расеі, ваюючыя бакі падпісалі замірэньне. Дэмаркацыйная лінія і нэйтральная зона прайшлі якраз цераз Случчыну.

Сытуацыю выкарысталі сьвядомыя патрыятычныя сілы. 14 лістапада 1920 году яны склікалі Першы беларускі зьезд Случчыны, які абраў часовы ўрад — Беларускую раду Случчыны.

Пры падтрымцы сялянства і месьцічаў Рада за тры дні сфармавала з добраахвотнікаў 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі ў складзе двух палкоў.

Паўстаньне пачалося 27 лістапада 1920 году. Баі з Чырвонай арміяй працягваліся да 28 сьнежня 1920 году. Спроба стварыць незалежную беларускую дзяржаву апынулася гераічнай, але часовай, бо Чырвоная армія шматкроць перавышала ў колькасьці і ўзбраеньні.

Источник charter97.org

Последние новости:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]