Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: Cупольна адбудуем Будслаўскую святыню

24.05.2021 общество
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: Cупольна адбудуем Будслаўскую святыню

Арцыпастыр наведаў гродзенскую парафію Святога Духа ў мікрараёне Альшанка.

23 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Святога Духа, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў гродзенскую парафію Святога Духа ў мікрараёне Альшанка. У дзень парафіяльнага фэсту іерарх удзяліў групе вернікаў сакрамэнт канфірмацыі, піша сайт catholic.by.

Звяртаючыся да вернікаў Гродзеншчыны, арцыбіскуп Тадэвуш, між іншым, узгадаў пажар у Будславе і падзякаваў за ахвяраванні на адбудову нацыянальнага санктуарыя. Арцыпастыр нагадаў пра супольную адказнасць за захаванне сакральнай спадчыны:

«Гэта выклік кожнаму з нас, а таксама знак нашай хрысціянскай тоеснасці. Нашыя продкі будавалі касцёлы як месцы малітвы і шлях да неба. Мы не маем маральнага права іх страціць. Таму супольна адбудуем Будслаўскую святыню!»

Ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога ва ўсіх касцёлах Беларусі збіраліся ахвяраванні на аднаўленне пацярпелай ад пажару базылікі ў Будславе.

У прамоўленай на Імшы гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што Пяцідзесятніца завяршае Велікодны перыяд і з’яўляецца «днём нараджэння Касцёла».

Як сцвердзіў арцыпастыр, «той самы Дух, якога атрымалі апосталы, дзейнічае і сёння, і будзе дзейнічаць да канца часоў»: «Без Святога Духа Касцёл не будзе жывым, ён застанецца аморфным. Так і хрысціянін без Святога Духа не можа належным чынам выконваць свае абавязкі.

Як у дзень Пяцідзясятніцы Святы Дух перамяніў і падбадзёрыў апосталаў, так і сёння Ён умацоўвае нас, каб мы маглі жыць згодна з Божым законам, быць сведкамі Хрыста і мужна абвяшчаць Евангелле сучаснаму свету».

Арцыбіскуп Тадэвуш, прыгадваючы словы святога Яна Паўла ІІ аб тым, што ў жыцці моладзі «не можа быць месца для апатыі ці абыякавасці да свету, у якім яны жывуць», дадаў: «Бо Хрыстус разлічвае на моладзь».

«Таму моладзь павінна выпраменьваць Святога Духа на іншых, пранікаць ва ўсе аспекты грамадскага і асабістага жыцця сучаснага чалавека. Таму сёння добрая нагода прасіць Святога Духа аднавіць у нас дух новага жыцця і энтузіязму», — дадаў іерарх, указаўшы на галоўную мэту сакрамэнту канфірмацыі: «стаць мужнымі сведкамі Евангелля і бараніць хрысціянскую веру».

«Аблічча зямлі — гэта не толькі і не столькі добрая эканоміка, палітыка, заканадаўства, адукацыя, сістэма аховы здароўя, інфраструктура і г.д. Гэта перадусім чалавек. З нас, людзей, складаецца свет; і ён такі, якімі мы з’яўляемся.

Рэформу свету і грамадства неабходна распачынаць ад духоўнай рэформы нас саміх. Калі чалавек будзе кіравацца ў сваім жыцці Божым законам, то і ўсё іншае прыдасца»,

— сцвердзіў іерарх.

«Сёння мы задаём сабе пытанне: Quo vadis Belarus? — „Куды ідзеш Беларусь?“ — падкрэсліў арцыпастыр. — Адказ заключаецца ў жыцці, згодным з Божым законам. Гэта тая вакцына, якая патрэбна нам і нашаму грамадству. Бо толькі тады мы зможам будаваць Беларусь, дзе будзе квітнець цывілізацыя ўзаемнай любові, пашаны, прабачэння, справядлівасці, закону, жыцця і міру. Толькі духоўна зменены чалавек здольны змяняць аблічча зямлі на лепшае».

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2022 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]