Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Віталь Гуркоў: Наша выключнасьць і моц - у нашай мове і культуры

29.04.2013 общество
Віталь Гуркоў: Наша выключнасьць і моц - у нашай мове і культуры

Пачуцьцё свабоды — гэта сумленнасьць, сумленнасьць перад самім сабой перш за ўсё.

Вядомы беларускі баксёр Віталь Гуркоў распавядае «Радыё Свабода» пра тое, чаму размаўляе на роднай мове.

«Многія зьдзівіліся, пачуўшы маю беларускую мову. Зьдзівіліся ў такім добрым сэнсе гэтага слова: «Ты так можаш размаўляць!» А яшчэ больш зьдзівіліся пэдагогі, якія мяне ведаюць. Інтэрвію ж у мяне бралі адразу пасьля бою і, маўляў, так накалацілі табе ў галаву, а ты яшчэ і па-беларуску загаварыў. Тры двубоі было тады за вечар і гэта даволі складана. Як, маўляў, пасьля іх ты здолеў ўзгадаць беларускую мову і на ёй размаўляць.

Ну як яе не ўзгадаць? Яна ж — родная! Бог — наперадзе, а я — за ім!

Трэба ўяўляць сваю выключнасьць, моц, сілу. А дзе яна была? Яна была калісьці ў нашай мове, нашай культуры.

Для спартоўца ёсьць тры станы, незалежна ад яго вопыту, узросту. Гэта стан баявой гатоўнасьці, апатычны, скажам так, стан і стан перадстартавай ліхаманкі. І вось трэба балянсаваць неяк, прывучаць сябе, рыхтавацца да гэтага стану баявой гатоўнасьці нават тады, калі настрой нешта сапсавала.

Абмяжоўвае заўжды залежнасьць ад нейкіх абставінаў: залежнасьць ад іншых, залежнасьць ад таго, тры раўнды будзе ці чатыры, дзьве хвіліны ці тры хвіліны перапынак. Ёсьць нейкія правілы заўжды.

Ці можаш ты у рамках гэтых правілаў адчуваць свабодна сябе ці не?

Пачуцьцё свабоды — гэта такое выключна асабістае пачуцьцё. Пачуцьцё свабоды — гэта сумленнасьць, сумленнасьць перад самім сабой перш за ўсё. Калі ня хлусіш сам сабе, калі робіш усё адпаведна з нейкімі сваімі ўнутранымі прынцыпамі. Толькі тады і ёсьць гэтае пачуцьцё свабоды.

Для некаторых эмоцыяў беларускае слова падыходзіць больш. Яно неяк яскравей перадае тое, што я адчуваю. Нават калі на расейскай мове размаўляеш, а потым нешта так — оп, і адчуў, і сказаў тое, што адчуў, але ж па-беларуску.

(З Віталем вітаецца адзін з баксёраў: «Прывітаньне, дзядзька, як маецеся-гадуецеся»).

Ну вось таксама прыклад — Юры Булат, шматразовы чэмпіён сьвету. Вельмі добра размаўляе на беларускай мове. Калі я выходжу на рынг і калі ён мяне суправаджае, калі сэкундзіруе, то заўжды нешта такое наша кажа», - кажа ён.

Віталь Гуркоў — вядомы беларускі спартсмен, які выступае ў тайскім боксе і кікбоксінгу, неаднаразовы чэмпіён свету, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь па тайскім боксе.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]