Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Стала вядомая новая праўда пра Курапаты

11.11.2016 общество
Стала вядомая новая праўда пра Курапаты

НКВД рабіў ва ўрочышчы сваю «справу», нават калі немцы ўвайшлі ў Мінск.

Ля самых Курапатаў з 1939 года стала жыве сведка шматлікіх падзеяў у лясным ўрочышчы 81-гадовая спадарыня Лідзія, прозвішча якой не называецца па яе просьбе, піша Марат Гаравы ў «Новым Часе».

Штосьці пра трагедыю ў глухім хваёвым бары яна даведалася ад сваёй маці, нешта — ад аднавяскоўцаў, шмат чаго спадарыня Лідзія ведае сама.

Амаль усё сваё жыццё спадарыня Лідзія жыве на адным месцы — да вайны яно называлася вёскай Зялёны Луг, а зараз — з гэткай жа назвай сталічным мікрараёнам.

Саўгас «Зялёны Луг»

Бацькі мае — з Гомельшчыны. Маці выйшла замуж у 16 гадоў, адукацыі не атрымала і працавала ў саўгасе. Тата пасля заканчэння пачатковай школы і шасцімесячных афіцэрскіх курсаў ў Ленінградзе служыў у ахоўных войсках НКВД. Я нарадзілася 9 красавіка 1935 года ў саўгасе імя Клімента Варашылава ў Бялыніцкім раёне, што на Магілёўшчыне, дзе бацька служыў начальнікам аховы вайсковай часткі. Незадоўга да маіх народзінаў, калі тата быў у службовай камандзіроўцы, у частцы адбылася трагедыя — патруціліся і сканалі ўсе вайскоўцы. Пачаліся арышты. Пад падазрэнне папаў і бацька, якога арыштавалі адразу пасля вяртання з камандзіроўкі. Але ён быў невінаваты ў тым, што здарылася, усяляк аспрэчваў сваю датычнасць да трагедыі, нягледзячы на катаванні электрычным крэслам, і, урэшце, паклаў партыйны білет і сказаў следчым: «Судзіце мяне!».

Нейкім цудам бацьку вызвалілі, гэта ж быў яшчэ не 1937 год, ён уладкаваўся брыгадзірам у саўгас, што месціўся каля вайсковай часткі і забяспечваў яе ўсімі неабходнымі прадуктамі. Жылося нам ў саўгасе імя Варашылава няблага, тым больш, што для нашай сям’і пабудавалі новы дом. Аднак хутка ўсё змянілася, бо гаспадарка развалілася, і ў 1939 годзе мы вымушаныя былі пераехаць у іншы саўгас — «Зялёны Луг» ля самага Мінску. Вось так 77 гадоў таму нашая сям’я, у якой апроч мяне былі яшчэ два браты — 1930 і 1937 гадоў народзінаў, апынулася ў Зялёным Лузе.

Што ўяўляў сабою гэты невялікі саўгас, у якога было багата зямлі? Людзей працавала няшмат, была вялікая цякучка, выкліканая, у тым ліку, і арыштамі, рабочыя жылі ў невялікіх пакойчыках у чатырох доўгіх аднапавярховых драўляных бараках, пабудаваных у раёне цяперашняга ўніверсаму «Віцебск». Праўда, над цэнтральнай часткай нашага бараку на другім паверсе быў узведзены мезанін пад саўгасную кантору і пачатковую школу. Каля баракаў была запраўка, а далей, дзе па вуліцы Мірашнічэнкі ля МКАД зараз стаянка грамадскага транспарту, быў пасёлак з сямі хат. Там жылі Пятрушыны (іхны дом стаяў пад самымі Курапатамі), Роса, Забаронька, Скварчэўскія, Шаплыгі, Бабіцкія і Няхайчыкі.

Дарэчы, у Антося Няхайчыка — чалавека граматнага, які працаваў прадаўцом ў вясковай краме, было тры хлопцы — Алесь, Мікола і Міхась. Ля пасёлку праходзілі дзве грунтоўкі — на вёску Цна-Ёдкава (праз лес) і на Дроздава (праз поле), па якой часцяком з гораду ў Курапаты вазілі людзей на расстрэл.

Сям’я спадарыні Ліды (1956). Сядзяць — сярэдні брат і спадарыня Лідзія, стаяць — старэйшы брат і маці

Дарога смерці ішла двума маршрутамі

Па гэтай палявой дарозе праходзіў першы маршрут так званай Дарогі смерці. А другі ішоў троху на ўсход — па Лагойскай шашы да яе перакрыжавання з гравійкай Заслаўе—Калодзішчы.

Недалёка ад гэтага перакрыжавання ля самай Лагойскай шашы справа ад яе з боку вёскі Баравая стаялі два хутары, у адным з якіх жыла Роза Канановіч, а злева было вялікае балота, дзе часцяком тапіліся каровы.

Дарэчы, паблізу ад хутароў удоўж Лагойскай шашы каля невялікага скверу з лісцевых дрэваў знаходзілася тая самая саўгасная крама, дзе працаваў Антось Няхайчык і дзе энкавэдысты, якія ахоўвалі Курапаты, часцяком куплялі гарэлку, кілбасу і хлеб. Апроч крамы ў доўгім драўляным будынку таксама месціліся саўгасныя склад, дзе працаваў мой бацька, і стайня.

Сярэдні брат спадарыні Лідзіі

У кузаве былі відаць голыя пяткі арыштантаў

Там, дзе зараз гіпермаркет «BIGZZ», да вайны на ўзгорку стаялі саўгасныя бурты з бульбай. І некалі ўдзень вясною адна вясковая жанчынка па мянушцы «Дунька, як пыльным мехам удараная», з гэтых буртоў прыхавала ў полі троху бульбы, каб забраць яе, калі сцямнее. Прыхавала, бо нечым жа трэба карміць сваіх двух дзетак. Тым часам крыты зялёным брызентам грузавік, які рухаўся ў Курапаты праз палявую дарогу да Заслаўскай шашы, загруз у нізіне. І трэ было той Дуньцы выйсці на гэтую палутарку! А дзень быў халодны, ветраны. І калі вецер расхінуў брызент, якім быў закрыты кузаў машыны, жанчына схамянулася, бо ўбачыла — вязні басанож, як дровы, голымі пяткамі назад…

Як пабачыла гэта нашая Дунька, як расхвалявалася, як загаласіла, як выскачыў з кабіны энкавэдыст з наганам у руцэ, напаў на гэтую кабету: «Чаго ты сюды ідзеш? Ну, хадзем сюды!» і прыгнуў да яе, а яна ад яго бягом са слязамі: «Чаго вы на мяне крычыце, вы загрузлі, а я вінаватая? Я ж сабе іду на працу». Гэтая неспадзяванка магла скончыцца кепска, бо сведкаў расстрэлаў таксама забівалі. Запужаная Дунька бягом да бурту і жаліцца: «Ну чаго ён да мяне прычапіўся?». А рабочы, які раскрываў бульбяныя бурты, калі даведаўся пра гэтую гісторыю, дык сказаў Дуньцы: «Заўжды ты лезеш, куды не трэба. Добра, што ахоўнік цябе яшчэ не закінуў у кузаў к гэтым босым нагам».

Дарэчы, паводле арт. 207 Статуту службы канвойных войскаў НКВД СССР ад 29 верасня 1939 года, падчас руху па грунтоўках на грузавіках вязні павінны рассаджвацца на падлозе кузаву машыны шэрагамі тварам у бок, супрацьлеглы руху. Канваіры па колькасці шэрагаў вязняў павінны былі месціцца на лаўцы ў пярэдняй частцы машыны, а начальнік канвою — каля вадзілы. Канвой павінен быў забараняць вязням уставаць і паварочваць галаву ў бок руху.

Тым часам «чорны варанок» павёз людзей на расстрэл. А нашыя саўгасныя перабіраюць бульбу і чуюць, як з лесу стрэлы даносяцца: «Пок, пок, пок».

З сяброўкамі (1959). Спадарыня Лідзія ўнізе, першая злева 

Чалавека, які ўцёк з-пад расстрэлу, не знайшлі

Тая самая «Дунька, як пыльным мехам удараная», мае дачыненне да яшчэ адной жудаснай курапацкай гісторыі. З яе словаў, стары хутаранін прозвішчам Гарлінскі (імя не памятаю) некалі летам пайшоў у лес шукаць сваю карову, бо не прыйшла з пашы. Ужо сцямнела, і гаспадар падумаў, што карміцелька скубе траўку ля плоту. Ідзе мужчына па чыстым лесе і чуе — сукі трашчаць, глянуў — бяжыць нехта высокі ў белым, а па ім страляюць. Гарлінскі спужаўся і на зямлю кінуўся, а ягоная жывёліна стаіць каля плоту, дрыжыць і рыкае. Гаспадар да каровы і трымае яе, а тым часам бягляк уцёк ад пагоні. Потым высокага мужчыну, які збег з-пад расстрэлу ад немінучай смерці і хаваўся ў пасёлку, то там, то там бачылі ў Зялёным Лузе.

Дунька таксама аднойчы пасля паўночы бачыла ўцекача за сваім хлеўчуком. Бачыла добра, бо свяціў месяц. Ад жаху аслупянела, бо ён нерухома стаяў у споднім і маўчаў. І яна маўчала, а затым, перапужаная, ціхенька сышла дахаты. Энкавэдысты праз гэтага бегляка ўвесь саўгас ператрэслі, але яго не знайшлі. Аднак праз некалькі дзён арыштавалі мясцовага настаўніка Грыневіча (імя не памятаю). Можа, таму арыштавалі, што быў ён таксама высокага росту. Пра гэта Дунька распавяла маёй маці ў канцы вайны. Дарэчы, гэта быў не адзіны выпадак, калі арыштанты збягалі з-пад расстрэлу.

Увогуле, з нашага саўгасу пахапалі многіх. Дзесьці ў 1937–1938-м ноччу забралі Антона Матусевіча, які жыў за Лагойскай шашой на хутары, дзе цяпер прыпынак трамвая на вуліцы Сядых. Не паглядзелі, што ў яго чацвёра дзетак, прычым адзін — яшчэ ў калысцы. Жонка Таццяна Матусевіч кінулася да мужа, энкавэдысты яе адпіхнулі, а дзеці прачнуліся і, паўмёртвыя ад жаху, стоячы развітваліся з бацькам. Таццяна чакала мужа дзень-другі, а потым пайшла ў Курапаты да плоту — распавяла мне пасля вайны іх дачка Вікторыя Матусевіч (1929 г.н.).

У цемры расхваляваная жанчына вочы праглядзела, усё спадзявалася ўбачыць свайго Антося, але нічога не ўбачыла, толькі пачула, як машына заязджае за плот. Праз нейкі час з-за загарадкі данесліся прыглушаныя гукі нейкай мітусні, потым усё сцішылася, і мужчынскі голас ясна выгукнуў: «Птушкі, чаму вы не лётаеце? Скажыце нашым, што мы не вінаватыя!».

Было, што і на саўгасным пасёлку схапілі людзей, імёны і прозвішчы якіх я не памятаю.

Пра ўсё гэта людзі добра ведалі, але вельмі баяліся нават слова казаць.

Старэйшы брат з сынам і бабуляй (23.7.1957)

Забівалі сем’ямі

Гэтыя сведчанні майго аднавяскоўца Аляксея Забаронькі (прыкладна 1925 г.н.) дайшлі праз ягонага пляменніка, якія той пераказаў свайму сябру — майму малодшаму брату, народжанаму ўжо пасля вайны.

Паводле Аляксея Забаронькі, які жыў у Зялёным Лузе, там, дзе цяпер месціцца дом №14 па вуліцы Мірашнічэнкі (дарэчы, ад іх сядзібы і па сёння засталіся старыя яблыні), дзесьці пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР восенню 1939-га ці 1940-га рабочыя саўгасу нешта рабілі на пагорку ў раёне сённяшняга Экспабелу (там быў досыць вялікі ўзгорак, які пасля вайны спляжылі бульдозерамі, а пясок выкарысталі для насыпу землянога палатна пад МКАД). І з гэтага пагорку вяскоўцы днём добра бачылі, як па гравійцы Заслаўе—Калодзішчы ў бок Курапатаў адзін за адным ішлі грузавікі-палутаркі, на падлозе кузавоў якіх покатам, як дровы, ляжалі людзі — адзін на адным.

А 14-гадовы Аляксей Забаронька ў гэты час пералез праз плот, каб пацікавіцца, што за ім, аднак калі пачуў гук машынаў, спрытна і хуценька ўскараскаўся на вялікую калючую і халодную яліну і з яе з жахам назіраў, як мужчын, жанчын і дзяцей павялі да вялікага рову на расстрэл. Ад убачанага хлопец на дрэве страціў прытомнасць, аднак усё ж такі чуў стрэлы, лямант асуджаных і словы аднаго мужчыны: «Хоць скажыце праўду, за што нас забіваюць?». Людзі галасілі, але ім нічога не адказвалі, працягвалі страляць, а пасля расстрэлу нават не закідалі гэты роў, з якога яшчэ даносіліся стогны канаючых. Тым часам энкавэдысты з’ехалі ў Дроздава і ўвесь вечар пілі там самагонку і гулялі.

Дзесьці на пачатку 1950-х гадоў адзін хлопец з вёскі Мар’яліва Мінскага раёну пераказваў сведчанні свайго брата, які перад самай вайною ўдзень пералез праз плот, схаваўся ў траве і з-за хмызняку бачыў, як прывезлі грузавік моцна збітых мужчынаў. З машыны іх выводзілі па адным, хто сам не мог ісці, таго цягнулі, падводзілі да вялікай яміны, ставілі да яе тварам, забівалі і кідалі ў яму. Прычым адзін энкавэдыст трымаў ахвяру за руку, а другі страляў з нагана ззаду ў патыліцу асуджанага і тут жа даваў яму выспятка.

Спадарыня Лідзія на гародзе (чэрвень 1958)

У першыя дні вайны энкавэдысты бясконца вазілі людзей у Курапаты

Калі ж пачалася вайна, увогуле стала жудасна, бо энкавэдысты бясконца вазілі людзей у Курапаты і адтуль усю ноч даносілася страляніна. А ў адну ноч мая маці і Таццяна Матусевіч, якія вартавалі саўгасную маёмасць, чулі з-за плоту ўжо не адзінкавыя стрэлы, а аўтаматныя ці кулямётныя чэргі. Нават і такое было, што немцы ўжо Мінск захапілі, а «чорны варанок» пад вечар яшчэ папрывозіў у Курапаты людзей на расстрэл. Дарэчы, пра гэта ў Зялёным Лузе шмат хто ведаў.

Забівалі і пасля вайны. Так, прапалі з канцамі мая настаўніца батанікі і мой настаўнік беларускай мовы і літаратуры Цітовіч (імя не памятаю), які пасля вайны выкладаў у Цнянскай школе — былым маёнтку Наркевічаў-Ёдкаў, жыў у ім і быў дырэктарам школы. Паводле маёй знаёмай з Цны Нілы Церлюкевіч (1939 г.н.), якая таксама вучылася ў гэтай школе, аднойчы летнім вечарам дырэктар пайшоў выгульваць свайго нямецкага аўчара, якая дзень сядзеў на ланцугу.

Аднак вярнуўся сабака сам, без гаспадара. І калі пра яго спыталіся ў сабакі, ён крутануўся і пайшоў назад, прычым увесь час аглядваўся на тых, хто за ім крочыў, каб не адсталі. Урэшце прыбег у Курапаты і сеў на тое месца, дзе рассталася з Цітовічам. Верагодней за ўсё, там яго і арыштавалі. А можа і забілі.

Спадарыня Лідзія з сяброўкамі 

Калі прыйшлі немцы

Як толькі ў канцы чэрвеня 1941-га ў Мінск прыйшлі немцы, жыхары вёскі — трое мужчын і дзве жанчыны, у тым ліку і мая маці, вырашылі пацікавіцца Курапатамі, тым больш што на пачатку вайны плот хуценька разабралі сяляне з наваколля. Рэч у тым, што аднавяскоўцы ў гэты глухі лес раней не хадзілі — вельмі страшна, а неяк падлезці пад плот было немагчыма. Ва ўрочышчы было шмат пахаванняў. Адзін мужчына падлічыў іх і абвясціў вынік: усяго было знойдзена 25 магіл, у тым ліку дзве, што месціліся неяк убаку, прыкрытыя лапкамі. А яшчэ казалі, што плотам была выгараджана вялікая тэрыторыя старога бору. Дарэчы, два нямецкія афіцэры настойліва дапытваліся ў вяскоўцаў, чаму частка лесу была агароджаная плотам і што там адбывалася за саветамі. Аніякіх расстрэлаў у Курапатах пад немцамі не было.

Падчас акупацыі ў Зялёным Лузе загінуў наш настаўнік беларускай мовы і літаратуры Маслоўскі (імя не памятаю). Яму было каля 50 гадоў. У вёску ён прыходзіў з Мінску, каб нешта зарабіць і не памерці з голаду. Казалі, што забілі яго немцы ў лесе за тое, што нёс партызанам гранаты. Гэтага не магло быць, бо навокал стаялі немцы, у тым ліку ў Астрашыцкім Гарадку і ў Малінаўцы. На маю думку, Маслоўскага забілі партызаны за тое, што ён пад акупацыяй выкладаў у нашай беларускамоўнай школе родную мову і літаратуру. І па сёння ў маёй памяці засталося практыкаванне, якому ў першым класе вучыў Маслоўскі: «Габрусь запрог каня ў воз і паехаў у абоз вазіць авёс».

Спадарыня Лідзія (1956)

Чула стрэлы і бачыла вароты ад плоту

Неяк летам 1940 года ў другой палове дня мы з бабуляй пайшлі ў Курапаты па чарніцы. Я была малая, добра памятаю, як папараць біла па твары, калі нахілялася за ягадамі. Нечакана ў лесе пачуліся стрэлы, бабуля спужалася, моцна схапіла мяне за руку (і як яна мне не адарвала гэтую руку?) і хуценька пацягнула дахаты. Запомніўся мне і высокі-высокі шэры плот з плашак — кругляку, распілаванага ўздоўж напалам. Мне потым маці казала, што гэны плот з гарбылю быў вельмі доўгі і цягнуўся ў бок Зялёнага Лугу, мабыць, амаль аж да самай хаты Пятрушыных, дзе цяпер стаіць дом № 49 па вуліцы Мірашнічэнкі.

А летам 1944 года, адразу пасля вызвалення Мінску ад немцаў, мы пайшлі у Курапаты па дурніцы. І каля самай Заслаўскай шашы я бачыла вялікія драўляныя вароты, праз якія за плот заязджалі машыны. Гэтыя шэрыя вароты былі досыць доўгія, вельмі высокія, яшчэ даволі моцныя, праўда, некаторыя плашкі былі прэч адарваныя ад жэрдак. Прычым абедзве створкі варотаў ляжалі паводдаль адна ад другой. Дарэчы, гэтыя вароты, амаль спрэс зарослыя травою, угледзелі старэйшыя хлопцы, якія пайшлі з намі ў лес па ягады. Менавіта яны, у тым ліку Генадзь Паўлавіч Ярчак (1930 г.н.), яшчэ дзівіліся, чаму людзі плот расцягнулі, а вароты пакінулі.

Спадарыня Лідзія (наперадзе з камсамольскім значкам) з сяброўкамі ў сталічным Парку чалюскінцаў (1953)

Зімою хадзілі на гару «Карпаты» катацца на санках

Дзесьці ўжо пасля вайны, калі мне было гадоў 11, мы часцяком з іншымі школьнікамі бралі на стайні вялікія санкі, чапляліся вакол і цягнулі іх, каб пакатацца на гэных санках з высокага падковападобнага лысага ўзгорку, што між дзецьмі зваўся «Карпаты» і месціўся ля самай Заслаўскай шашы і каля поля. Прычым скочваліся ў розныя бакі — да шашы Заслаўе—Калодзішчы, да лесу і да поля, што і па сёння захавалася паміж Курапатамі і «Экспабелам».

Прыкладна ў 1947 годзе, калі я вучылася ў трэцім класе, разам з настаўнікамі мы засаджвалі невялікімі ялінкамі, хвойкамі і бярозкамі той самы падковападобны пагорак, што дзеці называлі «Карпаты». Пад кіраўніцтвам настаўніка Антона Ермалаевіча Какуры мы некалькі дзён засаджвалі падэшву гэтага ўзгорку на поўнач ад грунтоўкі, што злучала вёскі Зялёны Луг і Цна-Ёдкава. Дарэчы, у гэтай справе бралі ўдзел і школьнікі з Цны, бо добра памятаю, як адны адных мы закідвалі камянямі.

З сяброўкамі ў ліпені 1954 

Першы герой Курапатаў — смелая Лідзія Яцук

Хаця большасць вяскоўцаў верыла ў тое, што за плотам пралетарская ўлада насамрэч забівае ворагаў народу, і падтрымлівала гэтыя захады савецкай дзяржавы, у саўгасе знайшліся людзі з іншым меркаваннем.

Праз колькі гадоў пасля вайны ў вёсцы пайшла пагалоска, што на курапацкіх пагорках спілуюць лес, пні выкарчуюць, а тэрыторыю бульдозерамі выраўняюць пад раллю. Супраць гэткіх планаў паднялася адважная жанчына, рабочая саўгасу Лідзія Яцук прыкладна 1913–1914 гадоў народзінаў, якая сама выхоўвала свайго сына, бо муж загінуў на вайне, як і мой бацька. Гэтая ўдава анікога не баялася і адкрыта казала, што нельга араць Курапаты, бо там увесь лес на касцях, а поля ў саўгасе і так зашмат, толькі працоўных рук бракуе.

Менавіта Лідзія Яцук вымусіла тагачаснага дырэктара саўгасу, былога партызана, чалавека прыстойнага (імя і прозвішча ягонае не памятаю) пайсці на прыём да адпаведнага міністра, каб скасаваць гэтыя планы. І, як ні дзіўна (гэта ж былі сталінскія часы!), настойлівасць смелай Лідзіі Яцук дала свой плён — пасля таго, як міністр наведаў нашы мясціны, улады адмовіліся ад планаў узараць Курапаты і пакінулі гэтае месца ў спакоі, а потым вырашылі пашыраць ва ўрочышчы плошчы пад пасадкі лесу.

Так што Лідзію Яцук можна з поўным правам лічыць першай гераіняй Курапатаў, якая сваёй рашучасцю захавала для нашчадкаў гэтае святое месца.

У 1955-м парэшткі з Курапатаў вывозілі ў балота

Памятаю, як у 1955-м, калі мне было 20 гадоў, цягам тыдня-дзвюх на полі ля Курапатаў з іх усходняга боку стаяла шмат машынаў і вайскоўцаў. Казалі, што яны там нібыта на вучэннях. Аднак пра гэта нічога не сведчыла.

Дзесьці праз год неяк я вярталася дадому з грыбоў і ішла праз Курапаты. Была стомленая, ішла павольна, а мяне дагнаў мужчына з кійком і мы пачалі размаўляць. Ён быў франтавік. Ён расказаў, што з Курапатаў выязджаў самазвал з людскімі парэшткамі, адвозіў іх на шашу Заслаўе–Калодзішчы і скідваў косці ў балота за гэтай гравійкай. Гэты ветэран вайны часта прыязджаў у Курапаты катацца на лыжах і бачыў, як нават зімою з ляснога ўрочышча на самазвале вывозілі парэшткі і асобныя косткі падалі з машыны.

Пры гэтым мужчына сцвярджаў, што ён неаднойчы бачыў гэтыя жудасныя карціны. Пра такое сведчыла і адна жанчына з Баравой 1927 г.н.

Спадарыня Лідзія (восьмая справа) сярод сваякоў і сяброў на вяселлі ў вёсцы Зялёны Луг (1965) 

Калі пракладалі МКАД, бачыла людскія парэшткі

Аднойчы летам, калі праз Курапаты пракладалі Мінскую кальцавую аўтадарогу (у 1956–1961 гг — М.Г.) мы з сяброўкай Нінай Лантасавай (1935 г.н.) хадзілі купацца на рэчку Цну, што цякла ля вёскі Цна-Ёдкава. Вярталіся дахаты па лясной дарозе, настолькі вузкай, што па ёй нават два вазы не маглі размінуцца. І на гэтай лясной дарозе, ля якой будавалася МКАД, у траве ўбачылі чэрап і іншыя людскія парэшткі. Не выключаю, што на лясную дарогу косткі скаціліся з насыпу, які ўзводзіўся для кальцавой. А можа гэтыя парэшткі мы бачылі нават на самым насыпу пад будучую кальцавую, бо ў адным месцы лясная дарога перасякала яго.

Менавіта тады дарожныя рабочыя звярнулі ўвагу, што ўжо тройчы самазвал вывозіў з Курапатаў зямлю з парэшткамі і скідваў яе ў балота, што было ў лесе недалёка ад вёскі Баравая.

Дарэчы, пасля вайны аднавяскоўцы ніколі не хадзілі ў Курапаты па траву, грыбы ці ягады.

Пра расстрэлы ў Трасцянцы

Перад самай вайною НКВД расстрэльваў у Трасцянцы палітвязняў, зняволеных на Валадарцы, у тым ліку палякаў. Добра памятаю, што пра гэта гаварыў высокі мужчына з доўгімі вусамі па мянушцы «Будзённы», які пасля вайны пераехаў з Лошыцы ў Зялёны Луг і збудаваў у нашай вёсцы хату. Паводле яго, прывезеныя на некалькіх машынах палітвязні былі забітыя ў Трасцянцы, дзе падчас вайны немцы стварылі лагер смерці.

У гэтым запісу ўспамінаў спадарыні Лідзіі магчымыя дробныя недакладнасці, але агульная карціна падзеяў у Курапатах і ў вёсках вакол іх, узноўленая відавочцай, — беспрэцэдэнтная. Давайце разам асэнсуем гэтыя ўспаміны, зважаючы, што сведчанні відавочцаў належаць да гістарычных крыніцаў, не менш важных, чым сведчанні пісьмовыя, выяўленчыя і рэчавыя. Калі ж апошніх крыніцаў не хапае ці яны недасяжныя з розных прычынаў, успаміны відавочцаў набываюць асаблівую вагу.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]