Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

1990-я ўнікальныя і непаўторныя

27.09.2018 общество
1990-я ўнікальныя і непаўторныя

Чаму флэшмоб у байнэце стаў такім папулярным.

Флэшмоб пра 90-я трывае ў байнэце каторы дзень. Да гульні далучаюцца людзі самых розных узростаў, нават тыя, хто цьмяна памятае, як яно было «ў тыя часы». Мне здаецца, што папулярнасьць флэшмобу ў тым, што 1990-я — унікальныя для Беларусі. І многім хочацца прыгадаць той гістарычны пэрыяд і сябе ў ім.

Калі я распавядаю малодшым знаёмым пра свае 1990-я, у мяне ўзьнікае адчуваньне, што малюю казку. Цэнтар Менску поўніцца жыцьцём. Вунь проста пад гастраномам «Цэнтральны» пяць студэнтаў ладзяць стэндап-шоў. Недалёка граюць вулічныя музыкі. На «Панікоўцы» — сквэры перад Адміністрацыяй прэзыдэнта — проста на газоне адпачываюць студэнты гістфаку. Рок-канцэрты можна пабачыць у парку Купалы, Горкага, Чалюскінцаў, а таксама ў Доме настаўніка, цырку і нават опэрным тэатры. На «Художниках» — там, дзе цяпер адноўленая ратуша, — багемнае жыцьцё віруе да пятай раніцы.

У кожным кіёску прадаецца «апазыцыйная» прэса, і нават камэрцыйныя FM-станцыі даюць у жывым эфіры інфармацыю, калі дзесьці адбываецца мітынг пратэсту супраць новай улады. Дзесяць-пятнаццаць-дваццаць тысяч удзельнікаў мітынгаў нікога не зьдзіўляюць сваёй масавасьцю. Так, ужо ёсьць першыя палітвязьні і палітэмігранты. Але адначасова ты бачыш, як з насельніцтва проста на вуліцах і плошчах вырастае грамадзтва.

1990-я ўнікальныя і непаўторныя: гэта першыя гады незалежнасьці. Для кагосьці 1990-я — гэта жах і разгубленасьць ад таго, што былы сьвет абрынуўся з развалам СССР. А для кагосьці — вялікая надзея на самарэалізацыю ў новым грамадзтве. Прэзыдэнцкая ўлада пасьля пачне актыўна сьціраць з памяці людзей пэрыяд 1991–1994. Ажно да таго, што ў сярэдзіне «нулявых» мне падчас вулічных апытаньняў некаторыя будуць казаць, што сучасная беларуская дзяржаўнасьць пачалася ад 1994 году.

Адна з заснавальніц праекту 90s.by Яся Каралевіч-Картэль так мне патлумачыла, чаму ёй захацелася расказаць аднагодкам пра 1990-я:

«Я ўвесь час сутыкалася зь людзьмі, якія наварацілі горы (у палітыцы і культуры. — СК), але асабліва пра гэтыя горы нідзе не магла пачытаць. Плюс: мяне ў пэўны момант пачало надта раздражняць, што ўсё ў Беларусі адбываецца ўпершыню. Маўляў, мы самыя першыя вынаходнікі чаго-заўгодна — бо пераемнасьці няма».

Сапраўды, такія нядаўнія для старэйшай генэрацыі 1990-я сапраўды ўжо гісторыя, якую сыстэмна амаль ніхто ў Беларусі не асэнсоўваў. Таму і няма пераемнасьці. Сьпіс кніг і фільмаў на матэрыяле 1990-х можна пералічыць на пальцах рук. Усё таму, што, магчыма, у Беларусі яшчэ не запоўненыя лякуны ў больш далёкай гісторыі. Але большасьць стваральнікаў новай беларускай рэальнасьці ў 1990-х яшчэ жывыя і дастаткова бадзёрыя. Варта асэнсоўваць. І паразы, і перамогі.

Севярын Квяткоўскі, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]