Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Тост за незалежнасць

26.12.2019 политика
Тост за незалежнасць

Кожнаму беларусу трэба ўспомніць, што яна ў нас ёсць! Што яна наша! І што яна нам патрэбная!

Беларусы апошнім часам ужо звыкліся, што пад Новы год іх чакаюць з боку ўладаў вельмі экстравагантныя сюрпрызы. І гэта можа быць што заўгодна. І чарговы скок даляра, і так званая дэнамінацыя, і падвышэнне коштаў на што заўгодна, і ўсяго не пералічыш. Бо пад Новы год такія рэчы рабіць найзручней. Бо Новы год для беларусаў, ужо з даўніх часоў, свята асаблівае, масавае, і нават усенароднае. А там і Каляды, і каталіцкія, і праваслаўныя Каляды, а там і Стары Новы год…

Людзі занятыя закупкамі, пошукам падарункаў і другімі прыватнымі справамі. Кожны намагаецца з апошніх сілаў зрабіць прыемнае сваім блізкім і родным. Таму іншыя праблемы ўспрымаюцца неяк мімаходзь. Не так глыбока як трэба, нават, калі гэта нейкая паглыбленая інтэграцыя…

Няма калі пра іх думаць. Таму самы зручны час тыя рэчы і падкінуць у грамадства. А пасля святаў ужо позна пратэставаць ці абурацца. Нічога ўжо не памяняеш. Як гаворыцца, цягнік пайшоў.

Праўда, такі перадсвяточны прыёмік выкарыстоўваюць не толькі ў нас. Паўсюдна, дзе хочуць прыкрыць свае не самыя празрыстыя і чыстыя справы, стараюцца выкарыстаць перадсвяточную мітусню, каб не даць людзям апамятацца. Нават у Амерыцы імпічмент прэзідэнту Трампу яго апаненты ў Кангрэсе абвясцілі перад святамі. У час усенароднай мітусні. Невыпадкова так зрабілі, хіба што. Дык гэта ў самой Амерыцы, краіне з самымі дэмакратычнымі традыцыямі і каштоўнасцямі. Што ўжо гаварыць пра тое, якія фінціклюшкі могуць выкінуць улады ў такіх краінах як сённяшняя Беларусь, або Расея. Асабліва, калі яны аб’яднаюцца дзеля якой патаемнай справы…

А яны і аб’ядналіся. Беларускія і расейскія ўлады. Узялі і аб’ядналіся. Сабраліся на самым высокім роўні і нешта падпісваюць у галіне нейкай там паглыбленай інтэграцыі… Паршы раз нешта падпісвалі, так і незразумела што. Замала ім падалося таго, што нападпісвалі. Другі раз сустракаюцца. Акурат перад святамі.

Цікава, што яшчэ глыбей у той інтэграцыі можна прыдумаць чым ёсць?! Аказваецца, пры жаданні, можна. І беларускай грамадскасці нічога іншага не прыходзіць у думкі, як тое, што рыхтуецца поўная здача незалежнасці… Іншых варыянтаў для паглыблення, нібыта, больш і няма. Дапаглыбляліся ўжо, маўляў, да самага дна.

З вуснаў улады, то, прагучалі супакаяльныя словы, што незалежнасць, нібыта, ніхто здаваць не збіраецца. Ні за грошы, ні, тым больш, за так. Адтуль заявілі, што незалежнасць, ёсць нашай найвышэйшай каштоўнасцю. Але як тады растлумачыць той факт, што на ўдзельнікаў масавай вулічнай акцыі ў абарону незалежнасці ўжо складзена мноства пратаколаў і пачаліся судовыя працэсы?! Як?!

Уявіце сабе, беларуская дзяржава праз свае дзяржаўныя інстытуты затрымлівае і карае сваіх грамадзянаў, якія пасмелі выступіць за незалежнасць гэтай дзяржавы. Ну ці знойдзеце вы на свеце хоць аднаго паляка, якога польская краіна пакарала за тое, што ён выступаў за незалежнасць Польшчы? Не важна, санкцыянавана, ці не, але за незалежнасць сваёй краіны! Ці знойдзеце хоць аднаго пакаранага за гэта рускага, немца, кітайца, малайца, эфіопа або марсіяніна? Ясна што не? Бо краіна не можа караць тых, хто за яе змагаецца! Краіна не можа караць тых, хто за яе выступае! Краіна толькі ўзнагароджвае такіх людзей!

А тут карае!

Гэта тое самае, што прама на полі бою арыштаваць свайго салдата і пацягнуць яго ў суд за тое, што ён ваюе за сваю краіну… Або партызана… Партызана то ўвогуле ніхто не ўпаўнаважваў за Радзіму біцца. Ён сам у лес пайшоў дзяржаву бараніць. Дазвол у выканкаме не браў. Дык што цяпер? Да адказнасці яго прыцягнуць?!

Вось і атрымліваецца, што заявы заявамі, а дзеянні дзеяннямі. І акурат на святы, калі большасць ў мітусні топіцца. Няма часу не тое, што падумаць, але і даведацца пра тое, што там падпісваюць.

Але свята на тое і свята, асабліва навагодняе, калі людзі ў кожнае пажаданне, у кожнае віншаванне, і нават у кожны тост душу сваю ўкладваюць. Таму кожнаму беларусу, за святочным сталом, варта падняць хаця б адзін тост за Незалежнасць! Успомніць, што яна ў нас ёсць! Што яна наша! І што яна нам патрэбная!!!

Хаця б тост. Але ад кожнага. Кожнаму.

Віктар Сазонаў, «Радыё Рацыя»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]