Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Ганна Севярынец: Мы — як пчаліны рой, як мурашнік, як птушыныя чароды

06.05.2021 политика
Ганна Севярынец: Мы — як пчаліны рой, як мурашнік, як птушыныя чароды

Беларус – гэта чалавек, вельмі адчувальны да салідарнасці наваколля.

Пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец апублікавала на партале 34mag.net ўспаміны пра сонечны менскі марш каля ЖК «Каскад»:

— Калі перабіраць у галаве рэчы, учынкі, словы, мелодыі, што ёсць цяпер ужо сімваламі беларускіх пратэстаў, вельмі цяжка спыніцца на нечым адным. Час гэты, цяжкі і суворы, надзвычай багаты на сімвалы, сімвалы натуральныя, няштучныя, не прыдуманыя кімсьці, а народжаныя проста на вуліцах людзьмі. Мы цяпер жывём нібыта ўнутры верша – менавіта верша, а не рамана ці жахлівай казкі, бо толькі ў вершах бывае настолькі сканцэнтраванае і шматзначнае наваколле, дзе кожная дэталь альбо падзея – сімвал, прыгожы альбо жудасны.

І перабіраючы ўнутры ўсё тое, што назапасіў гэты сімвалічны час, я ўсё ж спыняюся на адным моманце, які стаў для мяне самым яскравым сімвалам таго, што мы перажываем. Я не памятаю назву гэтага марша, але мы ішлі па мосце ад Ціміразева да Кальварыйскай.

Людзей было – процьма, і мост для нас быў вельмі вузкі, і калона рухалася павольна-павольна, такімі маленькімі крокамі, каб не штурхаць адно аднаго. Было сонца, але не было спёкі. Над «Каскадам» лунаў агромністы наш сцяг. Людзі на мосце ўздымалі рукі, шырока ўсміхаліся, скандавалі «Кас-кад ма-лай-цы».

Ад таго, што ішлі мы вельмі шчыльна, адчувалася ўсё гэта па-асабліваму: як адзіны арганізм, які думае і адчувае адно. І сонца адчувала тое самае, і мост, і рэйкі пад намі, і бачны наперадзе праспект. З моста было бачна, што да станцыі Менск-Паўночны набліжаецца электрычка – яна шпарка бегла з маладзечанскага кірунку ў бок сталіцы. І – загула, вітаючы калону! Да гудкоў машын мы ўжо прызвычаіліся тады, гэта было абавязковае суправаджэнне маршаў, але тут – электрычка! Ааааа!

Увесь мост выбухнуў вітальным воклічам, і галасы зліліся ў адзін – і кожнага з нас, і «Каскаду», і наваколля, і цягніка, і таго машыніста, які ціснуў гудок. Усё, што можна было бачыць навокал, – стала адным. Сцяг у небе, людзі на мосце, цягнік на зямлі, і ўсё гэта радасна гудзе: мы тут і мы разам. Калі пераказваць гэта каму (вось як цяпер) – будзе выглядаць пафасна і не па-сапраўднаму. У добрым кіно такое не здымаюць, бо для кіно гэта надта танны эфект. А для жыцця ў гістарычным часе – аказваецца, сама то.

Мне падаецца, беларус – гэта чалавек, вельмі адчувальны да салідарнасці наваколля. Мы інтраверты, і людской талакой збіраемся толькі ў самых складаных выпадках. У астатнія часы беларус хутчэй дамовіцца з дрэвам, ракой, борам, птушкай, ваўком у лесе, сабакам на двары, чым з суседам альбо калегам па працы.

Нам важнае надвор’е, мы сумуем разам з дажджом альбо радуемся з сонцам, у нас бярозы плачуць, дубы трываюць, хмызняк расце якраз для таго, каб нам туды схавацца. Мы дэперсаніфікуем свае механізмы – гудуць у нас аўто і цягнікі, а не кіроўцы і машыністы, бо даверу да механізма неяк болей, ці што. Затое надзяляем чалавечымі рысамі кветкі і аблокі – каб яны маглі нам спагадаць і спачуваць.

Адным словам, свет жывы і нежывы моцна ўнутры нас знітаваны, і наваколле заплеценае ў яго намёртва. Ад таго мы такія пільныя да знакаў, што падае нам неба: чырвонай паласы світанку пасярод светлага неба, завірухі пад колы ворагаў, птушак, што кідаюць пад ногі махляроў дохлых пацукоў.

Такому, канешне, кожны ўразіцца, але для беларуса салідарнасць прыроды мае асаблівае значэнне – ён у яе свята і непераможна верыць, болей, чым ува што. І калі навокал усё – ад неба да рэек, ад выгляду да гуку – паяднанае, то і мы мацнейшыя. А ўжо калі гудзе электрычка…

Наогул усё, што звязана з маршамі лета і восені, цяпер для мяне найдаражэйшы ўспамін. Яднанне соцень тысяч людзей, яднанне цалкам натуральнае, не пад лозунгамі альбо партрэтамі лідараў, а проста пад знакам Дабра – я думаю, мільярды людзей у свеце не маюць магчымасці мець такі досвед у сваёй біяграфіі. Адна справа – калі ты ідзеш некуды па камандзе, за правадыром. Няшмат радасці ў такім хаджэнні, і шмат экзістэнцыяльнай небяспекі. Але колькі праўды і шчырасці было ў нашых летніх маніфестацыях, колькі дзіўных, нечаканых прыкладаў чалавечага ўзаемадзеяння.

Мы былі як пчаліны рой, як мурашнік, як птушыныя чароды, якія арганізуюцца і пераадольваюць самыя неверагодныя перашкоды за кошт унутранай несвядомай еднасці і падпарадкаванасці натуральным законам жыцця.

Гэтыя ручаінкі рашучых прыгожых людзей, што цяклі па дварах ад далёкіх, неперакрытых яшчэ станцый метро, маленькія калоны, што прабіраліся па дварах і завулках, далёкі гул вялікай вуліцы і, нарэшце – дыханне асноўнай калоны, і вітальныя гудкі, і воклічы людзей табе насустрач, і ты падаеш у гэтую радасуню чырвона-белую чалавечую куламесу, як у сяброўскія абдымкі, і толькі там не страшна.

Так, у гэтым шмат пафасу. І ў іншыя часы хацелася б ад яго неяк адасобіцца. Але цяпер я вельмі люблю перабіраць усе гэтыя невераемныя адчуванні і поўніцца пафасам любові да гэтай зямлі і да гэтых людзей. Прыйдзе час, калі нехта зможа глянуць на ўсё гэта спакойна, магчыма, нават іранічна альбо з гумарам. Але гэта, безумоўна, будзем не мы, людзі, якім гудзела электрычка на мосце ля «Каскаду».

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]