Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Гісторыя беларускага ветэрана, які выратаваў 300 дзяцей і выжыў на перадавой Сталінграда

09.05.2021 политика
Гісторыя беларускага ветэрана, які выратаваў 300 дзяцей і выжыў на перадавой Сталінграда

З выратаванымі дзецьмі Аляксандру Якаўлевічу давялося сустрэцца толькі праз гады.

Аляксандр Корсак жыў у ціхім зялёным раёне побач з метро «Усход». Прачынаўся рана, а ў сонечны дзень любіў пасядзець ля вакна. Калі сонца хавалася за дахамі суседніх дамоў, дзядуля тупаў на кухню i гатаваў сняданак. У вокны зазіралі бярозы, іх Аляксандр Якаўлевіч пасадзіў 40 гадоў таму. Паснедаўшы, ён выходзіў з дому і клыпаў да метро. «Дзівак стары, і чаго яму не сядзіцца?» — думаў, імкліва пралятаючы, горад. Гораду ж няўцям, што гэты стары — дзядуля-Перамога.

У 2014-м, калі быў надрукаваны гэты тэкст, Аляксандру Корсаку, плыўцу, марафонцу, чэмпіёну і франтавіку, споўнілася 92 гады. У 2016-м пасля цяжкай хваробы адзін з апошніх «сапраўдных» ветэранаў пайшоў з жыцця. Але ж справы і думкі яго — з намі, пiша onliner.by.

Фото: onliner.by

— Навошта пра яе распавядаць? — задуменна пытаецца Аляксандр Якаўлевіч і паказвае стос публікацый з артыкуламі пра сябе. — Яна брудная. Там адна блытаніна, толькі смерць.

У чорнай скрыні, якую ветэран адчыняе рэдка, як цяпер для нас, дзясяткі медалёў і грамат. Вось ордэн Чырвонай зоркі. Ордэн Вялікай Айчыннай вайны I ступені. Медалі «За абарону Сталінграда», «За баявыя заслугі». Спартыўных узнагарод не злічыць.

— А гэты ножык — з сакрэтам. Таму і шаную. Паспрабуйце раскрыць!

Аляксандр Корсак пачынае аповед.

Фото: onliner.by

— Я нарадзіўся ў Мінску ў 1922 годзе, а якога чысла і месяца — дакладна не скажу. Ці то ў лістападзе, ці то ў снежні. Пасля рэвалюцыі з дакументамі мудравалі. Пра дзяцінства памятаю вось што. Дома рабілі печку, і я моцна ўчадзеў. Бацькі думалі — памру. Вырашылі хрысціць крыху раней, бо нехрышчонага хаваць нельга. Але я выжыў.

Бацька працаваў на чыгунцы, маці — у гасцініцы «Еўропа». Жылі не багата і не бедна — нармальна.

У 1936 годзе ў Мінску ў Доме Чырвонай арміі адкрыўся першы ў краіне басейн. У горадзе тады паплаваць не было дзе. Свіслач пешшу пераходзілі, а Камсамольскага возера яшчэ не існавала.

У басейне адпачывалі вялікія людзі. Бачыў часта Варашылава. Ён плаваў у адзіночку. Нас, калі прыходзіў, выправаджвалі.

У 1939 годзе Аляксандр Корсак стаў чэмпіёнам СССР у камбінаванай эстафеце. Перад вайной хлапчукі плавалі пераважна з гранатай. Бярэш муляж у правую руку, а левай працуеш. Галоўнае — гранату не намачыць. У гэтай дысцыпліне Корсаку не было роўных, хоць па жыцці перавагу ён аддаваў марафону.

— Перад самай вайной мне выразалі апендыцыт, — працягвае дзядуля. — Мусіў паехаць на спаборніцтвы ў Прыбалтыку. Але замест гэтага накіраваўся ў піянерлагер «Талька», дзе мяне прызначалі фізруком. Талька — гэта 90 кіламетраў ад Мінска. Наступны прыпынак за Пухавічамі. Я прыехаў туды 21 чэрвеня. А на наступны дзень пачалося.

Як тады думалі, дойдзе фашыст да старой мяжы — і тут жа яго назад адкінуць. І 22, і 23 чэрвеня людзі прывозілі ў лагер дзяцей. Потым стала зразумела, што хуткай перамогі не будзе. Што нашы войскі бягуць. У кожным атрадзе былі важатыя, ну і я — агульны фізрук. І мы атрымалі каманду: дзяцей трэба ратаваць.

Фото: onliner.by

З Мінска паслалі састаў для эвакуацыі, але ён да лагера не даехаў. Цягнікі з тэхнікай, якія трымалі курс на ўсход, на станцыі Талька не рабілі прыпынку. Ішоў апошні састаў з адкрытымі платформамі, які ледзь толькі выгрузіў танкі. Спыніць яго машыніст не змог: без другога паравоза ён бы з месца ўжо не зрушыўся. Працаўнікі лагера, у тым ліку і Аляксандр Корсак, паставілі дзяцей уздоўж пуцей і на хаду падсаджвалі на платформы. Потым заскочылі самі. Цягнік прывёз іх у Кузнецк.

З выратаванымі дзецьмі Аляксандру Якаўлевічу давялося сустрэцца толькі праз гады, на плошчы Перамогі ў Мінску. Дарослыя ўжо жанчыны і мужчыны, якія за гэты час досыць пабачылі, перажылі, не стрымлівалі слёз.

— Так, з эшалонам, я апынуўся ў Пензенскай вобласці, — ваенны марафон ветэрана ў 41-м толькі пачынаўся. — Апрануты я быў у лыжную куртку, на нагах парусінавыя тапачкі. Пры сабе толькі студэнцкі білет. А цягнік імкнуў усё далей і далей, углыб краіны. Трэба ж было кудысьці ехаць. У армію без дакументаў браць не хацелі.

У Куйбышаве здарылася непрыемнасць. Мае тапачкі падраліся. І стаў я хадзіць басанож, як шпана. Пашанцавала напаткаць нейкага начальніка, папрасіў дапамогі. Мне далі на абутак 30 рублёў. За 29 набыў брызентавыя туфлі. Памыў у Волзе ногі. А на 56 капеек узяў куфель піва. Гэта былі яшчэ спакойныя дні.

Фото: onliner.by

Сярод тых, каго эвакуіравалі першымі, я трапіў у Ташкент. На фронт усё не бралі. У выніку выдалі часовы дакумент. Накіравалі на працу настаўнікам фізкультуры. Але я рваўся на вайну — бліжэй да роднага Мінска. І мяне нарэшце прызвалі.

Гэта быў маршавы «стыхійны» полк. Полк сфарміравалі, шлёп нумар — і адразу на фронт. Стаў я салдатам з процітанкавым ружжом. Сказалі наперад: маленькі снарадзік каштуе 120 рублёў. І навучылі: першае, што мусіць зрабіць салдат у баі, — вырыць для ПТР акоп. А стрэліць так ні разу і не далі. Маўляў, на вайне навучышся страляць.

У 1942 годзе я папаў на фронт. Нас гналі пад Мажайск, потым на Варонеж. А затым павярнулі, перагрупавалі і рушылі на Сталінград. Там чакала ліхое.

— Мы рухаліся пешшу ў Сталінград... Ноччу ішлі, удзень хаваліся. Для нас гэта выдалася самым страшным — рух. Коні хутка падохлі. Мы вымушаны былі ісці і ісці, цягнуць на сабе зброю.

На фронце кармілі два разы на суткі. На досвітку і пасля захаду сонца. Жавалі на хаду гарохавы канцэнтрат. Хлеба ставала: людзі гінулі хутка, і той, што не паспелі з’есці забітыя, даставаўся нам.

Адбіўся ў памяці такі эпізод. У вёсцы салдат сцягнуў у жанчыны кавалак сала. Яна кінулася да камандзіраў. Адразу ж агульнае пастраенне: «Ён?» — «Ён!» Праверылі рэчмяшок, знайшлі сала. І тут жа па законе ваеннага часу вынеслі прысуд. Капаў акоп-магілу салдацік самастойна. Жанчына крычала, калі зразумела, да чаго ідзе. «Хто выканае прысуд здрадніку радзімы?» — запытаўся камандзір. Лес рук! Хлопца ўсе лічылі здраднікам.

Аляксандр Корсак нерухома сядзіць у крэсле, задумаўся. На сцяне вісіць яго партрэт — у пінжаку, без медальнага іканастаса. Хваліцца медалямі дзядулю не даспадобы.

Фото: onliner.by

У яго даволі сціплая кватэра. Спартанскі інтэр’ер: шафа, ложак, тумбачка. Камп’ютар у зале, але ім Аляксандр Якаўлевіч не карыстаецца. Са зрокам зусім кепска. Аднак памяць у дзядулі цвярозая...

— Спачатку мы стаялі на поўнач ад Сталінграда, у раёне Трактарнага завода. У першы ж дзень нас разбілі. Потым мы панеслі страты яшчэ, і яшчэ раз. І яшчэ. Кожны дзень папаўненне, папаўненне.

Мая палкавая рота ПТР — 120 чалавек. За чатыры месяцы на перадавой з гэтай роты ацалела чатыры чалавекі. І я сярод іх.

Таварышавалі мы з двума добрымі хлопцамі — Растаргуевым і Мурзагаліевым. Першы крымінальнік, яму далі 10 гадоў турмы. Калі пачалася вайна, прапанавалі на фронт. Другі — сірата, сем братоў і сясцёр. Ён мне сказаў аднойчы: «Абавязкова загіну». Хутка так і адбылося.

З лагчыны вылез нямецкі танк, які мы раней не бачылі. Ледзь-ледзь паказаўся. Растаргуеў і Мурзагаліеў былі ў адным разліку, сталі з ПТР страляць. Іх і скасілі тут жа кулямётнай чаргой. Ужо потым даведаліся — гэта распачаліся выпрабаванні «Тыгра».

Фото: onliner.by

— У маім палку хутка засталіся адны навабранцы. У асноўным хлапчукі, 18—19 гадоў. На фронт іх, як і нас, кідалі без падрыхтоўкі. Жылі яны нядоўга.

Не хапала санітараў. Параненых не было каму ратаваць, ніхто не ведаў, як жгут налажыць. Мне прапанавалі стаць медбратам. Я хаця б штосьці ўмеў. Бой, стральба, залпы, зямля ляціць. Адусюль — «Саша, дапамажы!». З усіх бакоў гэтыя крыкі.

Ніколі не забуду. Крычыць нехта: «Дапамажы!» Падпаўзаю. Я ляжу, і ён ляжыць. Страляюць снайперы. Пачаў перавязваць, тут — бах! У жыцці яшчэ такога не чуў. Гуку, з якім расколваецца чэрап. Прама ў галаву таму хлопцу патрапілі.

Фото: onliner.by

70 гадоў прайшло, змяняліся пакаленні, рушыліся краіны, а вайна для Аляксандра Корсака па-ранейшаму ўся ў гэтым гуку. Даследчыкі прыкінулі: у сярэднім салдаты на перадавой Сталінграда жылі 1400 хвілін. Камусьці не выпадала і столькі.

— Страх смерці... А што такое страх? Цябе гоняць невядома куды і навошта, — павольна прамаўляе дзядуля. — Калі назад пойдзеш — заб’юць. Там заградатрад. Наперадзе таксама загуба. Гэта нават не страх, гэта чаканне. Калі ўжо? Якая куля?

Пачуццё нянавісці? Адкуль? Ён такі ж чалавек. Ці ён мяне заб’е, немец, што ляжыць за тым ярам. Ці я яго. Усяго толькі спраў. Ані асаблівай прыязнасці, ані нянавісці да фашыстаў у нас не было. Вы, дарэчы, ножык адкрылі?..

— Не, дзядуля. Спрабуем.

Фото: onliner.by

— Я, мусіць, нікога так і не забіў у вайну, — працягвае, трошкі падумаўшы, ветэран. — Ды і не бачыў я немцаў гэтых праз прыцэл. Зрок у мяне ні к чорту.

— Потым мяне паранілі... Праз чатыры месяцы, як трапіў пад Сталінград. Полк перакінулі, каб вакол горада сціснуць кола. Быў загад — узяць нейкую вёску. Яе назва ў памяці не асела. І нас паднялі. Я ішоў у атаку са сваім ПТР, кіраваўся прама на кулямёты. Вось так нас усіх і пакасілі. Мяне выратаваў шынель.

Ён быў мокры, задубеў. Стаў каляным, як браня. Кулі пацэлілі ў яго і разарваліся, а асколкі моцна ўеліся ў ногі і рукі. Потым дактары налічаць больш за 40 асколкаў. Яны і зараз яшчэ выходзяць. Глыбока заселі ў мясе.

Пад гэтай вёскай я ляжаў цэлую ноч і ўвесь дзень. Хто ж пры святле будзе мяне забіраць? Гэта праца санітараў. Але ж і яны людзі. Не хочуць пад агонь лезці. На вайне чалавекам кіруюць інстынкты. Тут галоўнае выжыць.

Фото: onliner.by

Доўга я ляжаў. У поўнай свядомасці, не сумняваўся, што мне канец. Раз свае кідаюць, што за справа да мяне чужым? Знойдуць — прыстрэляць. Не задумаюцца.

На наступную ноч нашы вынеслі мяне. Далі 100 грам, пацягнулі. У санроце зрабілі перавязку. У шпіталі я праваляўся месяцы чатыры. З адкрытай ранай нават хацелі зноў вярнуць на фронт. Але ўсё ж такі камісавалі.

— Я вяртаўся ў Мінск на першым цягніку, які ў вызвалены горад ледзь толькі пусцілі. Выйшаў на канцавым: не ведаю, куды трапіў! Вось вакзал, вось Дом урада. І разваліны. Па чыгунцы так і крочыў на свой стары адрас.

Вайна скончылася... Вучыўся ў інстытуце, рабіў інструктарам у «Дынама», выкладаў. Адраджалі паволі спорт. Нага мая амаль не рухалася. Але я, вядома, плаваў свае марафоны. Так і дажыў да 90 гадоў. Шмат чаго не паспеў...

Тут, канешне, дзядуля выдае сваю сціпласць. Аляксандр Корсак — заслужаны трэнер, суддзя міжнароднай катэгорыі. Стаяў ля вытокаў беларускага плавання. Ужо ветэранам шмат разоў браў узнагароды на сусветных і еўрапейскіх чэмпіянатах. Выхаваў дзясяткі спартсменаў. Калі здарылася незалежнасць, турніры наведваў за свой кошт.

— Мне ніхто ніколі не дапамагаў, а я і не прасіў. Раз у год належала бясплатная паездка па чыгунцы. Доўгі час ездзіў у Крым, у Судак. Плаваў 25-кіламетровы марафон па адкрытым моры. Пасля сямідзесяці дыстанцыю цалкам ужо не праплываў. Але палову дакладна.

У 80 гадоў дзядуля наважыўся зноў выпрабаваць сябе — прыняць удзел у чэмпіянаце свету па плаванні сярод ветэранаў, што ладзіўся ў Мюнхене. Грошай бракавала. На пенсію беларускага ветэрана шмат валюты не купіш. Паехаў з веслярамі на машыне — угаварыў, каб яго ўзялі. Вёз у сумцы каўбасу, яйкі, хлеб. А ў Германіі дазволіў сабе купіць марожанае. Адзін раз.

Фото: onliner.by

— Хацелася пабачыць свет! Паглядзець на тых, з кім мы ваявалі, — задуменна кажа Корсак.

У Германіі ён узяў бронзу. Проста паплыў не туды на вяслярным канале: зрок падвёў. А так, мусіць, яшчэ раз перамог бы немцаў.

Вяртаўся дзядуля на цягніку. Хтосьці заўважыў яго медаль і прапанаваў прадаць. Пашкадаваў старога — маўляў, грошы ў Weißrussland куды важнейшыя. Аляксандр Якаўлевіч не пагадзіўся. Яму было крыўдна...

У нагах і руках у яго асколкі, а пад сэрцам кардыястымулятар. Але плавае ветэран кожны дзень. Кожную раніцу, пасля сняданку, брыдзе, накульгваючы, да метро. «Вось сёння, — распавядае, — не было настрою. 1000 метраў праплыў і падаўся назад».

Такіх, як ён, 90-гадовых марафонцаў, у краіне дакладна не засталося.

9 мая дзядулю наведаюць сын і ўнук. Яны сядуць за стол, утраіх разап’юць бутэльку амерыканскага віскі, а наш герой скажа: «Штосьці не тое. Ану дастань з паліцы сваёй — беленькай!» У дзевяноста з плюсам ён дасць фору і маладым.

— На афіцыйныя мерапрыемствы я не хадок. Там усё больш афіцэры, з пагонамі і званнямі, а хто такі я? Маленькі чалавек. Салдат, — выказвае думку ветэран.

Аляксандр Корсак не любіць распавядаць пра вайну, бо ён захаваў выдатную памяць — у ёй назаўсёды адбіліся жудасць і кроў маленькіх ваенных чалавечкаў, якія паміралі там, у акопе. Гераізмам гэта назвалі пазней.

— Што прайшло, ужо не перайначыш. Мы ідзём толькі наперад, зваротнага шляху няма. Што я цяпер ведаю пра Першую сусветную вайну? Тое, што ўвасобілі ў сваіх творах пісьменнікі. Гэта мастацкая літаратура, рамантыка. Тое ж будзе і з маёй вайной. Усё забудзецца, пойдзе прахам. Гэта нармальна. Блага, калі прапагандай. Яе я страшэнна не люблю.

Бязлітасная мясарубка, праз якую пракруцілі дзядулю-Перамогу, прывяла яго да разумення фундаментальнай праўды жыцця.

— Я супраць улады — у любой яе праяве. Мне не трэба ні фашыстаў, ні камуністаў. Нікога. Я лічу, што чалавек жыве толькі адзін раз. Навошта яму барацьба палітыкаў, прэзідэнтаў, генсекаў? Чаму нас навучыла тая вайна? Што дзеецца зараз ва Украіне, Расіі? Пражывіце сваё жыццё, колькі вам засталося. Годзе за іх забіваць і паміраць. Дарэчы, дык вы адкрылі ножык?..

Дзе нам! Не нашага ўзроўню, дзядуля, ваш сакрэт.

Зараз на парадзе ў Брэсце і Мінску фотаздымкі дзядоў, якія ваявалі пад Мажайскам, Мінскам і Курскам, нясуць іх унукі. Таму што старыя сышлі за гарызонт, а маршыраваць камусьці трэба. Партрэт Аляксандра Корсака з усмешкай на твары вісіць на сцяне. Чакае свайго часу.

— Родным я сказаў: калі памру, спаліце. Каб чарвякі ў зямлі не грызлі. У Бога я так і не паверыў. Нават пад той вёскай ля Сталінграда.

Калі непазбежнае здарыцца, разумеем мы, нешта вялікае і сапраўднае з гэтага свету знікне. Нам застанецца карыкатура: георгіеўскія стужачкі на бутэльцы з гарэлкай у краме, папсовыя перапеўкі ваенных балад, 70-гадовыя франтавікі ў парадным разліку.

Ён моцна цісне нам рукі на развітанне. Хватка плыўца! Добра, што дзядуля-Перамога пакуль у страі.

Аляксандр Якаўлевіч выйшаў са строю пяць гадоў таму. Яго пахавалі на Кальварыйскіх могілках. Выпісалі некалькі салдацікаў з ганаровай варты. Побач хавалі генерала. І там ужо была цырымонія як у кіно. Думаю, наш дзядуля дакладна ўсміхнуўся б на гэта: «Дзе я, а дзе вялізныя зоры на пагонах».

Я ведаю дакладна, дзе ён. Дзядуля-Перамога — у вечнасці.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]