Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Што напісаў палітвязень Сьцяпан Латыпаў у дзень пачатку суду над ім

05.06.2021 общество
Што напісаў палітвязень Сьцяпан Латыпаў у дзень пачатку суду над ім

Фрагмэнт ліста.

Чытач «Радыё Свабода» падзяліўся лістом ад палітвязня Сьцяпана Латыпава, які той напісаў у дзень, калі пачаўся суд над ім і калі вязень спрабаваў забіць сябе ў судовай клетцы.

Журналісты прыводзяць фрагмэнт ліста.

«Думкі губляюцца і складана канцэнтравацца»

- 01.06.2021. Не, шаноўная, гэта не цяжарны пітбуль з голкамі на сьпіне. Гэта вожык з паветраным зьмеем у маім выкананьні. Гэта ўжо 20-я, падаецца, спроба намаляваць нешта падобнае да вожыка з паветраным зьмеем.

Прывітаньне! Некалькі тыдняў запар баліць адбітая ўшчэнт галава, думкі губляюцца і складана канцэнтравацца».

Хто і чаму адбіў яму галаву, Сьцяпан не тлумачыць. Ліст невялікі. Далей мужчына піша ўжо пра асабістыя рэчы, зьвязаныя зь людзьмі, якія атрымалі ліст.

«Я абавязкова вярнуся нават зь пекла»

Ніжэй фрагмэнты ранейшых лістоў Сьцяпана Латыпава, якімі падзялілася чытачка, дзе ён піша пра кепскія ўмовы ўтрыманьня і тое, ад чаго яму цяжка.

«Калі ласка, чакай мяне моцна-моцна. Тады я абавязкова вярнуся нават зь пекла, я дужы, я здолею, толькі чакай. Абдымаю моцна і доўга». Ліст ад 18 сакавіка 2021 году.

«Болей за ўсё баюся, што, калі пачну гаварыць перад судзьдзёй, голас будзе дрыжаць ад крыўды ды болю». Штамп на лісьце 7 траўня 2021 году.

«Мясцовыя стравы ямо зрэдку, але яны з кожным тыднем усё лепей, ці то я ўжо прызвычаіўся. Ізаляцыя ўсё глыбей ды глыбей. Няма болей „Новага часу“, няма „Беларусы і рынак“, няма тэлебачаньня. Ёсьць „СБ“ і разуменьне, што ўсё дарма. Лісты ходзяць няблага. У камэры горача і ня вельмі смачна пахне, таму кінуў апошнім часам злавацца на тых, хто паліць кожныя пяць хвілін». Штамп на лісьце 19 траўня 2021 году.

Сябры Сьцяпана цяпер зьбіраюць словы падтрымкі, каб перадаць яму ў СІЗА.

Сьцяпан Латыпаў 1 чэрвеня зрабіў спробу суіцыду проста падчас судовага паседжаньня. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлусьлівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі.

Латыпава забрала «хуткая», яму зрабілі апэрацыю. На наступны дзень стала вядома, што яго забралі з шпіталя ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Суд над ім адновіцца 10 чэрвеня.

Сьцяпану Латыпаву 40 гадоў. Родам ён зь Берасьцейскай вобласьці, вучыўся ў беларускай школе. Бацькі — біёлягі. Па прафэсіі Сьцяпан арбарыст, а таксама прамысловы альпініст 5 разраду.

Арбарыст — вельмі рэдкая для Беларусі прафэсія, такіх адмыслоўцаў у краіне каля 50 чалавек. У Эўропе арбарыстаў называюць яшчэ «дрэўнымі хірургамі». Іх задача — не сьпілаваць дрэва, а выратаваць яго. Веды пра дрэвы далі Сьцяпану бацькі-біёлягі і падручнікі.

Сьцяпан прайшоў прафэсійную падрыхтоўку і сэртыфікацыю ў Вялікай Брытаніі, мае сэртыфікат IRATA (для тых, хто выконвае работы на вышыні).

Сьцяпан Латыпаў мае сваё ІП, ён дырэктар «Беларба». Ён прыводзіў у парадак, «лячыў» дрэвы ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта, у VIP-кліентаў, супрацоўнічаў з «Дыпсэрвісам».

Чытаў лекцыі ў Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце.

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]