Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Як Рыгор Кастусёў забяспечваў Лукашэнку 76 працэнтаў

28.10.2010 политика

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад Партыі БНФ распавёў, як падтрымаў у свой час Аляксандра Лукашэнку, і калі праявіць сябе прарасійскі кандыдат.

– Як вы прыйшлі ў палітыку? Што вас прывяло да таго, што ў 1989 годзе вы былі ўжо актыўным членам БНФ?

– Пэўныя альтэрнатыўныя погляды на падзеі, што адбываліся ў краіне, у мяне пачалі фармавацца падчас службы ў савецкім войску. Так атрымалася, што я служыў у палку сувязі і быў дзяжурным радыстам станцыі. Як заўсёды, на станцыях ёсць асноўны прыёмнік і рэзервовы. Мы падпольна слухалі «варожыя галасы» з выдатнай якасцю, фактычна без перашкодаў, якія адсейваліся на вайсковых прыёмніках.

Так што я даволі рана пачаў адчуваць розніцу паміж тым, што гаварыла савецкая прапаганда і што было на самой справе. І калі пачаліся працэсы перабудовы, калі пачалі з’яўляцца новыя формы арганізацыі вытворчасці, арэндны падрад, то я бачыў гэта як перспектыву да пераходу зямлі ў прыватную ўласнасць.

– У 1989 годзе, калі праходзілі першыя больш-менш свабодныя выбары ў Вярхоўны Савет СССР, вы ўжо прымалі ўдзел у палітычнай барацьбе. Варта нагадаць нашым чытачам, за якога кандыдата…

– Тады ў нашай выбарчай акрузе былі вылучаны два кандыдаты — тагачасны намеснік прэм’ер-міністра, старшыня Дзяржплана Вячаслаў Кебіч і дырэктар саўгаса Аляксандр Лукашэнка. Я тады быў дырэктарам саўгаса «Іскра». Я падтрымаў Лукашэнку, і на тэрыторыі маёй гаспадаркі 76 працэнтаў выбаршчыкаў прагаласавалі за яго. Але Лукашэнка тады прайграў Кебічу літаральна некалькі працэнтаў.

– Ці сапраўды ён тады быў настолькі дэмакратычным, што БНФ падтрымаў гэтага кандыдата? Вы былі ў яго камандзе?

– Я не быў у яго камандзе, але я адкрыта выказваўся ў яго падтрымку. Адразу ж партыйныя раённыя кіраўнікі пачалі на мяне ціск, але тады за гэта з працы ўжо не звальнялі. Лукашэнка тады выступаў з антынаменклатурных пазіцый, ён пайшоў насуперак Кебічу, які і ўвасабляў гэтую старую наменклатуру.

– Шмат легендаў — як негатыўных, гэтак і станоўчых — ходзіць пра саўгас «Гарадзец», які ўзначальваў Лукашэнка. Ці сапраўды гэта гаспадарка была настолькі прагрэсіўная, як пішуць біёграфы Лукашэнкі, ці гэта быў толькі піяр, кажучы сучаснай мовай?

– Яна сапраўды была вельмі занядбалая да прыходу туды Лукашэнкі. Не скажу, што ён там дасягнуў вялікіх поспехаў, але штосьці станоўчае ён зрабіў, і гаспадарка была ў сярэдніках.

Яму яшчэ пашанцавала, што на базе гэтага саўгаса Магілёўскае абласное ўпраўленне сельскай гаспадаркі пачало раскручваць ідэю арэнднага падраду. І Лукашэнка гэта скарыстаў, выдаваў гэта за сваю ідэю — так і вылез на палітычную арэну.

«Вячорка і Баршчэўскі мяне не слухалі, Янукевіч стаў сапраўдным лідэрам»

– У 2008 — 2009 годзе ў БНФ адбываліся вялікія кадравыя змены, што суправаджалася даволі зацятай асабістай барацьбой. Некаторыя назіральнікі называлі гэта барацьбой пакаленняў. Вы занялі бок больш маладых, цяперашняга старшыні Аляксея Янукевіча. Чым быў абгрунтаваны ваш выбар, чаму вы не сталі на бок больш блізкіх вам па ўзросце Вячоркі і Баршчэўскага?

– Скажу шчыра, што яшчэ за месяц да з’езда ў мяне ў планах не было вылучацца на пасаду намесніка старшыні партыі. Я доўга вагаўся, ці прыняць прапанову Аляксея Янукевіча вылучацца на пасаду намесніка партыі. Але калі я стаў супастаўляць усе факты, то занепакоенасць за лёс партыі ўзяла верх.

Менавіта маладосць Янукевіча, тое, што вакол яго ёсць каманда маладых людзей, — падкупілi мяне. Я спадзяваўся, што дзякуючы гэтаму нам удасца адрадзіць дзейнасць партыі ў рэгіёнах.

І мае спадзяванні спраўдзіліся. Аляксей многія мае прапановы і парады ўспрымае станоўча, цэніць мой досвед працы з людзьмі.

Усё гэта я прапаноўваў і Баршчэўскаму, і Вячорку, грукаўся да іх у дзверы, — але не быў імі пачуты. Усё заканчвалася размовамі, якія забываліся на заўтрашні дзень.

Янукевіч умее слухаць і выкарыстоўваць мой досвед, не адмахваецца ад мяне і іншых сяброў партыі, рэгіянальных кіраўнікоў. Я лічу, што сёння — партыя адраджаецца, яна вылучыла свайго кандыдата.

Калі б гэта зрабіў у свой час Вячорка, я б з задавальненнем працаваў у яго камандзе, галасаваў бы за яго на з’ездзе. Але, на жаль, ані Вячорка, ані Баршчэўскі, стаўшы старшынямі, не сталі лідэрамі партыі. У Аляксея гэта атрымалася, ён стаў не толькі старшынёй, але і лідэрам партыі.

– А на якім этапе было вырашана, што вы будзеце кандыдатам ад партыі на прэзідэнцкіх выбарах?

– Як памятаеце, на з’ездзе яшчэ разглядаўся варыянт падтрымкі Лявона Баршчэўскага, але, як паказвала інфармацыя з розных крыніц, Баршчэўскі і Івашкевіч ужо тады працавалі на перспектыву падтрымкі Саннікава. Баршчэўскі нават аб’яўляў, што Саннікаў узяў бланк заявы на ўступленне ў партыю, але ўступленне яго ў Партыю БНФ не адбылося.

І ў нас склалася разуменне, што калі партыя БНФ зноў, як на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах, не вылучыць свайго ўласнага кандыдата, то актыў партыі расцягнуць іншыя кандыдаты ў прэзідэнты. Часткова, дарэчы, гэта і адбылося, бо мы позна стартавалі ў кампаніі.

Я добра памятаю, як у 2001 годзе з партыі сышла вялікая колькасць актывістаў пасля таго, як БНФ падтрымаў спачатку Домаша, а надалей Ганчарыка. (І Хадыка абяцаў на пасяджэнні Сойму з’есці свой капялюш, калі ён памыліцца ў асобе Ганчарыка, і нават разам з Вячоркам пагражалі Сойму сваёй адстаўкай, калі Сойм не прагаласуе за падтрымку Ганчарыка.)

І мы бачылі такую перспектыву і на гэты раз, калі партыя не вылучыць свайго ўласнага кандыдата. І я лічу, што вылучэнне ўласнага кандыдата — гэта было правільнае рашэнне. Я паабяцаў і Сойму, і з’езду, што пайду да канца і зраблю ўсё магчымае дзеля перамогі.

«Я памыляўся ў некаторых вядомых аднапартыйцах, іх паклікаў звон срэбранікаў»

– А як вы паставіліся да заяў, напрыклад, Івашкевіча, што ён падтрымаў Саннікава толькі таму, што Кастусёў — гэта несур’ёзны варыянт? Як вам чуць такія рэчы ад сваіх аднапартыйцаў?

– Вядома, такія рэчы непрыемна чуць. На першым этапе Івашкевіч, Вячорка і Хадыка выказвалі такую думку, што я вылучаюся як тэхнічны кандыдат і здымуся пад Мілінкевіча. Калі гэта не спраўдзілася, ім давялося шукаць новыя апраўданні.

Я з вялікай павагай ставіўся да гэтых людзей, лічыў іх высокамаральнымі, ідэйнымі, але сёння магу сказаць, што я ў іх памыляўся. Што здарылася з імі зараз, я не ведаю. Мне здаецца, што некаторых з іх паклікаў звон срэбранікаў. Мы агучылі, што Партыя БНФ ідзе на выбары без сродкаў, і нашым асноўным рэсурсам ёсць энтузіазм, асабліва моладзі, якая рашуча мяне падтрымала.

Тыя тлумачэнні, што Саннікаў больш перспектыўны, бо ён працаваў намеснікам міністра замежных спраў, я не ўспрымаю ўсур’ёз. Мне, дарэчы, таксама прапаноўвалі высокія пасады ў 1994 годзе людзі з каманды Лукашэнкі ўзамен на адыход ад БНФ. Але я выбраў маральны, а не матэрыяльны падыход.

Ёсць каштоўнасці, якіх я прытрымліваюся і не збіраюся ад іх адыходзіць. Гэта ідэі незалежнасці Беларусі, пабудовы дэмакратычнага грамадства, еўрапейскі шлях развіцця і нацыянальна-культурнае адраджэнне.

«Я дакладна ведаю, што існуе расійскі сцэнар»

– Падчас гэтай выбарчай кампаніі вы робіце даволі радыкальныя заявы з пункту гледжання сярэдняга выбаршчыка — пра адмену дзяржаўнасці рускай мовы, пра нацыяналізацыю «Белтрансгаза». Вы імкнецеся наўмысна ўзарваць сітуацыю, прыцягнуць увагу, гэта такая стратэгія кампаніі, у якую вы ўступілі як не самы вядомы палітык? Ці вы проста выказваеце свае падыходы, і вас не цікавіць, што пра іх думае большасць?

– Партыя БНФ ніколі не хлусіла, ані сваім паплечнікам, ані ўсяму народу, выказвала сваю пазіцыю адкрыта і шчыра. Ні для каго не сакрэт, што БНФ заўсёды выступаў за адраджэнне беларускай культуры. Натуральна, што мы не можам выказвацца за наяўнасць двух дзяржаўных моў у Беларусі. І тут я нічога новага не сказаў, калі заявіў, што руская мова не павінна быць дзяржаўнай.

Падчас сустрэч добра відаць, што людзі выдатна ловяць кандыдата на няшчырасці. Таму я лічу, што шчырасць, праўда, абарона інтарэсаў беларускага народа выбаршчыкам будуць падабацца.

Што да заявы пра нацыяналізацыю «Белтрансгаза». Я б звярнуў увагу на выступ міністра энергетыкі Расіі Шматко. Там прагучала яўная незадаволенасць праектам паставак венесуэльскай нафты ў Беларусь, яе перапампоўкай праз трубаправоды. Я лічу, што гэта правільнае рашенне сённяшняга кіраўніцтва. Але паглядзіце, як Расія адразу на яго рэагуе. Крэмль зноў імкнецца прывязаць Беларусь цалкам да паставак энерганосьбітаў толькі з Расіі.

Кожная краіна ў свеце намагаецца, каб атрымліваць энерганосьбіты з некалькіх крыніц, каб адна крыніца не перавышала 30 працэнтаў. І мы выступаем, каб Беларусь мела пастаўкі з розных крыніц.

– Аднак нацыяналізацыя? Адразу ўзгадваецца Лацінская Амерыка, калі левыя прыходзілі да ўлады і пачыналі нацыяналізаваць усё, што можна. І вы прапаноўваеце нешта падобнае? Ці вы збіраецеся выкупляць назад, у дзяржаўную ўласнасць, за грошы?

– Вядома, мы не мяркуем гэта рабіць бандыцкімі метадамі, мы будзем шукаць кампрамісы з расійскім бокам. Мы безумоўна выступаем за развіццё прыватнай уласнасці. Але заклапочанасць тым, пра што я казаў раней, застаецца. І тая маёмасць, якая была перададзеная альбо прададзеная незаконна, яе нейкім чынам трэба вяртаць беларускаму народу.

– На самым пачатку кампаніi БНФ заявіў, што будзе змагацца супраць двух пагрозаў — аўтарытарнага кіраўніцтва Беларусі і адначасова супраць прарасiйскага кандыдата. Цяпер, калі ўжо прыблізна ясна, колькі будзе кандыдатаў, ці можаце вы сказаць, што сярод іх вы бачыце прарасiйскіх? Ці гэта проста «страшылка»?

– Я дакладна ведаю, што існуе расійскі сцэнар. Ёсць два магчымыя варыянты — альбо падтрымка Расіяй Лукашэнкі, альбо іншага кандыдата. На ролю «прарасійскага кандыдата» прэтэндуюць некалькі чалавек — і я не хацеў бы развешваць ярлыкі. Але пасля рэгістрацыі, думаю, што такі кандыдат сябе праявіць.

– Калі будзе зарэгістравана некалькі апазіцыйных кандыдатаў, ці гатовыя вы сесці за стол з імі, нават з тымі, з кім вашы погляды не ва ўсім супадаюць?

– Мы прынялі рашэнне, што нам неабходна сустракацца, кансультавацца. Мы ўжо дамовіліся, што пасля здачы подпісаў усім дэмакратычным кандыдатам варта сустрэцца і абмеркаваць сітуацыю. У любым выпадку, я нікога з апазіцыйных кандыдатаў не лічу нашым праціўнікам. У нас ёсць агульны падыход па стратэгічных пытаннях.

– У інтэрв’ю з Аляксандрам Мілінкевічам ён выказваў сваю заклапочанасць тым, якой можа быць Плошча, каб яна не стала крывавай. Як вы глядзіце на гэтую дылему, якой мусіць быць Плошча?

– Зразумела, што я таксама супраць усялякага кровапраліцця, супраць крывавага варыянта. Але калі мы не будзем гатовыя адстойваць сапраўдныя вынікі выбараў, то грош нам цана.

Мы павінны быць падрыхтаваныя да таго, каб данесці беларускаму і сусветнаму грамадству, што выбары фальсіфікаваныя. Каб ціснуць на рэжым мірнымі акцыямі пратэсту і адстаяць сапраўдныя вынікі выбараў.

Віталь Цыганкоў, «Свободные новости плюс»

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2019 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]