Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Лявон Вольскi: У Вiльнi будзе магутны канцэрт

22.08.2014 культура
Лявон Вольскi: У Вiльнi будзе магутны канцэрт

11 кастрычніка Лявон Вольскі зьбірае ў Вільні тры тысячы беларусаў на канцэрт «Vilnia.Volia.Volski».

Прадставіць публіцы апошні «бескампрамісны» альбом «Грамадазнаўства» па-ранейшаму можна толькі ў суседняй сталіцы, паведамляе «Радыё Свабода».

«Мы ня рвемся ў «Менск-Арэну». Некаторыя ёсьць падставы думаць, што вернуцца ўсе гэтыя сьпісы і што яны далёка нікуды не пайшлі. Кірунак думак людзей, якія адказваюць за культуру, абсалютна зразумелы», — кажа Лявон Вольскі.

Таму канцэрт адбудзецца ў Teatro Arena, а ў якасьці бонусу да квітка ўжо традыцыйна абяцаюць бясплатныя візы.

«Мы і не хацелі заблытаць нашага слухача і паказваць, што нам нешта дазволена, — тлумачыць Лявон. — Бо народ і так заблытаны цалкам. Прыходзіць на канцэрт, пасьля высьвятляецца, што канцэрт адмяняецца, трэба здаваць квіткі. То „ой, можна“, а пасьля — «ой, ужо нельга». І мы будзем карыстацца вось гэтай схемай, якую прыдумаў наш прадусар — праводзіць канцэрты ў Вільні».

У Беларусі паслухаць «Грамадазнаўства» ўжывую і ў вялікай залі немагчыма, і невядома, калі будзе магчыма.

«Ну, хіба толькі на хутары якім прыватным можна, — кажа Лявон. — Ведаю, што ў адным беларускім горадзе будуецца незалежная прыватная канцэртная заля на 200 чалавек. Думаю, там будзе можна прэзэнтаваць. Калі толькі перад канцэртам залю не замініруюць», — сьмяецца ён.

«Канцэрт будзе падзелены на дзьве часткі. Адна — гэта канцэптуальная прэзэнтацыя альбома «Грамадазнаўства». Другая — гэта песьні розных гадоў майго аўтарства, папулярныя раней і цяпер. «Паветраны шар», «Тры чарапахі», можа, «Я нарадзіўся тут».

Яшчэ ня ведаем, што будзе на пачатку, бо звычайна новую праграму ставяць наперадзе, а старыя гіты — у другую частку. А мы вось нешта напружана думаем, ня ведаем, як зрабіць.

«Настальгічная» частка канцэрту — гэта 22–23, а можа, і болей песень. І «Грамадазнаўства» — яшчэ 11 песень. Так што гэта будзе паўнавартасны, я спадзяюся, магутны канцэрт. Мы ўсё робім, каб усё атрымалася з боку апаратуры, сьвятла, эфэктаў і так далей. І ўжо пачаўся рэпэтыцыйны працэс», - распавядае ён.

Шматтысячныя выезды беларусаў у суседнюю Вільню на канцэрты забароненых на радзіме музыкаў спачатку яшчэ захоўвалі пратэстны драйв. Цяпер гэта ўжо збольшага забаўляльнае падарожжа зь бясплатнымі візамі і магчымасьцю разам з добрай музыкай на тры дні апынуцца ў Эўропе. Лявон кажа, што плюсы і мінусы гэтай сытуацыі ўраўнаважваюцца:

«Мінусы такія, што трэба ехаць у іншую краіну. Гэта сур’ёзныя выдаткі. Калі б мы гралі тут, у Менску, то прыехаць з хаты на саўнд-чэк ці загадзя аплаціць арэнду і там рэпэтаваць — гэта ўсё роўна не такія вялікія выдаткі, як усе пераезды, аплаты страховак, жытла і гэтак далей.

Да таго ж «Грамадазнаўства» мы будзем граць арыгінальным складам з нарвэскімі музыкамі. І нам з басістам Алесем-Францішкам Мышкевічам трэба будзе за некалькі дзён пад’ехаць туды на рэпэтыцыйны пэрыяд, досыць напружаны. Мы зь імі не рэпетавалі.

Другая складанасьць — візавы рэжым. Нягледзячы на ўсе нібыта спрашчэньні ў гэтай сфэры, на мой асабісты погляд, усё толькі ўскладняецца з кожным годам. Напрыклад, калі мы ехалі на літоўскі фэст «Галапагай» у Зарасай, музыкам зрабілі аднаразовыя візы, бо яны едуць адзін раз.

Ну, а плюс — гэта тое, што ня трэба сябе стрымліваць. Баяцца таямнічых людзей з таямнічым дакумэнтамі. Якія абавязкова тут у Беларусі прыйдуць, стануць палохаць адміністрацыю, і яна будзе ўся белая бегаць і прасіць не крычаць «Жыве Беларусь».

Перад канцэртам там можна набыць піва. Я не за тое, каб народ піў алькаголь перад канцэртам, але рок-канцэрт і піва — гэта арганічна, гэта ня мы прыдумалі. А ў нас забаронена піць на фэстывалях. І таму людзі пачынаюць піць гарэлку ў аўтобусах па дарозе на канцэрт, і на сам канцэрт ужо прыяжджаюць у неадэкватным стане. Там гэтага няма. Там людзі ўсе спакойныя, усё ж Эўропа.

Таму і сам пачуваесься вальней, і публіка вальнейшая. Гэтым плюсам варта скарыстацца, нягледзячы на ўсе выдаткі».

На сайце мультымедыйнага рэсурсу 34mag.net, дзе 25 сакавіка зьявілася «Грамадазнаўства», пазначана, што яго спампавалі больш за шэсьць з паловай тысяч чалавек. Рэдактары выданьня кажуць, што каб даведацца колькасьць тых, у чые вушы трапіў альбом, лічбу можна сьмела памножыць на тры. Вольскі ацэньваць посьпех альбома пакуль не бярэцца.

«Пакуль мы не правядзем канцэрту, нельга меркаваць, якая на яго рэакцыя, — кажа ён. — Водгукі вельмі розныя. Для некаторых гэты радыкальны фармат вельмі непрыемны. Людзі ўжо адаптаваліся да навакольнай рэчаіснасьці. А некаторыя і іншай рэчаіснасьці ня бачылі, а толькі гэтую. Я разумею, што некаторым непрыемна слухаць такія рэчы, якія гучаць у «Грамадазнаўстве». І я чакаў, што будзе вострая крытыка з боку, так скажам, «народных мас».

«Але, як ні дзіўна, ёсьць і пазытыўныя водгукі. Досыць шмат», — тут Вольскі ізноў сьмяецца. - Як яно пайшло па інтэрнэце, ужо незразумела. Гэта ж бясплатна, і адсачыць немагчыма. Альбом, безумоўна, некамэрцыйны, — адказвае ён на просьбу ацаніць посьпех у лічбах. — Калі параўноўваць з польскімі музыкамі, гэта, безумоўна, ня вельмі шмат. А для нас, можа, і нармальна. І добра... Вельмі... Паглядзім на канцэрце. Калі зьбяром залю, значыць, спадабалася».


Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]