Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ордэн і ордэр. Чаму Юркойць у турме

17.09.2015 общество
Ордэн і ордэр. Чаму Юркойць у турме

Доўга думаў, ці пісаць пра гэта. Казалі – нашкодзіш. Рознае казалі.

Але калі пачуў: «Разьбяруцца, нявіннага не пасадзяць», – адчуў страшнаваты подых 1937 году і вырашыў – пара.

З раньняй вясны Алесь Юркойць сядзіць у турме. Самы беларускамоўны мытнік краіны. Завадатар культурнага жыцьця на Астравеччыне. Сябра соцень, калі ня тысяч людзей, многім зь якіх празь яго адкрылася Беларусь, якія ўбачылі і палюбілі сваю краіну. (Гэта словы, вядома. Але я сустракаў шмат такіх, хто жыве тут, а сходу і сказаць ня можа – дзе. Як яно называецца. Кусок зямлі.)

Трэба сказаць, што ў нашым клімаце Алесевых заслуг дастаткова, каб даць яму або найвышэйшы ордэн Скарыны або ордэр на арышт. Такая ўжо асаблівасьць гэтага постсавецкага клімату, завядзёнка з далёкіх часоў, калі Сталін, нібыта, замяніў ордэр на арышт народнага паэта Янкі Купалы ордэнам Леніна.

Вядома, Юркойць чалавек ведамасны, мытнік. Сытуацыя яшчэ больш закрытая, чым калі б нехта быў проста «з вуліцы». Але калі прыгледзецца, на кожнага чалавека ў Беларусі ўлада глядзіць як на ведамаснага. Гэта значыць, што ў пэўны момант перастаюць дзейнічаць законы і ўступаюць у сілу паняцьці – лаяльнасьць уладзе ці, як у выпадку Алеся, – занадта высоўваўся са сваёй беларушчынай і культурніцкім імпэтам, багоміў родную Астравеччыну – самую лепшую на сьвеце. «А не надо этого». Проста «не надо» і ўсё. Такіх чыноўнікі ня любяць, не прызнаюць у іх «сацыяльна свайго».

«Справа мытнікаў»

Пра крымінальную справу згадваў сам прэзыдэнт. Узялі, нібыта, усю зьмену мытнікаў. Праўда, кажуць, начальніка зьмены выпусьцілі. Астатнія, два дзясяткі чалавек, сядзелі ў Амэрыканцы, цяпер на Валадарцы. Сьледчыя дзеяньні не праводзяцца. Проста сядзяць. Такі ў іх «стыль працы», калі ёсьць «найвышэйшае блаславеньне» і нуль кантролю з боку тых, хто па ідэі мусіць кантроль ажыцьцяўляць.

З гэтым «выпусьцілі» ў нашай «дзяржаве для народа» свой парадокс. Начальнік, якому інкрымінуюць крадзеж на мільён даляраў, сплачвае ў трохразовым памеры, і яго выпускаюць. А вясковы фэльчар, што прыняў ад пацыента шматок сала, сядае за краты на доўгія гады. Здавалася б, лёгіка адна – аддай дзяржаве цэлую сьвіньню і гуляй на волі. Але лёгіка не адна. За шматок – зона, за мільёны $ – воля. (Асабіста мне яшчэ цікава паглядзець на якасьць гэтых людзей – тое, чым мусіў бы азадачыцца суд. Але суд выконвае каманды і нават у твары падсудных не зазірае.)

Сёньня абнародавалі новую лічбу затрыманых ашмянскіх мытнікаў – 40.

Езьдзячы за дваццаць гадоў туды-сюды праз ашмянскія пераходы сотні разоў, я бачыў розных мытнікаў. Бачыў хамаў і самадураў, але, па-першае, даць хабар не прапаноўвалі ніколі, па-другое, асноўная маса мытнікаў заўсёды пакідала станоўчае ўражаньне – карэктныя, адукаваныя, нармальныя людзі. Заўважце, гэта ня столькі пра іх уражаньне, а пра краіну, якую яны прадстаўляюць. Лягічна? Тады калі бяруць усю зьмену мытнікаў, проста ўсіх, і татальна ўсім інкрымінуюць хабарніцтва… Працягніце лёгіку. Выходзіць, хабарніцтва – гэта ўжо ня столькі злачынства, колькі прыкмета іхнай прафэсіі і карпаратыўны прынцып працы іхнага ведамства, а яшчэ далей – такі парадак у краіне, якую яны прадстаўляюць?

Зразумела, гэта ня так, бо як мінімум розныя людзі сярод мытнікаў, і, думаю, большасьць зь іх імідж краіны, прафэсійную і чалавечую этыку, а ўрэшце прысягу ўспрымаюць зусім не як пустыя гукі. Іншая рэч, што аглабельны падыход, вядомы са сталінскіх часоў, гэтых гукаў ня чуе. Па выніку на плыву застаецца начальства тых арыштаваных мытнікаў, якім усім адной аглаблёй паламаныя лёсы, зьнішчаныя кар’еры, закрытыя пэрспэктывы. Начальства ні за што адказнасьці не нясе. А шараговых мытнікаў, як той казаў, «бабы новых нарожают».

Кажуць, Юркойць з калегамі папаў пад каток «спрадвечнай» міжведамаснай барацьбы мытнікаў з гэбэшнікамі. Але што мне да тога, калі ў гэтай барацьбе нічога ня значыць ані лёс чалавека, ані тое, хто там рэальна «браў», а хто ня «браў». Як і для вас нічога ня значыць маё перакананьне, што Алесь ніякім чынам ва ўсім гэтым не заплямлены. Ёсьць такія людзі, да якіх нішто агіднае не прыстае, чыстыя. Але, на жаль, усё гэта ня мае значэньня. Матывы рэпрэсіяў ляжаць у іншай плоскасьці. І для мяне тут найважнейшае, што пад арышт трапіў самы беларускі і самы культурны пасіянарый на Астравеччыне. Цяпер у гэтым пакоі быццам нехта выключыў сьвятло.

Астравеччына – АЭСчына

Астравеччына цяпер ужо ня «край дарагі», як гэта бачылася калісьці Адаму Мальдзісу, яна цяпер – АЭСчына. Значыць, усё тут пад яшчэ большай перастрахоўкай чыноўнікаў. Краязнаўца, які ўсім відзён, які адкрывае памятныя шыльды і помнікі, ладзіць народныя сьвяты і прэзэнтацыі кніг, праводзіць маштабныя скульптурныя пленэры і мноства яшчэ ўсяго, тут не пажаданы, бо павінна быць ціха і гладка, як у Чарнобыльскай зоне. Сам маштаб АЭС і народная памяць пра катастрофу накладаюць такі менавіта «погребальный» настрой. І гэты матыў нашмат важнейшы за разборкі мытнікаў і гэбістаў. Бо ўсё ж маштаб усебеларускай стабільнай цішыні не параўнальны зь ведамаснымі нестыкоўкамі.

Магчыма, і не пасадзілі б Алеся, калі б ня быў мытнікам у форме. Пры ўсёй жывасьці характару ён са сваім вялікім досьведам дачыненьняў з рознымі штатнымі апекунамі, ніколі не нарываўся, кожны плян выношваў у некалькіх варыянтах. Іншымі словамі, насіў поўную торбу «падставаў» па лініі беларушчыны і сваёй культурніцкай актыўнасьці, столькі разоў праходзіў па лязу цемрашальства вялікіх і малых чыноўнікаў, пад такімі лінзамі гэбэшнымі пачынаў і сканчаў свой дзень, што любы недакладны рух на мяжы на працы быў бы зараз скарыстаны, каб закрыць «возмутителя спокойствия». Гэтага чакалі, бо пад любую «паліціку» ім патрэбны крымінал. Але не дачакаліся. Ня даў падставаў. І заваліць змаглі толькі ў масе, без разбору, узяўшы ўсю зьмену.

Вось бы задаць тым, хто браў Юркойця, хто аддаваў загад браць, хто цяпер трымае яго за кратамі хрэстаматыйнае пытаньне са школьнай праграмы – Каго любіш? Што б яны адказалі?

На жаль, панятак дзяржаўнага мысьленьня для многіх, хто сёньня ў Беларусі распараджаецца чужымі лёсамі, не сягае за межы сьветапогляду якога-небудзь начальніка Таганрогскай мытні. Тут уся справа ў маштабе. Дзяржаўнае мысьленьне – гэта калі ў цябе ў галаве ўся твая краіна, яе мінуўшчына і будучыня, мэнталітэт і культура, прырода і людзі.

У гэтым сэнсе Алесь узорна спрацаваў за ўсё сваё ведамства, калі на маю просьбу паспрыяў правозу празь мяжу камня-помніка на магілу Васіля Быкава. Некалі гэтая «апэрацыя» абавязкова ўвойдзе ў аналы беларускай гісторыі. Трохтонны помнік, падарунак мэрыі горада Хельсінкі, мусіў паўстаць на магіле народнага пісьменьніка на гадавіну ягонае сьмерці. А праблем з такім перавозам, самі разумееце, поўны карабец. Нечаканы ступар узьнік на літоўскай мяжы – загадчыца мытні наадрэз адмовілася прапускаць грузавік з Быкаўскім валуном. І праўда ж – хто ёй Быкаў? Але Юркойць здолеў даць рады і гэтай праблеме. У патрэбны час камень стаяў на патрэбным месцы.

Аднак жа ў нашых шыротах кожны ўчынак дзеля Радзімы можа трактавацца ўладамі і як подзьвіг, і як злачынства. І вынікам можа быць ордэн альбо ордэр.

Ордэн ці ордэр

Тыя, хто выйшаў зь цяперашніх зонаў, часта ўражаныя маштабамі «ўсебеларускага сядзеньня». Кажуць, сустракалі там найлепшых людзей краіны – навукоўцаў, прадпрымальнікаў, праграмістаў, дактароў, настаўнікаў, – яўна не спэцыялістаў па «маргалах», але прафэсіяналаў у сваіх галінах жыцьця. Паводле маштабаў беларускую зону параўноўваюць з 1937-м годам. Паводле якасьці сядзельцаў – з акадэміяй, карпарацыяй, школай маралі і высакародзтва. Тых, да каго ласкавыя Бог і Радзіма, часьцяком проста ненавідзіць дзяржава, па сутнасьці – група чыноўнікаў, якія, мякка кажучы, і ўвесь «свой» народ любяць ня вельмі каб.

І ня толькі народ, ня толькі людзей, а бадай усё, што на гэтай зямлі ўдаецца, пасьпяховае, пэрспэктыўнае.

Паказальная гісторыя Маскоўскага аўтавакзалу ў Менску, які быў здадзены ў 1999-м і атрымаў Дзяржаўную прэмію за ўдалае рашэньне, а ўжо ў 2014-м быў зьнесены, бо на ягонае месца паклаў вока маскоўскі Газпром. Ордэн і ордэр.

Калі казаць непасрэдна пра ордэн, гляньце, хто ў нас кавалеры ордэна Скарыны? Надзея Бабкіна, Мікалай Баскаў, Юры Лужкоў… Ёсьць і некалькі беларусаў, у суадносінах да расейцаў 1/2. Сярод Герояў Беларусі, тых, што жывыя, я ведаю толькі трох – Пятра Пракаповіча, Філарэта і Дар’ю Домрачаву.

Да чэмпіёнкі пытаньняў няма, але што зрабілі для маёй краіны астатнія? Што мне пра іх расказаць дзецям, каб ведалі герояў і ганарыліся імі? І ўвогуле, якое дачыненьне яны ўсе маюць да краіны, якая нам проста свая і таму найлепшая – у кожнай яе праяве – прыродзе, гісторыі, мове?

Тыя, што такое дачыненьне маюць, у нашым клімаце заслугоўваюць, як правіла, ня ордэн, а ордэр. Закрытыя выданьні і выдавецтвы, забароненыя канцэрты, зарубленыя праекты, закрытыя школы, выгнаньне ў эміграцыю і, як у выпадку Юркойця, турму.

Бабкіна з Баскавым толькі на першы погляд – зь іншай опэры. Для афіцыйнай РБ яны ў масавай сьвядомасьці займаюць менавіта тое месца, дзе мусяць быць свае, айчынныя героі, якія яшчэ паміж нас ці якія ўжо ў турме.

Ёсьць, вядома, спакуса ўсіх, хто сядзіць за свае патрыятычныя перакананьні і дзейнасьць, назваць палітычнымі. Але крытэр, якім мы вызначаем палітычнасьць (тое, што чалавек рэальна працаваў для краіны), мусіў бы браць пад увагу суд. Аднак судзьдзі прызначаныя тым, хто даў ордэн Скарыны Бабкінай і Баскаву. Таму шанцаў на хоць якую працэсуальную вагу вашай карысьці для Беларусі няма. Лёсы нашых суайчыньнікаў вяршаць калі не чужыя людзі, дык людзі з чужымі лякаламі, для якіх чужое – якраз беларускае.

Літоўцы і іншыя нашы суседзі далі рады савецкім «паняцьцям», назваўшы іх акупацыяй. Чужое, інакш кажучы, назвалі чужым. А сваё сваім засталося. І кожны суд будзе перад чужым бараніць сваё, перад карысьцю іншаземцаў бараніць карысьць сваёй зямлі і сваіх людзей. І, натуральна, ніякіх табе «гэта ж таксама наша гісторыя» пра Суворава ці там жалезнага Фэлікса. Гэта ня наша гісторыя, бо кожным сваім эпізодам яна скіраваная супраць нас.

Мы суткамі гаварылі пра гэта з Алесем Юркойцем – у вандроўках па рэках, у ягонай лазьні, што была клюбам для людзей, улюбёных у Беларусь, на прэзэнтацыях маіх кніг, якія ён арганізоўваў у Астраўцы.

Мы – беларусы, што ў адносінах да свайго краю паводзяцца гэтаксама, як літоўцы ці чэхі ці французы – да сваіх краёў. Толькі там гэта амаль незаўважная норма – як паветра, а ў нас ці то подзьвіг, ці то злачынства. У залежнасьці ад таго, якім бокам павернецца гэты мэдаль – ці то ордэнам ці то ордэрам.

Сяргей Дубавец, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]